Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Румыніі пратэстуюць супраць прарасейскага кандыдата, які выйшаў у другі тур прэзыдэнцкіх выбараў


Пратэсты ў горадзе Тымішаары ў Румыніі
Пратэсты ў горадзе Тымішаары ў Румыніі

Пратэсты супраць прарасейскага кандыдата ў прэзыдэнты Румыніі выходзяць за межы Бухарэста.

26 лістапада пратэсты супраць прарасейскага палітыка Кэлін Джарджэску, які нечакана перамог у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў на выходных, ахапілі іншыя гарады Румыніі, акрамя Бухарэста.

Яны прайшлі ўвечары 26 лістапада таксама ў Тымішаары, Ясах, Брашаве і Сібіў. Большасьць удзельнікаў пратэстаў былі маладымі людзьмі, занепакоенымі радыкальнымі поглядамі Джарджэску і будучыняй сваёй краіны.

«Я прыйшоў сюды, таму што ў гэты момант наша дэмакратыя знаходзіцца ў хісткім становішчы, і я цьвёрда веру, што мы, маладое пакаленьне, можам перадухіліць будучую катастрофу, якая можа адбыцца ў другім туры», — сказаў Румынскай службе Радыё Свабода студэнт з Бухарэста, які пажадаў застацца ананімным.

Іншая ўдзельніца пратэсту прызналася, што яе дэмаралізавала тое, што людзі ня сталі вывучаць інфармацыю пра Джарджэску да выбараў.

«Я не магу прыняць таго, што я ці мае будучыя дзеці... будзем пад кіраўніцтвам фашыстаў», — сказала яна, таксама адмовіўшыся назваць сваё імя.

Яна адзначыла, што румынам неабходна ісьці шляхам дэмакратыі і ў іх усё яшчэ ёсьць шанец на гэта на парлямэнцкіх выбарах, прызначаных на 1 сьнежня, і ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў 8 сьнежня.

«Мы можам вярнуцца на 35 гадоў таму і ўбачыць, праз што прайшлі нашы бацькі і бабкі зь дзядамі з прычыны масавай дэзынфармацыі, якой яны падвяргаліся, калі быў выбраны [румынскі камуністычны дыктатар Мікалай] Чаўшэску», — дадала яна.

«Давайце будзем інфармавацца перад тым, як выбіраць. Мы мусім масава прыйсьці на выбары. У нас, моладзі, ёсьць голас, і мы павінны яго выкарыстоўваць».

Джарджэску чакае другі тур супраць празаходняга кандыдата ад цэнтрыстаў Элены Лясконі 8 сьнежня, пасьля таго як ён набраў 22,94% галасоў у першым туры 24 лістапада ў дзяржаве – сябры ЭЗ і NATO.

Каля тысячы чалавек сабраліся ў Бухарэсьце на другую ноч пратэстаў супраць Джарджэску ва Ўнівэрсытэцкай плошчы румынскай сталіцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG