Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наведнікі «Карчмы Тарас Бульба»: «Хлопцы, мяняйце ўкраінскія дзеруны на беларускія дранікі, яны нашмат смачнейшыя!»


Стрыт-дранік: новы фармат вулічнай ежы
Стрыт-дранік: новы фармат вулічнай ежы

Набліжаецца да завяршэньня Тыдзень беларускай кухні ў Маскве. Першае такога кшталту мерапрыемства ініцыявалі і рэалізавалі нацыянальнае аб’яднаньне «Беларусы Расеі», сетка рэстарана «Карчма Тарас Бульба», валянтэрская ініцыятыва «Беларуская Масква». Вынікам кулінарнага пранікненьня стала замацаваньне шэрагу нацыянальных страў у мэню маскоўскага «общепита».

Шэф-кухар Ксенія Вяцкая
Шэф-кухар Ксенія Вяцкая

Сапраўдным героем масьленічных імпрэзаў стаў адмысловы дранік фармату стрыт-фуд — ня тлусты, ня ломкі, ён надзейна трымае начынку і зьмяшчаецца ў канвэрт. У выніку сьмелых экспэрымэнтаў кухарам удалося стварыць сытны і зручны перакус — порцыю з двух дранікаў са сьмятанай паміж імі. Прэзэнтавалі прадукт на «Дні драніка» 12 сакавіка, а цягам наступнага тыдня ён быў у мэню ўсіх 17 рэстаранаў сеткі «Карчма Тарас Бульба».

Ці можна казаць, што гэта якраз той выпадак, калі першы блін — не сабаку? Сваімі ўражаньнямі дзеліцца аўтарка кулінарнага праекту «Маміна ежа», шэф-кухар тыдня беларускай кухні Ксенія Вяцкая:

«Наогул трэба казаць, што дранік уяўляе блін толькі паводле формы, а ня складу. Таму народ пацягнуўся ўжо таму, што дранік адпавядае ўсім модным тэндэнцыям на безглютэнавы прадукт. Блін без мукі — крута само па сабе. Што да агульных уражаньняў, то досьвед, без перабольшаньня, выдатны. Учора я была на галоўным сходзе ўсёй сеткі „Карчмы Тарас Бульба“, і гаспадары сказалі, што зарабілі неблагія грошы — 58 тысяч расейскіх рублёў. І гэта толькі за 12 сакавіка, як праводзіўся „Дзень драніка“. Калі падзяліць на кошт адной порцыі — 80 рублёў — атрымаецца больш за 700 едакоў. Падкрэсьліваю — за пару гадзін вулічнага сьвята. Так, крыху перашкодзіла надвор’е, бо было холадна і ішоў дождж. Але людзям спадабалася, усе захопленыя нашай краінай: старэйшыя згадвалі пра савецкія часы, маладзейшым было весела слухаць нашы песьні. Ніякага нэгатыву ў бок Беларусі».

Дэгустацыя, падмацаваная танцамі
Дэгустацыя, падмацаваная танцамі

Адна з найбольш папулярных сетак грамадзкага харчаваньня ў Маскве — «Карчма Тарас Бульба» — на тыдзень прытуліла беларусаў. За згоду на экспэрымэнт беларускі бок найперш удзячны заснавальніку рэстарацыі, украінскаму бізнэсоўцу, фотамастаку, скульптару і падарожніку Юрыю Белайвану. Зрэшты, як мяркуе Ксенія Вяцкая, супрацоўніцтва аказалася ўзаемавыгадным — некалькі страў зь яе рэцэптуры папоўняць сталае мэню:

Сямейная дэгустацыя
Сямейная дэгустацыя

«Калі не абмяжоўвацца толькі вулічным сьвятам, а ўзяць увесь беларускі тыдзень у Маскве, акурат на агульным сходзе па ўсіх рэстаранах карчмы я даведалася, што некаторыя стравы з распрацаванага мной мэню пакінуць у сталым мэню. Скажам, суп „жур“ пабіў усе рэкорды прадавальнасьці, усе ад яго ў захапленьні. Таму ўводзяць на пастаянку — як і паштэт, габрэйскі фаршмак, аўсяны кісель. Галоўны шэф-кухар усіх 17 рэстаранаў (у яе таксама рэстаран у Нью-Ёрку) сказала, што ў сваё мэню шэф-кухара возьме рэцэпт майго паштэта з курынай печані — дакладней, свой заменіць на мой. Дарэчы, таксама ўсе балдзеюць ад заціркі. А ўвогуле наведнікі карчмы ледзь не ў адзін голас кажуць: „Хлопцы, мяняйце ўкраінскія дзеруны на беларускія дранікі, яны нашмат смачнейшыя“. Таму гэта таксама лякальная перамога: мы навучылі Маскву смажыць дранік так, як трэба — без мукі, бязь яек. Толькі чысты прадукт, чыстая бульба».

Разьбіваючы стэрэатыпы
Разьбіваючы стэрэатыпы

Пры гэтым Ксенія Вяцкая са зьдзіўленьнем канстатуе: калі маскоўскія спажыўцы да нацыянальнага прадукту суседзяў выявілі надзвычайны інтарэс, то асобныя беларусы свайго «сваяцтва» з дранікам папросту саромеюцца:

Куток кулінарнага «лікбезу»
Куток кулінарнага «лікбезу»

«Шчыра кажучы, была зьдзіўлена адным момантам. Пакуль мы рыхтавалі гэтую акцыю, аказалася, што некаторыя беларусы досыць нэрвова ўспрымаюць асацыяцыю сябе з... дранікам. На дзіва, некаторым гэта не падабаецца, нават абураюцца — маўляў, што вы носіцеся з гэтым дранікам, як быццам у нас няма іншай ежы. Мякка кажучы, незразумела.

Зручна і дарослым, і дзецям
Зручна і дарослым, і дзецям

Мяркую, італьянцы ня крыўдзяцца, што іх асацыююць зь піцай, а туркі — што з шаўрмой. Я ўжо не кажу пра ўкраінцаў з баршчом. Гэта іх нацыянальныя брэнды, і нічога ганебнага няма ў тым, калі і дранік стане нашым нацыянальным кулінарным сымбалем.

Хопіць ужо лямантаваць з гэтай нагоды, трэба проста нешта рабіць. Хочацца хутчэй вярнуцца ў Беларусь і рабіць нешта падобнае. Або прывезьці да нас карчму з днямі ўкраінскай кухні. І калі ёсьць ідэі — давайце рэалізоўваць іх разам».

Адна з арганізатарак вулічнага сьвята з удзелам беларускага драніка — кіраўніца праекту «Масьленіца. Беларускі тыдзень у Маскве» Кацярына Кібальчыч. Асаблівую ўдзячнасьць за падрыхтоўку і абслугоўваньне рознаплянавых мерапрыемстваў яна выказвае інтэрнацыянальнай камандзе валянтэраў, якія, жартуе Кацярына, у літаральным сэнсе працавалі за ежу — знакавы прадукт з добра знаёмым бульбяным смакам.

Кірыл Ільніцкі (зьлева) і Кацярына Кібальчыч — арганізатары тыдня беларускай кухні
Кірыл Ільніцкі (зьлева) і Кацярына Кібальчыч — арганізатары тыдня беларускай кухні

Беларускаму тыдню адпавядаў антураж. Маскоўскія дзеці з тэатру «Улей» пры дапамозе беларускіх настаўніц Каці і Дарыны развучылі нацыянальныя песьні. Маскоўскі студэнт Стась Глушко пад кіраўніцтвам беларускі Інгі Гарановіч выканаў выбранае з «Народнага альбому».

Ноў-хаў па-беларуску: маляваньне бульбай
Ноў-хаў па-беларуску: маляваньне бульбай

Студэнткі Вышэйшай школы эканомікі вучылі ствараць карціны бульбянымі адбіткамі — самі мастачкі пры гэтым у Беларусі ніколі нават не былі. У сваю чаргу, беларускія студэнткі Дыяна Рашчынская і Вераніка Баглай аформілі выставу «Бульба» — з рознымі гатункамі бульбы, набытымі на менскім Камароўскім рынку. Мэта — прадэманстраваць, як беларускія гаспадыні не губляюцца ў багацьці выбару і знаходзяць «сыравіну» для любімых страў. Вераніка да таго ж зрабіла дызайн інфармацыйнага стэнду ў пытаньнях і адказах: «Беларусь или Белоруссия?».

Віктар Шалкевіч, Аляксандар Квіткевіч, Алесь Падзько, Сяргей Мачнеў
Віктар Шалкевіч, Аляксандар Квіткевіч, Алесь Падзько, Сяргей Мачнеў

Магутны энэргетычны зарад пусьціў на публіку папулярны бард і шоўмэн Віктар Шалкевіч, а хлопцы з Prastora.by Аляксандар Квіткевіч, Алесь Падзько і Ксенія Юсава ўпрыгожылі сьвята сувэнірамі і драўляным Несьцеркам, зь якім сотні людзей зрабілі сэлфі.

Бульба як аснова харчовага дабрабыту беларусаў
Бульба як аснова харчовага дабрабыту беларусаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG