Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кулінарная экспансія: стрыт-дранік ідзе на Маскву


Маскоўскія беларусы ўпершыню арганізуюць у расейскай сталіцы тыдзень беларускай кухні. У рамках сьвяткаваньня масьленіцы заплянаваны шэраг кулінарных і культурніцкіх імпрэзаў.

Як расказала прэс-каардынатар праекту «Беларуская масьленіца» Вікторыя Пятрова, 11 сакавіка ў рэстарацыі «Карчма Тарас Бульба» на вуліцы Мясьніцкай пройдзе закрытая вечарына для прэсы і вядомых беларусаў Масквы з дэгустацыяй мэню. Пры дапамозе мясцовых кухараў майстар-кляс для ахвотных правядзе адмыслова запрошаная зь Менску аўтарка кулінарнага праекту «Маміна ежа» Ксенія Вяцкая.

Гасьцям прадставяць лепшыя стравы нацыянальнай кухні. Выступяць беларускія фолк-музыкі, спэцыяльным госьцем — бард і шоўмэн Віктар Шалкевіч. На наступны дзень ён таксама засьпявае з імправізаванай сцэны на вуліцы. Апроч таго, абяцаў наведаць закрытую прэзэнтацыю сьпявак Ivan (Аляксандар Іваноў), які сёлета будзе прадстаўляць Беларусь на «Эўрабачаньні» — акурат у гэтыя дні ён у Маскве на рэпэтыцыі.

Валянтэр Уладзь Лаўрычэнка рыхтуе экспазыцыю Адама Глобуса
Валянтэр Уладзь Лаўрычэнка рыхтуе экспазыцыю Адама Глобуса

Таксама падчас вечарыны адбудзецца адкрыцьцё выставы мастака і літаратара Адама Глобуса — 37 акрылавых пэйзажаў Менску і Вільні пад агульнай назвай «Беларускія сталіцы». Куратар экспазыцыі — Уладзь Лаўрычэнка, які працаваў у розных маскоўскіх музэях і мае досьвед арганізацыі такіх мерапрыемстваў.

Дранік у фармаце фаст-фуду
Дранік у фармаце фаст-фуду

12 сакавіка фэст беларускай кухні пачне набіраць абароты. Арганізатары запрашаюць наведаць вулічнае сьвята «Дзень драніка» на плошчы перад станцыяй мэтро «Новакузьнецкая», каб правесьці масьленіцу ў беларускім стылі. Там каманда Ксеніі Вяцкай будзе гатаваць дранікі проста пад адкрытым небам. Дзеля такой нагоды кухары распрацавалі адмысловую рэцэптуру «вулічнага драніка». Адна з мэтаў — паказаць, што беларускі дранік можа быць пасьпяховым фарматам «стрыт-фуду».

Арганізатарка тыдня беларускай кухні Кацярына Кібальчыч
Арганізатарка тыдня беларускай кухні Кацярына Кібальчыч

Пра беларускую кулінарную экспансію на Маскву падрабязьней апавядае кіраўніца праекту «Масьленіца. Беларускі тыдзень у Маскве» Кацярына Кібальчыч:

«Гэта калектыўная ідэя маскоўскіх беларусаў. У прынцыпе, мы заўсёды меркавалі, што ў Маскве, на жаль, дагэтуль масава не прадстаўлена беларуская кухня. Ёсьць пара рэстаранаў з асобнымі найменьнямі страў, але толькі адзін прэтэндуе на званьне больш-менш прыстойнага. Таму зьявілася ідэя альбо наладзіць сьвята таго ж драніка, альбо прапанаваць якой-небудзь установе ўвесьці ў мэню беларускую кухню. Так атрымалася, што спачатку я размаўляла з адной — расейскай, маскоўскай сеткай, якая зацікавілася прапановай, а потым пазнаёмілася з гаспадаром карчмы, і вельмі хутка прыйшлі да паразуменьня. Шчыра кажучы, хто ў Маскве ўмее найлепш гатаваць? Украінцы і грузіны. Вось з украінцамі і працуем. Яны рэальна вельмі добра робяць сваё мэню, таму перакананая, што і зь беларускім управяцца гэтак жа пасьпяхова».

Кацярына разьлічвае, што новае слова ў прапагандзе беларускай кухні ўдасца сказаць маладой майстрыні Ксеніі Вяцкай.

Шэф-кухар беларускага тыдня Ксенія Вяцкая
Шэф-кухар беларускага тыдня Ксенія Вяцкая

«У яе ёсьць свой беларускамоўны праект „Маміна ежа“, таксама яна працуе як фуд-коўч — своеасаблівым трэнэрам па стравах беларускай, габрэйскай, вэгетарыянскай кухні, шмат экспэрымэнтуе. Мы сьвядома выбралі і запрасілі такога маладога кухара — можа, ня вельмі дасьведчанага, але маладога, прагрэсіўнага. Яна прыяжджала ў лютым, яны трэніраваліся — штосьці атрымалася адразу, штосьці далёка ня зь першай спробы. Але факт, што рэпэтыцыі мэню былі пастаўленыя на сур’ёзную аснову. Трэба адзначыць, што да справы далучылася шмат маскоўскіх беларусаў, я таксама адна з валянтэрак, якія працуюць бясплатна, нічога з гэтага ніхто не атрымае. Як самі жартуем — працуем за ежу, амаль што літаральна».

Маскоўскія дзеці вучаць беларускія песьні
Маскоўскія дзеці вучаць беларускія песьні

Паводле суразмоўніцы, кулінарны маратон будзе суправаджацца разнастайнай культурніцкай праграмай. Прычым па-беларуску затанцуюць і засьпяваюць ня толькі самі беларусы, але і мабілізаваныя пад гэтую справу расейцы:

«Напрыклад, музычная кіраўніца Інга навучыла аднаго са сваіх студэнтаў, расейскага хлопца, сьпяваць па-беларуску. І вось ён будзе выконваць на плошчы песьні з „Народнага альбома“. Іншыя дзяўчаты працуюць пэдагогамі ў дзіцячым тэатры „Улей“, і дзякуючы іх намаганьням звычайныя маскоўскія дзеткі будуць танцаваць народныя беларускія танцы, вучыць наведнікаў сьвята асноўным танцавальным рухам. Таксама вывучылі некалькі песень па-беларуску — вельмі сьмешна вымаўляюць словы зь мяккім „ч“, але стараюцца. Як я ўжо казала, шмат валянтэраў, якія будуць усяляк завабліваць публіку. Напрыклад, будуць прадавацца беларускія напоі, і кожны пакупнік атрымае шклянку са сваімі імем, падпісаную па-беларуску. Гэта таксама асьветніцкае мерапрыемства, бо шмат будзем расказваць пра гісторыю краіны, яе традыцыі».

Працэс развучваньня беларускіх песень:

Тыдзень беларускай кухні ў Маскве: маскоўскія дзеці сьпяваюць беларускія песьні
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:15 0:00

Галоўнай стравай тыдня беларускай кухні ў Маскве мае стаць дранік. Як удакладняе Кацярына Кібальчыч, яго будуць падаваць на розных пляцоўках і ў розных інтэрпрэтацыях:

«Гэта ў Беларусі дранік не патрабуе рэклямы, а ў Маскве людзі, шчыра кажучы, ня вельмі іх любяць. І зразумела чаму — іх тут проста ня ўмеюць гатаваць. Таму мы хочам паказаць, што дранік насамрэч — гэта вельмі смачна. Цяпер застаецца пачакаць, каб прыйшлі людзі, бо завабіць наведнікаў досыць цяжка, канкурэнцыя неймаверная. Я падлічыла: менавіта тады, калі мы будзем рабіць „Дзень драніка“, паралельна пачне працаваць 47 пляцовак, на якіх будуць прапаноўваць масьленічныя стравы — найперш бліны, зразумела. Выдам невялікі сакрэт: мы будзем рабіць, скажам так, хіпстэрскі, эўрапейскі „Дзень драніка“, у больш сучасным варыянце, безь непатрэбнага лубачнага калярыту. Напрыклад, мы папрасілі джазавы аркестар развучыць нашы народныя песьні. І гэта ўжо будзе гучаць зусім інакш, чым выконвалася б, скажам, на цымбалах».

Афіша тыдня беларускай кухні
Афіша тыдня беларускай кухні

На адзін тыдзень (да 18 сакавіка) усе 17 маскоўскіх установаў сеткі «Карчма Тарас Бульба» пяройдуць на беларускае мэню. Кулінарна-тэматычны лёзунг — «Бульба ў Маскве. Беларускі тыдзень у рэстаранным фармаце». Заяўленая мэта — паказаць багацьце і адметнасьці ў славянскай кухні. Прэзэнтаваць правільную беларускую кухню, якая аб’ектыўна слаба прадстаўленая ў расейскім «общепите».

Цікаўлюся ў Кацярыны Кібальчыч: якое стаўленьне ў жыхароў Масквы да ўсяго, што нагадвае Ўкраіну? Ці не абвешчаны негалосны байкот украінскім кавярням ды рэстарацыям на тле вайны ў Данбасе і далучэньня Крыму і г.д.? Ці не насьцярожвае абарыгенаў выбар беларусамі менавіта ўкраінскай пляцоўкі?

«Ведаеце што: насамрэч, як я ўжо казала, уся Масква харчуецца ва ўкраінскіх ці грузінскіх рэстаранах. Таму ўжо на побытавым узроўні можна зрабіць выснову, якое стаўленьне да Ўкраіны ці Грузіі. Крыху ўтрырую, але ці не на кожнай вуліцы два грузінскія рэстараны, адзін украінскі. Іх шмат, і яны вельмі папулярныя — увечары ці ў выходны дзень там практычна няма вольных месцаў. А „Карчма Тарас Бульба“, зь якой мы якраз і супрацоўнічаем, — гэта ўвогуле адна з найбуйнейшых рэстаранных сетак Масквы».

Карэспандэнт: «Ці можа кулінарны тыдзень у пэрспэктыве выліцца ў нейкі больш важкі, стацыянарны праект? Напрыклад, у паўнавартасны рэстаран беларускай кухні?».

Стрыт-дранік
Стрыт-дранік

«Канечне, добра было б, каб гэтым зацікавіўся і расейскі бізнэс. Ня толькі беларусы, якія сюды прыяжджаюць і спрабуюць адчыніць кавярню дзесьці на ўскрайку гораду. У прынцыпе, гэта рэальна. Беларускія прадукты ў Расеі вельмі папулярныя: малако, сьмятану, сыр ня трэба асабліва рэклямаваць. Прынамсі, у грамадзтве ўспрымаецца так, што калі беларускае, то якаснае і таннае. Чаму б на гэтай хвалі не арганізаваць сетку беларускіх рэстаранаў? Для пачатку паглядзім, як пройдзе наша мерапрыемства, як шмат яно зацікавіць людзей. З нашага боку мы робім усё, каб кухня была добрая, каб яна адпавядала хоць бы таму, што мы маем у Беларусі. Каб людзі, якія ўпершыню прыйдуць паспытаць беларускай ежы, не расчараваліся. Увогуле, як з майго гледзішча, добра было б зрабіць адмысловую „дранічную“. Гэта, дарэчы, тычыцца і Беларусі. Нават у першую чаргу».

Як кажа Кацярына, новы фармат драніка будзе апрабаваны якраз у Маскве 12 сакавіка. Суразмоўніца не выключае, што пры ўдалым дэбюце можна будзе сьмялей зазіраць у будучыню:

Беларускае мэню ў «Карчме Тарас Бульба»

«Мы робім стрыт-дранік. Гэта вулічны фармат драніка: блін, які можна ўзяць адной рукой, а другой трымаць напой ці нейкія дадаткі. І ў кухараў была якраз задача распрацаваць такі дранік, які зьмяшчаецца ў канвэрт, які ня надта тлусты, каб не цякла сьмятана, каб ён не ламаўся. І каб пры гэтым застаўся дранікам — то бок быў смачны. Гэта ня так лёгка, як здаецца.

Беларуская кулінарная прысутнасьць
Беларуская кулінарная прысутнасьць

Вось такі стрыт-дранік мы ўпершыню паспытаем на вуліцы 12 сакавіка. І калі такі варыянт пройдзе, было б добра ўвогуле распаўсюдзіць дранік як брэнд, як элемэнт стрыт-фуду. Каб ня толькі турэцкія кебабы ды шаўрмы, а каб зьявіліся дранічныя — з простай і смачнай ежай».

Лікбез па пераўвасабленьні бульбы бярэ на сябе кухарка Ксенія Вяцкая. У прыватнасьці, раскажа ўсім ахвотным: чаму менавіта бульба настолькі важная для беларусаў? Які гатунак лепш варыць, а які смажыць? Нарэшце, як вызначыць тып бульбы на вока? Ксенія прадставіць уласны топ-5 беларускіх страў з бульбай, якія нязьменна прыходзяцца даспадобы замежнікам.

Арганізатары імпрэзаў у рамках тыдня беларускай кухні ў Маскве: нацыянальнае аб’яднаньне «Беларусы Расеі», сетка рэстаранаў «Карчма Тарас Бульба», валянтэрская ініцыятыва «Беларуская Масква».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG