Тры пытаньні да трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Ян Максімюк і Сяргей Навумчык
Максімюк: Дональд Трамп мог бы стаць прэзыдэнтам Беларусі, калі б у яго было беларускае грамадзянства. Але рэч ня ў тым, а ў ягонай палітычнай праграме і рыторыцы. Коратка прадстаўлю гэтую постаць.
Дональд Трамп нарадзіўся ў 1946-м годзе — 70 гадоў яму споўніцца сёлета. Ягонае багацьце ацэньваецца на 7 мільярдаў, ягоныя кампаніі працуюць у сфэры будаўніцтва. Партыйная прыналежнасьць мянялася: быў дэмакратам, належаў да Партыі рэформаў, незалежным, некалькі гадоў рэспубліканец. Плаціў грошы як рэспубліканцам, так і дэмакратам.
Падтрымліваў у свой час і Гілары Клінтан — кажучы публічна, што яна была б ідэальным прэзыдэнтам для Амэрыкі. Цяпер пра яе кажа зусім іначай. Вельмі калярытны палітык, калі ён яшчэ ня быў палітыкам, быў вядомы ў скандалах: тры разы жаніўся, разводзіўся, быў тэмай нумар адзін амэрыканскіх таблоідаў. Зараз Трамп здабыў вядомасьць сваімі выказваньнямі. Перш за ўсё супраць імігрантаў. Летась Трамп сказаў, што мэксыканскія імігранты пагражаюць эканоміцы ЗША, а да таго прывозяць наркотыкі ў ЗША і пабольшваюць злачыннасьць у краіне.
На хвалі тэрарыстычных атакаў з боку радыкальных ісламістаў Трамп выступіў з прапановай часова забараніць уезд у ЗША мусульманам, пакуль ўлады краіны, цытую, «не разьбяруцца, што адбываецца». Наагул пра імігрантаў Трамп кажа: ЗША сталіся сьметніцай праблемаў іншых нацый. Трамп — не прафэсійны палітык, а чалавек звонку. Ён атакуе палітычны істэблішмэнт у ЗША, і гэта падабаецца людзям зь нізкімі даходамі і нізкай адукацыяй, якія найболей адчуваюць эканамічныя праблемы краіны. Да таго яшчэ — у Трампа калярытная мова, далёкая ад палітычнай карэктнасьці. Пра выбарчую кампанію 2008-га году, у якой намінацыю дэмакратаў атрымаў Барак Абама, а ня Гілары Клінтан, Трамп выказаўся, цытую: «Абама ператрахаў Гілары». Ці вам такая палітычная рыторыка нечага не нагадвае, калегі? Яшчэ адно падабенства палітычных паводзін Трампа да актуальнага кіраўніка Беларусі: Трамп наўпрост ніколі не адказвае на пастаўленае яму пытаньне, а кажа тое, што сам хоча. Гэта таксама нам вядома. Калі ў мінулым годзе на яго глядзелі як на выпадковага палітычнага выскачку і маргінала, то цяпер усе заклапочаныя тым, што ён можа атрымаць намінацыю ад рэспубліканскай партыі і нават шанец пазмагацца з дэмакратычным кандыдатам, якім будзе Гілары Клінтан. Як бы беларускія выбаршчыкі рэагавалі на такія выказваньні і такую палітычную плятформу?
Навумчык: Адказ на гэтае пытаньне ўжо ёсьць. Ён быў дадзены 22 гады таму назад на першых і адзіных сапраўдных выбарах у Беларусі ў 1994-м годзе, калі таксама чалавек без абсалютна, як здавалася, выразных партыйных пазыцый, які цалкам адрынаў якуюсьці палітычную эліту і структураванасьць, які сам заявіў «Я ня з правымі, я ня зь левымі, я з народам», які сам казаў цалкам супярэчлівыя рэчы, у якога была каша ў галаве (у мяне часам узьнікала адчуваньне шызафрэнічнасьці ад асабістых зь ім размоў) — калі такі чалавек якраз найбольш спадабаўся нашаму электарату і атрымаў перамогу на выбарах. Баюся, што беларускае грамадзтва за 22 гады ў асноўнае масе не нашмат набралася розуму, таму людзі з авантурным складам характару ўсё яшчэ маюць шанцы.
Глод: Я думаю, што пра Дональда Трампа звычайны беларускі выбаршчыык сказаў бы: «Гэта — наш чалавек. За яго можна галасаваць». Мне падаецца, што ў Трампа і Лукашэнкі шмат агульнага. Абодва — заядлыя папулісты. Найперш абодва надзвычай добра адчуваюць аўдыторыю — яны інтуітыўна чуюць, што ад іх хочуць пачуць людзі і якімі іх хочуць гэтыя выбарцы бачыць. Таму абодва лепяць адзіны вобраз душы-хлопца, сапраўднага мужчыны: гэткія простыя, нават прамалінейныя, якія заўжды кажуць бяз хітрыкаў, рубяць праўду-матку і робяць усё, кіруючыся выключна прагматычнымі інтарэсамі.
Абодва супрацьпастаўляюць сябе мэйнстрыму, абодва — упэўненыя ў сабе людзі, абодва ня лічаць патрэбным абцяжарваць сябе паліткарэктнасьцю.
Трамп пазыцыянуе сябе як вораг істэблішмэнту, у які ён ніколі не ўваходзіў. Лукашэнка, калі ён ішоў у прэзыдэнты, таксама усюды крычаў, што ён ня быў ні ў ЦК, ні ў абкоме КПБ. Хоць пяць год знаходжаньня ў Вярхоўным Савеце нікуды не дзенеш і не схаваеш. І калі б не парлямэнт, то Лукашэнка ніколі ня стаў бы кіраўніком дзяржавы.