Глод: У Менску знаходзіцца дэлегацыя Эўрапейскага зьвязу на чале з намесьнікам Генэральнага дырэктара Эўрапейскай камісіі па пытаньнях суседзтва і перамоў аб пашырэньні Катарынай Матэрнавай. Адно з галоўных пытаньняў, якое абмяркоўваюць эўрапейскія і беларускія чыноўнікі (а дэлегацыю з Брусэлю прымаў міністар замежных спраў Уладзімер Макей), — спрашчэньне візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.
Гэта вельмі актуальная праблема. Дакладнай лічбы, колькі беларусаў штогод выяжджае за мяжу, не існуе. Магчыма, яе ведаюць толькі спэцслужбы. Для ўсіх астатніх ёсьць такое паняцьце як чалавека-выезд, то бок колькі разоў усе беларусы перасякалі дзяржаўную мяжу. Недакладнасьць гэтай статыстыкі ў тым, што яна ня ўлічвае канкрэтных асобаў, то бок адзін і той жа чалавек, які, напрыклад, выяжджаў за мяжу 20 разоў праходзіць як 20 чалавека-выездаў. Але нават, калі адкінуць гэту
рэальнасьць, то ўсё роўна больш за мільён чалавека-выездаў паказваюць, што гэта тычыцца многіх грамадзянаў Беларусі. Адна толькі амбасада Польшчы летась выдала беларусам каля 400 тысяч візаў. Што дасьць спрашчэньне візавага рэжыму звычайнаму беларусу? Сёньня ён мусіць плаціць за шэнгенскую візу 60 эўра. І гэта выглядае несправядлівым, паколькі тыя ж расейцы плацяць 35 эўра, хоць у іх грошай болей. Калі Беларусь і Эўразьвяз знойдуць паразуменьне, то і для беларусаў кошт візы зьменшыцца да 35 эўра. І другая важная палёгка — заахвочваньне законапаслухмяных паводзінаў. Гэта азначае, што калі чалавек атрымаў аднаразовую шэнгенскую візу і скарыстаў яе згодна зь візавай мэтай, не парушаючы законаў краіны, якую наведваў, то наступным разам ён мог бы атрымаць ужо візу шматразовую і на большы тэрмін.
Пагадненьне таксама зьмяшчае вычарпальны сьпіс дакумэнтаў, якія грамадзяне Беларусі павінны накіроўваць у амбасаду, каб атрымаць візу. Пакуль жа даволі часта яны мусяць зьвяртацца ў амбасаду па некалькі разоў, несьці нейкія дадатковыя даведкі зь месца працы, банкаў і г.д.
Гэтая гісторыя ня новая. Перамовы паміж Брусэлем і Менскам пра спрашчэньне візавага рэжыму ўзнавіліся ў чэрвені 2014 году. Першапачаткова бакі заяўлялі, што гатовыя падпісаць неабходныя дакумэнты 22 траўня 2015 году на саміце «Усходняга партнэрства» у Рызе. Аднак гэтага не атрымалася. Чаму? Дагэтуль няўзгодненым заставалася толькі адно пытаньне — з дыпляматычнымі пашпартамі. Сутнасьць праблемы ў тым, што беларускі бок выдае пэўным сваім грамадзянам (у МЗС мне сказалі, што гэта прыкладна 500 чалавек) дыпляматычныя пашпарты. І афіцыйны Менск настойвае на тым, каб уладальнікі такіх пашпартоў маглі езьдзіць за мяжу бязь візаў. Але на гэта не пагаджаецца Эўрапейскі Зьвяз, бо такога пункту не было ў пагадненьнях Брусэлю зь іншымі краінамі, якія праходзілі працэдуру паслабленьня візавага рэжыму. Вось у гэтым асноўная супярэчнасьць. Але чаму Менску так настойваў на асобным статусе асобаў з дыппашпартамі? Калі б Брусэль саступіў у гэтым пытаньні, то атрымалася б так, што асобы, якія былі ў чорным сьпісе і ня мелі права ўехаць у краіны Эўразьвязу, а іх было 175 чалавек, уключаючы Лукашэнку, маглі б, нягледзячы на забарону, паехаць з дыппашпартам у Эўропу. Цяпер, калі гэты сьпіс скарацілі да чатырох чалавек, мне падаецца, Менску няма патрэбы асабліва настойваць на гэтым выключэньні з правілаў.
А цяпер у мяне, калегі, да вас два пытаньні. Першае — да Сяргея Навумчыка: як хутка цяпер могуць дамовіцца Менск і Брусэль? І другое — да Яна Максімюка: гадоў 5-6 таму беларуская апазыцыя спрабавала ўгаварыць Брусэль, каб ён у аднабаковым парадку зьменшыў кошты візаў для беларусаў альбо наагул зрабіў іх бясплатнымі. Чаму тады ў Эўразьвязе не пайшлі насустрач?
Навумчык: Выглядае, што тут павінна быць працэдура ратыфікацыі шэрагу пагадненьняў «палатай прадстаўнікоў», якая выконвае ролю парлямэнту. Прызнаваць яе легітымнай ці не прызнаваць — справа іншая, але па факце яна прымае законы, у іх канікулы да пачатку красавіка, таму больш як месяц не адбудзецца гэтая ратыфікацыя.
Максімюк: Рэч у тым, што спрашчэньне візавага рэжыму — гэта справа, якая вырашаецца на ўзроўні дзяржаў. З аднаго боку Брусэль, з другога — афіцыйны Менск, і ня мае значэньня, ці гэта легітымная ўлада ці не. Я ня помню, каб Эўразьвяз зрабіў такія акцыі, у аднабаковым парадку спрашчаючы камусьці візавы рух ці нават зьмяншаючы кошты візаў. Па-першае, мы мусім разумець, што 5-6 гадоў таму была іншая сытуацыя ў Эўропе. Тады Эўразьвяз мацаваў сваю вонкавую мяжу, а яна
прабягае паміж Польшчай і Беларусьсю, і Украінай і так далей. Для яе цэнтральным клопатам было пазьбегнуць наплыву імігрантаў з усходняга боку. Я не кажу, што зь Беларусі, бо беларусы не такія людзі, якія паехалі б масава жыць у Польшчу, у Нямеччыну ці куды-небудзь, але я гавару пра чачэнцаў, людзей з Цэнтральнай Азіі. Спрашчэньня рэжыму з Беларусьсю лічылася б таму немэтазгодным. Што цяпер зьмянілася? Палітычная сытуацыя. Няўстойлівасьць ва Ўкраіне, пагаршэньне стасункаў Расеі з Захадам. І таму Беларусь пад Лукашэнкам у вачах эўрапейскіх дыпляматаў ператварылася зь месца, якое патрабуе дэмакратыі і правоў чалавека ў месца, якое павінна застацца стабільным. Працытую меркаваньне палітоляга Браяна Кляса з Лёнданскай школы эканомікі, які напісаў чаму Брусэль здымае з Лукашэнкі і ягоных памочнікаў санкцыі.
«У Вашынгтоне, Лёндане і Брусэлі сёньня верх узяла мудрасьць, што лепш жыць з дыктатарскім чортам, увасобленым у Лукашэнку, чым атрымаць яшчэ адзін крызыс з дэмакратычным чортам, якога яны ня ведаюць». Браян Кляс завяршае сваю думку так: «У якасьці дастатковага бонусу яны спадзяюцца атрымаць перамогу на сусьветнай шахматнай дошцы, адцягнуўшы Беларусь ад Пуціна». Вось якіх бонусаў чакаюць Менск і Брусэль у гэтых перамовах.