Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю распачаў 13 крымінальных спраў у дачыненьні да службовых асобаў прадпрыемстваў ЖКГ.
Крымінальныя справы ўзбуджаныя ў кожнай з абласьцей і ў Менску па артыкуле «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў».
Пра гэта паведаміў журналістам намесьнік начальніка аддзелу ДФР КДК Беларусі Юры Кардымон, паведамляе БелТА.
Дзеяньнямі гэтых чыноўнікаў нанесена істотная шкода дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам у жыльлёва-камунальнай сфэры. Сярод іншага нанесены ўрон грамадзянам Беларусі ў асабліва буйным памеры.
Службовыя асобы сфармавалі неабгрунтавана завышаныя тарыфы на паслугі ЖКГ. А таксама завысілі выдаткі на аказаньне паслугаў. КДК разам з генпракуратурай працягне праверкі.
Падчас нарады 22 лютага Аляксандар Лукашэнка абурыўся тарыфамі на жыльлёва-камунальныя паслугі і запатрабаваў:
«Надзеньце кайданкі тым, хто не выканаў даведзеныя па майму загаду тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-іншы чалавек. Усё стане на свае месцы. Тут павінен быць сьпіс, хто гэтую „балду“ прыдумаў. Хопіць зь імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плянуем, а яны робяць усё па-свойму».