У сьвежай тырадзе Лукашэнкі няма нічога ні новага, ні нечаканага. Больш за тое, калі б замест «надзеньце кайданкі» ён сказаў «расстраляйце», а замест «дзясятак-другі чалавек» – дзясятак-другі тысяч – тырада ўспрымалася б гэтаксама: згодныя вітаюць, нязгодныя абураюцца. Пэўную навізну прыўнёс бы загад «публічна расстраляйце» замест «публічна пасадзіце». Але сутнасьць і ў гэтым выпадку засталася б ранейшай.
Перад загадам публічна пасадзіць дзясятак-другі невядома каго сьціраюцца адрозьненьні паміж просьбітам і чыноўнікам, просьбітам і самадурам, просьбітам і калектыўным ананічам. Бо названы аб’ект – абстрактны. Гаворка ідзе пра атаку на чалавека. І нават сам матыў – недзе новыя тарыфы ЖКГ напісалі «аб балды» – тут робіцца неістотным. Проста атакуйце дзясятак-другі, выстаўце іх публічна злачынцамі, і імёны не называйце. Проста карайце людзей.
Але і гэтая гісторыя зусім ня новая ў дзейнасьці кіраўніка. Мноства іх было – такіх, як арышт усёй зьмены Ашмянскай мытні. Сорак чалавек ужо год сядзяць у турме. Хоць забіце, ня веру, што ўся зьмена – хабарнікі. Але імёнаў публічна не называюць. Проста караюць людзей. А гэта значыць, што так можна кожнага.
Маю ўвагу прыцягнулі ня словы прэзыдэнта і ня іх зьмест, а тое, на чыё сэрца такія тырады кладуцца алеем.
Лукашэнка нічога ня кажа «ад балды», інакш не сядзеў бы на пасадзе дваццаць гадоў. А гэта значыць, што заклік караць людзей кладзецца недзе на ўдзячную глебу, імя якой электарат. Іншымі словамі, гэта мільёны людзей у Беларусі, якія галасуюць за Лукашэнку, жадаюць надзець кайданкі і публічна пасадзіць іншых людзей. Яшчэ раз падкрэсьлю – канкрэтныя імёны дзясятка-другога і адпаведна склад злачынства кожнага ні называцца, ні даказвацца ня будуць.
Ведаю нямала лукашыстаў, але яны зусім не крыважэрныя. Трэба разабрацца па кожным выпадку – так звычайна кажуць. Можа, інакш бы я іх ня ведаў?
Дапускаю, што ёсьць нямала старых і маладых сталіністаў, для якіх аглабельныя рэпрэсіі – неабходная мера «сацыяльнай абароны». Але колькі такіх? Ну не мільён жа. Пагатоў ня шмат у нас усякіх маргінальных «сілавікоў», кшталту казачых клюбаў, абаронцаў Наваросіі і заўзятых фанатыкаў РПЦ. Як ні круці, на ўвесь электарат нацягнуць не атрымліваецца.
Праўда, ёсьць яшчэ страх, статкавы інстынкт і звычайная дурасьць – але гэта характарыстыкі для рэальнай падтрымкі прэзыдэнта моцна нетрывалыя і таму ненадзейныя. Асабліва ў наш час вольнай камунікацыі.
А можа, гэта я «распусьціў інтэлігенцкія нюні», маўляў, Беларусь стала нобэлеўскай краінай за гуманістычную літаратуру, палітвязьняў выпусьцілі, яшчэ і Год культуры абвясьцілі і наогул неяк памякчэлі норавы ў нашай Сінявокай, а насамрэч – усе толькі і прагнуць, каб дзясятак-другі – у кайданкі і пасадзіць публічна? Толькі ня нас, вядома.
Вось слухаю сьвежую тыраду і думаю – тут адно з двух. Або загад пакараць чалавека сапраўды кладзецца на душу «нам», электарату. Або ўжо не кладзецца, і тады мы – ужо проста мы, і насамрэч ніякага электарату больш няма.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.