Аляксандар Лукашэнка нечакана зьвярнуўся да сытуацыі, якая склалася ў Беларусі з тарыфамі на жыльлёва-камунальныя паслугі, у гутарцы з прадстаўнікамі дыпляматычнага корпусу пасьля цырымоніі ўскладаньня вянка да манумэнта на плошчы Перамогі ў Менску.
Пра гэта піша БелТА.
Лукашэнка расказаў, што чыноўнікам было дадзена заданьне прааналізаваць сытуацыю з тарыфамі на жыльлёва-камунальныя паслугі і зрабіць дакладныя разьлікі.
«Давялі жорсткія тарыфы. Што яны пачалі рабіць? Яны пачалі мудраваць і ўводзіць нейкія паказчыкі», — сказаў ён, прывёўшы ў якасьці прыкладу перапрацоўку цьвёрдых бытавых адкідаў.
«Перапрацоўка — гэта выгадная рэч, у нас у чарзе стаяць, каб перапрацоўваць. За што ж плаціць?» — абурыўся ён.
«Гэта значыць, займаюцца прыпіскамі, каб скрасьці грошы зь бюджэту легальным шляхам. А ў нас артыкул за гэта, за гэта трэба саджаць», — падкрэсьліў Лукашэнка і дадаў, што ў Беларусі ў гэтай сфэры навядуць парадак.
Лукашэнка ўжо другі дзень абураецца сытуацыяй з тарыфамі на жыльлёва-камунальныя паслугі. Учора на прэзыдэнцкай нарадзе ён даў загад «надзець кайданкі» на вінаватых і публічна пасадзіць «дзясятак-другі чалавек».