Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічны ўказ Лукашэнкі — рэформаў не відаць 


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Валер Каліноўскі, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: 23 лютага кіраўнік дзяржавы падпісаў указ № 78 «Аб захадах па падвышэньні эфэктыўнасьці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь». У ім адзначаецца, што неабходныя своечасовыя захады па забесьпячэньні эканамічнай бясьпекі, сацыяльнай стабільнасьці і г. д. У якасьці такіх рашучых і сыстэмных захадаў Савету Міністраў прапануецца забясьпечыць прыбытковасьць працы прадпрыемстваў, зьнізіць сабекошт прадукцыі ня менш як на 25%, разьвіваць добрасумленную канкурэнцыю на ўнутраным рынку, нарасьціць і дывэрсыфікаваць экспарт, золатавалютныя рэзэрвы да эканамічна бясьпечнага ўзроўню, забясьпечыць рацыянальнае імпартазамяшчэньне.

Цікава, што кіраўнікам мясцовых органаў загадана «арганізаваць тлумачальную працу з насельніцтвам для папулярызацыі прадпрымальніцкай дзейнасьці». То бок прадпрымальнікі ўжо не «вашывыя блохі», трэба арганізоўваць, па-савецку, «тлумачальную працу». На старшыняў райвыканкамаў будзе таксама ўскладзена адказнасьць за дзейнасьць стратных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Перш за ўсё зьвяртае на сябе ўвагу мова ўказу — выключна савецкая і традыцыйна загадная. Гучаць шматлікія дзеясловы савецкіх часоў: палепшыць, узмацніць, кіраваць, што, уласна, добра карэлюе з сэнсам. Калі хто спадзяваўся ўбачыць глыбокія эканамічныя рэформы, то іх там няма. Гаворка пра тое, што трэба ўзмацняць дысцыпліну, а радыкальных крокаў да паляпшэньня не названа.

Сказана, што трэба рабіць з калгасамі: яны аддаюцца ў давернае кіраваньне з правам далейшага набыцьця. То бок фактычна іх будуць забіраць, калі яны будуць нерэнтабэльныя, і аддаваць іншым. Гэта працяг той практыкі, якая ў Беларусі ўжо існавала, калі стратныя прадпрыемствы аддаюцца больш пасьпяховым. Магчыма, банкам, заводам і інш. Прававы статус гэтых земляў незразумелы.

Аляксандар Лукашэнка застаецца на сваіх пазыцыях. Ва ўказе зноў гаворыцца пра тое, што нэгатыўныя зьявы беларускай эканомікі адбываюцца на фоне сусьветнага крызісу. Хоць нядаўна памочнік міністра эканомікі Кірыл Руды ў эфіры БТ заявіў, што ніякага сусьветнага крызісу няма, што вакол павялічваецца прамысловасьць і г. д., а крызіс у нашым рэгіёне, у Расеі, Беларусі, Азэрбайджане — краінах, якія залежаць ад коштаў на нафту. Але Лукашэнка працягвае даказваць адваротнае.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Ва ўказе вельмі шмат дэклярацыяў. Ён нагадвае пастанову ЦК КПСС савецкіх часоў. Органам улады даручаецца, умоўна кажучы, павысіць, пашырыць, паглыбіць і ўзмацніць. Там, праўда, ёсьць і канкрэтныя лічбы. Але хто цяпер зьвяртае ўвагу на лічбы? З пачаткам крызісу гэтыя паказчыкі не выконваюцца, і ніхто на іх не зьвяртае ўвагі.

Вось прынялі пакет дакумэнтаў пра бюджэт і асноўныя парамэтры эканамічнай палітыкі на 2016 год. Там фантастычныя лічбы. Напрыклад, даводзіцца заданьне забясьпечыць сярэднегадавы курс даляра ў 18 700 беларускіх рублёў. І ўсе іншыя паказчыкі бюджэту прывязаныя да гэтай лічбы. І гэтыя дакумэнты ніхто не адмяняў, яны зьяўляюцца законам для ўсіх дзяржаўных органаў.

Зьдзіўляе толькі адно. І варта было праводзіць так шмат эканамічных нарадаў у Лукашэнкі, каб прыняць такі пусты дакумэнт? У ім няма праграмы прыватызацыі, стварэньня бізнэс-клімату. Калісьці Лукашэнка даручаў ураду стварыць такі бізнэс-клімат, каб Беларусь увайшла ў трыццатку краін па гэтым паказьніку. Ну, хоць бы такое было ва ўказе. Тое, што штурхае ўрад да рынкавых рэформаў. Але гэтага няма.

Тут найбольш цікава тое, ці прыме МВФ гэты дакумэнт за праграму структурных рынкавых рэформаў. Адказ неадназначны. Бо, магчыма, як і ў 2008–2010 гадах, МВФ проста дасьць грошы з геапалітычных прычын, не зважаючы на адсутнасьць рэформаў. Выключаць, што гэтая гісторыя паўторыцца, нельга.

Валер Каліноўскі
Валер Каліноўскі

Каліноўскі: Сапраўды Лукашэнка, хутчэй, робіць крокі, патрэбныя для крэдыту МВФ, чым думае пра лібэралізацыю беларускай эканомікі.

Урад, у прыватнасьці, адпускае тарыфы ЖКГ, адначасова абяцаючы кампэнсацыі, субсыдыі маламаёмным грамадзянам. Зразумела, што пра кампэнсацыі празь нейкі час забудуцца, а плаціць будуць усе.

Гэтыя словы натыкаюцца і на бездапаможнасьць улады, і на стомленасьць беларускага грамадзтва. Спробы павялічыць інвэстыцыйную і прадпрымальніцкую актыўнасьць, зьменшыць беспрацоўе, выдаткі бюджэту, скараціць колькасьць чыноўнікаў можна было б вітаць, калі яны не застануцца словамі, у тым ліку пра падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу. Гэта напісана ў новым указе, але дагэтуль дзейнічае ўказ № 222, які фактычна выганяе людзей на вуліцы, таму што іншых працоўных месцаў яны знайсьці ня могуць, асабліва ў невялікіх гарадках.

Цыганкоў: Гэта голая фраза ва ўказе пра падтрымку прадпрымальнікаў. Няма ні канкрэтных захадаў, ні лічбаў ці выдачы крэдытаў. А фраза гучыць ужо шмат гадоў.

Каліноўскі: Замест гэтага Лукашэнка называе індывідуальных прадпрымальнікаў «бандытамі». Захадамі па юрыдычнай абароне інвэстараў фактычна прызнаецца, што інвэстыцыі ў Беларусь былі небясьпечныя.

Усё гэта трэба было зрабіць раней, але цяпер гэта выглядае як відавочная рэакцыя на пажар у эканоміцы. Гэта запозна, сыстэма не запрацуе, бо няма мэханізмаў перанакіраваньня прадпрымальнікаў у вытворчую дзейнасьць, і прайшоў той пэрыяд, калі людзі гарэлі, хацелі нешта рабіць. Яны ня ўмеюць, ужо не жадаюць і ня будуць гэтым займацца, тым больш імпартазамяшчэньнем.

Але лепей позна, чым ніколі. Ініцыятывы ва ўладаў няма, асабліва мясцовых — ніхто ня хоча браць на сябе адказнасьць, усе баяцца.

Працэс над Ганнай Шарэйкай, які цяпер ідзе, вельмі паказальны. Яе абвінавачваюць у злоўжываньнях, але пакуль яна сядзіць за кратамі, гэтая бройлерная фабрыка трапіла ў крызіс.

Пытаньне ў тым, ці ёсьць у грамадзтва досыць сілы духу, ініцыятывы, рашучасьці, каб супрацьстаяць гэтаму выкліку і выстаяць? Улада ня ў стане зьяднаць і завесьці людзей да новых гарызонтаў. Ёй ніхто ня верыць, ніхто з актыўных, разумных людзей яе не падтрымлівае і ня мае намеру ратаваць, тым больш цаной сваіх капіталаў і намаганьняў. Паміж грамадзтвам і ўладай прорва, а без дапамогі супольнасьці ня выйсьці з гэтага крызісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG