Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка ня ведаў пра падвышэньне? У гэта ня вераць нават самыя вялікія ягоныя прыхільнікі...»


Пікетаў супраць падаражэньня камуналкі не дазваляюць, а людзі хочуць выказацца.

Многія гарадзенцы ня вераць, што Лукашэнка ня ведаў пра падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі, а ягоныя пагрозы на адрас чыноўнікаў, якія дапусьцілі неабгрунтаванае падвышэньне, лічаць чарговым спэктаклем.

Актывістам грамадзкае ініцыятывы «Гавары праўду» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі гарадзенскія ўлады не дазволілі праводзіць пікеты супраць падаражэньня камунальных паслугаў. Спаслаліся на тое, што да заяўкі не прыкладзены дамовы зь міліцыянтамі, мэдыкамі і камунальшчыкамі, якія, маўляў, павінны абслугоўваць падобнае мерапрыемства.

Актывіст «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук кажа, што ў Горадні сябры апазыцыйных і грамадзкіх арганізацыяў ня могуць атрымаць дазвол на правядзеньне пікетаў ужо больш як дзесяць гадоў.

Зьміцер Бандарчук
Зьміцер Бандарчук

«Мы ўжо колькі гадоў сутыкаемся з тым, што, падаючы заяўку на пікет, ідзём заключаць дамовы з тымі ж міліцыянтамі і мэдыкамі, а нам адказваюць, каб мы паказалі дазвол з гарвыканкаму. А там не даюць дазволу, бо не заключаныя дамовы. Гэта практыка, якую мы ніяк ня можам перамагчы, хоць неаднойчы падавалі скаргі ў суд. Праўда, сёлета, падаючы заяўку дзесяць дзён таму, нават не ўяўлялі, наколькі актуальная будзе гэтая тэма, асабліва пасьля ўчорашніх выступаў Лукашэнкі — гэтае пытаньне абмяркоўваецца найбольш, ня толькі ў сеціве, але на вуліцах, у транспарце, на працоўных месцах...»

Бандарчук кажа, што на гэтым тыдні ў Горадню адмыслова прыедзе лідэр руху — Тацяна Караткевіч, якая мае сустрэцца з гарадзенцамі. Тэма сустрэчы — падвышэньне коштаў камунальных паслугаў.

І насамрэч на вуліцы гарадзенцы вельмі ахвотна абмяркоўваюць гэтую тэму. Вось мужчына сярэдняга веку кажа:

Мы жывём зь ім ужо ня першы дзясятак гадоў, і казаць пра тое, што могуць падняцца кошты амаль у два разы безь яго ведама — гэта вельмі наіўна.

— Учора выступіў гарант нашае Канстытуцыі і кажа, што ён з гэтым будзе разьбірацца, маўляў, усё зрабілі безь яго. Сказаў, каб давялі да яго, як налічваюцца гэтыя тарыфы. А чаму толькі да яго? Чаму людзі ня могуць ведаць і разабрацца, адкуль бяруцца тыя лічбы ў жыроўках? Але ж мы жывём зь ім ужо ня першы дзясятак гадоў, і казаць пра тое, што могуць падняцца кошты амаль у два разы безь яго ведама — гэта вельмі наіўна. А што да ягоных акторскіх дадзеных, то яны надалей на вышыні.

Яго перабівае іншы спадар, старэйшага веку:

— Ён зноў хоча паказаць, што баяры дрэнныя, а цар добры і верне цэны назад. Ён іх верне, але яны ўжо ўсё роўна ня будуць такія, як мы плацілі за камуналку ў мінулым месяцы. А пра вінаватых хутка забудуць, і тых дзясятак ці два дзясяткі чалавек ніхто і садзіць ня будзе...

А вось нам распавядае сваю гісторыю маладая жанчына, якая жыве ў інтэрнаце. Кажа, што атрымлівае заробак у мільён 700 тысяч, а за інтэрнат налічылі мільён.

— А мая знаёмая з райцэнтру тэлефанавала і распавядала, што ў іх у інтэрнаце паналічвалі за ваду па 500–600 тысяч, а ваду ўключаюць на 2 гадзіны раніцай і 2 гадзіны ўвечары. То няхай Лукашэнка прыедзе і сам усё праверыць, раз на месцы няма каму разабрацца.

А вось малады чалавек даволі крытычна гаворыць і пра выступ Лукашэнкі, і пра новыя тарыфы ЖКГ, і наагул пра людзей:

Раз Лукашэнка ня ведаў, хто і колькі нам паналічваў за камунальныя, то ня трэба хадзіць і плаціць за іх.

— Раз Лукашэнка ня ведаў, хто і колькі нам паналічваў за камунальныя, то ня трэба хадзіць і плаціць за іх. Мая бабуля жыве ў Менскай вобласьці, атрымлівае пэнсію 2 мільёны 500 тысяч, а за камуналку атрымала — мільён. Я ёй казаў, каб не хадзіла і не плаціла, а яна мне ў адказ — заплацім, абы толькі вайны не было. Ну, то як тады людзі зьбіраюцца чаго дамагчыся...

Яшчэ адзін спадар паказвае раздрукоўку з гарадзенскага сайта, кажа, што зрабіў яе адмыслова, каб паказаць сябрам на працы. Ён перакананы, што лічбы не падробленыя, бо сам жыве ў прыватным доме і нешта падобнае прыходзіць і яму на разьліковых квітках.

— Ацяпленьне за студзень 2016 году — 854 710 рублёў, за сьнежань мінулага году — 466 119 рублёў, гэта поўны кошт. Рост — 85% за месяц. А ў сьнежні 2014 году поўны кошт складаў 300 тысяч рублёў. Выходзіць, што з улікам нават росту даляра тарыф вырас на 190% за 13 месяцаў. Як такое можа быць? Атрымліваецца, што Закон у нас нічога ня варты. У нас усё вырашае прэзыдэнт, то навошта ён публічна назначае вінаватых? Ён сам і вінаваты ва ўсім. А тое, што ён нечага там ня ведаў, то нават самы вялікі яго прыхільнік у гэта ўжо ня верыць.

Спадар пэнсійнага веку, былы вайсковец, кажа, што таксама зьдзіўлены такім падвышэньнем коштаў. Не хавае, што ён прыхільнік Лукашэнкі і заўсёды за яго галасаваў. Учорашні выступ Лукашэнкі яго таксама ня вельмі пераканаў, праўда, высноваў суразмоўца пакуль не зрабіў.

— А мы паглядзім, што будзе ў наступным месяцы, як яно там зьменіцца, колькі налічаць, тады і пагаворым...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG