Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага фрылансэра Жукоўскага будуць судзіць у Жлобіне


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Сума штрафаў у незалежнага журналіста і без таго перавысіла 53 мільёны рублёў.

Жлобінскі раённы суд праз СМС-паведамленьне выклікаў 24 лютага гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага ў якасьці адказчыка на разгляд адміністрацыйнай справы паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

«Мяркую, што гэтым разам мяне будуць судзіць за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі адразу па дзьвюх справах, бо нядаўна я атрымаў са Жлобінскай міліцыі за подпісам капітана Раманенкі два адміністрацыйныя пратаколы — за сюжэты на „Белсаце“ пад назвамі: „БМЗ бяз працы і грошай“ і „Невясёлая фэрма стварае дармаедаў“. І хаця ў згаданых сюжэтаў ёсьць аўтары, мяне маюць судзіць за тое, што „Белсат“ скарыстаў некаторыя мае відэаздымкі з сацыяльных сетак», — паведаміў Радыё Свабода Кастусь Жукоўскі.

У першым сюжэце, паказаным 4 студзеня на тэлеканале «Белсат», гаворка вялася пра тое, што флягман айчыннай індустрыі — Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне — трапіў у складанае эканамічнае становішча: працуе апошнія два гады са стратамі, пэрсанал адпраўляе ў вымушаныя адпачынкі, зразае рабочым розныя даплаты. У другім сюжэце расповед вёўся пра дзесяцігадовую рэканструкцыю фэрмы ў вёсцы Рудзенка. Працаўнікі яе пазьяжджалі зь вёскі ў пошуках новай працы, а рэканструкцыі жывёлагадоўчага памяшканьня не відаць канца.

Нэрвовая рэакцыя толькі з тае прычыны, што сюжэты былі паказаныя на беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканале „Белсат“.

«Нейкіх прэтэнзіяў да асьвятленьня выкладзеных у сюжэтах фактаў улады ня маюць. Нэрвовая рэакцыя толькі з тае прычыны, што сюжэты былі паказаныя на беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканале „Белсат“. З прычыны адмовы ў акрэдытацыі ў Беларусі „Белсат“ трансьлюе перадачы з тэрыторыі Польшчы. І хоць я ня штатны супрацоўнік гэтага тэлеканалу, да мяне, фрылансэра, прад’яўляюць прэтэнзіі менавіта як да штатнага супрацоўніка, які без акрэдытацыі ў беларускім МЗС нібыта нешта здымае на тэрыторыі рэспублікі», — кажа спадар Жукоўскі.

Незалежнага журналіста-фрылансэра сёлета ўжо тройчы штрафавалі паводле аналягічных адміністрацыйных пратаколаў зь міліцыі — у Калінкавіцкім, Кармянскім і Буда-Кашалёўскім судах.

У мінулым годзе раённыя суды Гомельскай вобласьці шэсьць разоў выносілі падобныя адміністрацыйныя пастановы ў дачыненьні да Жукоўскага. Агулам ён мусіць сплаціць цяпер у бюджэт нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі 53 мільёны 550 тысяч рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG