Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчаць першыя рэакцыі на рашэньне Эўразьвязу аб скасаваньні санкцый адносна Беларусі?


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер адзначыў, што асноўнай вызначальнай умовай зьняцьця большасьці санкцыяў ЭЗ было вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі. Ён дадаў: «Вядома, мы не настолькі наіўныя, каб верыць, што Беларусь зьменіцца за адзін дзень. Мы будзем сачыць за падзеямі» і вызначыў будучыя стасункі як «крытычнае ўзаемадзеяньне» з націскам на другое слова. Таксама цікавая была рэакцыя, якая выклікала нават кпіны ў камэнтатараў у інтэрнэце, кіраўніцы зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Фэдэрыкі Магерыні: «У сёньняшнім рашэньні аб зьняцьці эўрапейскіх санкцыяў зь Беларусі няма геапалітыкі, Брусэль хоча падтрымаць крокі Беларусі ў правільным кірунку».

Паводле Магерыні, у Беларусі назіраецца пазытыўны трэнд, які Эўразьвяз хоча падтрымаць. Яна патлумачыла, што гаворка ідзе аб аднаўленьні дыялёгу па правах чалавека Беларусі з ЭЗ, перамовах аб спрашчэньні візавага рэжыму, канструктыўнай ролі Беларусі ў рэгіёне, у прыватнасьці, у тым, што тычыцца канфлікту ва Ўкраіне, і аб вызваленьні палітвязьняў у жніўні летась.

Тут два пункты, якія выклікаюць сумнеў: аднаўленьне дыялёгу — невялікая, у прынцыпе, заслуга; што тычыцца візавых перамоваў, то яны ідуць з 2013 году, і цяжка разглядаць гэта як вялікі дыпляматычны прарыў. Што да ролі Беларусі ў рэгіёне, то так, цяпер усе паўтараюць назву Менск-2, але гэта і ёсьць геапалітыка. Бо гэтыя перамовы адбыліся з-за міжнароднай пазыцыі Беларусі, з-за таго, што яна ня стала адназначна на бок Масквы.

Рэакцыя большай часткі беларускай апазыцыі на рашэньне ЭЗ была адмоўная. Алесь Бяляцкі сказаў, рэпрэсіі хутка вернуцца, Мікола Статкевіч назваў рашэньне Эўразьвязу пра скасаваньне большасьці санкцыяў супраць афіцыйнага Менску памылковым і небясьпечным.

Анатоль Лябедзька: «Сытуацыя разгортваецца так, што адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі, мусяць у першую чаргу несьці яе грамадзяне. Гэта такі выклік для прыхільнікаў пераменаў. Я думаю, што гэтае рашэньне больш кансэрвуе, чым мяняе сытуацыю».

Цікавай была рэакцыя Паўла Севярынца: «Адпушчэньне грахоў, якое праштампаванае сёньня, — гэта такая індульгенцыя, якая адкрывае шлях для далейшай дзейнасьці зла ў Беларусі».

Адзіным дысанансам гэтаму дружнаму хору была рэакцыя экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, аднаго зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч: «Дадзенае рашэньне зьяўляецца важным этапам на шляху поўнай нармалізацыі адносінаў». Пры гэтым Караткевіч прыгадала і праблемы, якія «ляжаць на стале» — гэта дзейнасьць і рэгістрацыя незалежных СМІ, акрэдытацыя журналістаў, падлік галасоў на выбарах — а таксама сказала, што калі Беларусь ня пойдзе па гэтым шляху, адносіны зноў будуць замарожаныя.

Цыганкоў: Ніхто не выключае магчымасьці новага вітку рэпрэсіяў, але гэта было б абсалютна контрапрадуктыўна і нелягічна з боку ўлады. Зьняцьце санкцыяў — гэта ня толькі палітычнае, але і эканамічнае рашэньне, якое дае магчымасьць прыбытку для беларускіх прадпрыемстваў і патэнцыйны доступ да эўрапейскага крэдытаваньня і фінансавых інструмэнтаў, спрыяньне ўступленьню ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, пэрспэктыву атрыманьня грошай ад МВФ.

Гэта стаўкі, якія можа страціць афіцыйны Менск. Рэакцыя апазыцыйных палітыкаў была чаканая, яна яшчэ раз прадэманстравала падзел апазыцыі. Шырокая палітра ацэнак, ад таго, што Эўропа здрадзіла Беларусі — словы Міколы Статкевіча — да таго, што гэта патрэбнае і чаканае рашэньне, як выказалася Тацяна Караткевіч.

Карбалевіч: Мы вяртаемся ў 2004 год. Упершыню за 12 гадоў супраць Лукашэнкі і іншых беларускіх кіраўнікоў няма візавых і іншых санкцыяў. У 2008 годзе, калі было пацяпленьне, быў пэўны дыялёг паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, санкцыі былі не адмененыя, а толькі прыпыненыя. Так што цяпер робіцца больш радыкальны крок. Гэтае рашэньне было лягчэй Эўразьвязу прыняць з-за таго, што ў ЭЗ памяняліся палітыкі. Шмат тых людзей, якія прымалі рашэньне аб санкцыях, ужо не займаюць свае пасады. А новыя кіраўнікі ў нейкай ступені лічаць, што не зьвязаныя рашэньнямі сваіх папярэднікаў.

Апазыцыя прадказальна нэгатыўна ацаніла гэтае рашэньне. Гэта пацьвярджае, што роля беларускай апазыцыі як чыньніку ў адносінах з Захадам зьмяншаецца. Прычым, аргумэнтацыя была розная. Статкевіч парадаксальна адзначыў, што гэтае рашэньне можа ўзмацніць ролю Расеі ў Беларусі, хоць уся лёгіка сьведчыць пра іншае. Лябедзька кажа, што гэта кансэрвуе сытуацыю у Беларусі.

Трэба было б акцэнтаваць увагу на тым, што гэтае рашэньне дае новыя магчымасьці і беларускай апазыцыі. Калі б у Беларусі адбываліся пратэсты, дынамічны палітычны працэс, то магчыма рашэньне ЭЗ было б і іншае. А калі тут усё як бы стабільна, то падставаў спрабаваць уплываць на сытуацыю ўнутры Беларусі няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG