Гэта можа быць адной з галоўных прычынаў першай у гісторыі сустрэчы каталіцкага папы і патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы, якая мае адбыцца 12 лютага на Кубе.
Спэцыяліст па гісторыі Расейскай праваслаўнай царквы, навуковы супрацоўнік Цэнтра вывучэньня Ўсходняй Эўропы пры Брэмэнскім унівэрсытэце (Нямеччына) Мікалай Мітрохін адзначае што сьпіс разыходжаньняў РПЦ з рымска-каталіцкай царквой, які быў абвешчаны незадоўга да гаванскай сустрэчы, цалкам выключае якія-небудзь гістарычныя прэтэнзіі, роўна як і абвінавачваньні ў празэлітызьме.
«Адзіная відавочная супярэчнасьць, пра якую было сказана — гэта комплекс пытаньняў, зьвязаны з існаваньнем Украінскай грэка-каталіцкай царквы, на якую Расейская праваслаўная царква ўскладае віну за так званы разгром эпархіі на захадзе Ўкраіны, перанос свайго прадстаўніцтва ў Кіеў і нават за нейкія русафобскія тэндэнцыі ў цяперашнім украінскім канфлікце», — падкрэсьлівае ён.
У сваю чаргу ў Рымска-каталіцкай царквы няма прэтэнзіяў да РПЦ.
«У дачыненьні да лёгікі царкоўных адносінаў каталіцкая царква дзейнічае прама: калі ў нас ёсьць узаемныя прэтэнзіі, то давайце сустракацца і гаварыць пра гэта. А вось РПЦ паводзіць сябе як пераборлівая дзяўчына: не, спачатку вы ўсё зрабіце, як мы хочам, а потым мы, так ужо і быць, сустрэнемся і пра што-небудзь добрае пагаворым», — кажа Мітрохін.
Па словах Мітрохіна, афіцыйная прычына сустрэчы — трывога за лёс хрысьціян на Блізкім Усходзе. Аднак які рэальны ўплыў можа аказаць Рымска-каталіцкая царква на іх лёс, тым больш сумесна з Расейскай праваслаўнай, зусім незразумела.
«Я лічу, што для цяперашняй сустрэчы могуць быць тры прычыны. Першая — гэта спроба папрасіць папу аб пасярэдніцтве ў вырашэньні канфлікту вакол Расеі, разбурэньні яе нэгатыўнага іміджу, які цяпер склаўся ў сьвеце. Гэтае хадайніцтва за Расею перад Баракам Абамай — на ўзор Кубы, санкцыі супраць якой былі нядаўна адмененыя. Той Кубы, дзе і праходзіць сустрэча», — кажа экспэрт.
Такім чынам Кірыл выступае ў якасьці своеасаблівага пасла добрай волі.
«Разьлік на тое, што калі папе Францішку ўдалося вывесьці Кубу зь міжнароднай ізаляцыі, то раптам ён зможа вывесьці зь яе і Расею? Другая магчымая прычына — гэта сапраўды пытаньне блізкаўсходніх цэркваў. Справа ў тым, што гэтым летам на Крыце павінен прайсьці Ўсеправаслаўны сабор. І Кірылу на гэтым саборы было б добра паўстаць у якасьці чалавека, які клапоціцца аб блізкаўсходніх цэрквах, а значыць, прыцягнуць іх галасы для праштурхоўваньня нейкіх сваіх рашэньняў. РПЦ насамрэч актыўна ня ўдзельнічае ў справах блізкаўсходніх цэркваў, а толькі часам дапамагае грашыма. А сустрэча ў Гаване — дэманстрацыя асабістых намаганьняў патрыярха ў гэтым пытаньні.
Нарэшце, трэцяя прычына карэніцца ў асобе самога Кірыла. Гэта чалавек вельмі амбіцыйны, які любіць пакрасавацца, у нейкім сэнсе былая тэлезорка. За апошнія гады пра Кірыла ў гэтай якасьці забыліся. Былы яго набліжаны Ўсевалад Чаплін сьцьвярджае, што Кірыл знаходзіцца ў спэцыфічным псыхалягічным стане, і ёсьць надзея, што сустрэча з Францішкам абудзіць ва ўсім сьвеце цікавасьць да яго. Упершыню за доўгі час ён зьявіцца на экранах буйных тэлекампаніяў, гэта падыме яго дух. Цалкам магчыма, што гаворка ідзе пра спалучэньне ўсіх трох пералічаных прычынаў, у выніку чаго плюсаў ад гаванскага спатканьня для Кірыла асабіста больш, чым мінусаў», — лічыць Мітрохін.
Спэцыяліст па гісторыі Расейскай імпэрыі XIX стагодзьдзя, прафэсар унівэрсытэта штата Мэрылэнд (ЗША) Міхаіл Далбілаў лічыць, што ў місіі Кірыла ёсьць розныя падтэксты.
«Скажу напаўжартам: мне яна трохі нагадвае ролю так званага пастара Шлага ў фільме „17 імгненьняў вясны“... Марк Ліпавецкі выдатна пісаў, што няяўнай паводзінавай мадэльлю для Пуціна зьяўляецца Штырліц. Калі ўзгадаць фільм, то патэр Шлаг там аказваецца фігурай зь вельмі добрымі сувязямі яшчэ даваеннымі, і менавіта іх хоча выкарыстоўваць ці для прыкрыцьця, ці для рэальнага кантакту Штырліц. Вось і сучасны каталіцызм — прывабны партнэр для Расеі з пункту гледжаньня нейкіх спробаў умацаваць кантакты з Захадам, аднавіць рэпутацыю або стварыць новыя сфэры ўплыву», — кажа ён.
Цалкам аналіз чытайце на сайце расейскай службы Свабоды.