Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі заходнія санкцыі дапамагаюць беларускай дэмакратыі?


Трайны ўдар для трох аналітыкаў. Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Карбалевіч: Апазыцыя заклікала ЭЗ не адмяняць санкцый. Ці сапраўды існаваньне санкцый ідзе на карысьць беларускай дэмакратыі?

Першая праблема: ці можа Захад дамагчыся дэмакратызацыі Беларусі? Ці ёсьць у яго такія рэсурсы, рычагі? Падаецца, тут магчымасьці ЭЗ і ЗША даволі абмежаваныя, а апазыцыя, магчыма, іх перабольшвае, калі патрабуе правядзеньня тут свабодных выбараў як умовы размарожваньня адносінаў з рэжымам Лукашэнкі.

Яшчэ адна дылема. Ці не прывядзе захаваньне санкцый да таго, што рэпрэсіўныя дзеяньні рэжыму рэзка павялічацца? Так бывала раней ня раз, калі раззлаваны Лукашэнка помсьціў Захаду тым, што жорстка ціснуў на апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць. Вось цяпер беларускія ўлады, зацікаўленыя ў адмене санкцыяў, вядуць сябе даволі стрымана. За вулічныя акцыі ня ладзяць «хапуна», а толькі штрафуюць. Але ўсё можа хутка памяняцца.

Ёсьць пазыцыя, якую, напрыклад, пасьлядоўна займае аналітычны інстытут BISS, паводле якога трэба любым чынам, без усялякіх умоў разьвіваць беларуска-эўрапейскія дачыненьні, бо гэта адцягвае Беларусь ад Расеі і пашырае ўплыў ЭЗ на краіну, пашырае тут прастору эўрапейскасьці. Але ж, зь іншага боку, такая пазыцыя ў пэўным сэнсе ўмацоўвае рэжым, бо дае яму больш шырокі калідор магчымасьцяў балянсаваць між Усходам і Захадам.

Так што пытаньне гэтае зусім ня простае, тут шмат пластоў. У мяне адназначнага адказу няма. А вы, калегі, як лічыце, ці мае рацыю апазыцыя?

Цыганкоў: Так, гэта адна з тых тэм, у якой ня можа быць адназначнасьці. Палітыка санкцыяў не атрымала вялікага посьпеху. Пасьля 19 сьнежня 2010 году ў Захаду не было асаблівага выбару, толькі ўвод санкцый як адказ. Цяпер спрабуюць іншае — і ад таго, што зьмянілася геапалітычная сытуацыя, і ад таго, што зьмяніліся паводзіны афіцыйнага Менску. Улада цяпер стрымлівае сваю рэакцыю на праявы пратэсту, на грамадзкія акцыі, і гэта эўрапейцы ня могуць не адзначыць. Паўстае праблема: пакуль Менск зацікаўлены ў зьняцьці санкцый, ён вядзе сябе дастаткова лібэральна, а што будзе калі яны зусім будуць адмененыя? Можна сказаць, што заўсёды будзе пагроза новага ўвядзеньня санкцый, і пра гэта трэба заявіць Эўразьвязу. Ёсьць філязофская думка, што збліжэньне Беларусі з Эўропай, інтарэсы ўсёй краіны маюць большае значэньне, чым апазыцыя.

Дракахруст: Мне здаецца, што адказ на гэтае пытаньне хутчэй «не». Суадносіны дынамікі санкцый і рэпрэсій невідавочныя. Часам прыхільнікі захаваньня санкцый выхопліваюць пэрыяды часу і кажуць: вось бачыце, зьнялі санкцыі, і вось што адбываецца. Вось нядаўна, падчас замарозкі санкцыяў, зьбілі журналіста Паўла Дабравольскага. Але, скажам, Сяргей Грыц быў зьбіты ў 2012 годзе, калі санкцыі былі ў самым разгары. Таму прамой залежнасьці тут няма.

Можна сказаць, што калі ёсьць дамоклаў меч санкцыяў, гэта прытрымлівае ўлады. Але, здаецца, гэта ў большай ступені маральнае самаапраўданьне Захаду, асабліва яно было актуальна ў 2010 годзе. Сябравалі, міністры езьдзілі — і тут 700 чалавек за кратамі. Трэба ж неяк рэагаваць.

Цяпер 700 чалавек за кратамі няма. Да таго ж, у нашых спрэчках мы ня ўлічваем адзін важны момант: Захад — гэта не бюро добрых паслугаў і не праваабарончая арганізацыя, гэта сукупнасьць сувэрэнных дзяржаваў, якія маюць свае інтарэсы. Гэтыя інтарэсы вельмі моцна трансфармаваліся пасьля Крыму, пасьля таго, што адбывалася і адбываецца ва Ўкраіне. Вяртаецца лёгіка геапалітычнага супрацьстаяньня, гульні з нулявой сумай, «хто ня супраць нас, той з намі». А Лукашэнка ня супраць «іх», не пад сьцягам ДНР стаіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG