Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакараньня ў выглядзе чатырох гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову — так званай «хіміі».
Паводле крымінальнай справы, Арцём Шляхцюк, які родам з Крупскага раёну, а цяпер вучыцца ў Менску ў каледжы, належыць да групоўкі «акупай-пэдафіляй», якая займаецца перасьледам асобаў зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.
Мінулай восеньню праз сацыяльныя сеткі ён пазнаёміўся з пацярпелым А. Сустрэчу прызначылі 6 лістапада а 23 гадзіне на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Разам выпілі піва і, паводле Арцёма Шляхцюка, размаўлялі пра Тацяну Караткевіч, за якую абодва галасавалі на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах.
Калі ж гаворка зайшла пра сымпатыі да дзяўчат, то А. прызнаўся, што ня мае такіх сярод сваіх знаёмых і, пэўна, ніколі мець ня будзе. У адказ Арцём пачаў зьбіваць свайго знаёмца, пагражаючы большай расправай, а таксама здымаць свае зьдзекі на мабільны тэлефон. Пасьля ён адабраў у А. грошы і сышоў.
Пацярпелы зьвярнуўся ў міліцыю, Арцёма Шляхцюка затрымалі і распачалі крымінальную справу паводле артыкулаў аб хуліганстве, рабаваньні і нянавісьці на глебе гамафобіі: ч. 1 арт. 339 — хуліганства; ч. 2 арт. 206 — рабунак — асноўныя абвінавачаньні. У якасьці абвінавачаньня, якое абцяжарвае віну, — п. 9 арт. 64: злачынства, зьдзейсьненае па матывах варажнечы да пэўнай сацыяльнай групы.
У судзе Арцём Шляхцюк прызнаў сваю віну, запэўніў суд, што раскайваецца, і прасіў дазволіць скончыць навучаньне. Тым часам высьветлілася, што два гады таму ён ужо быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці за разбойны напад. Але ў зьвязку зь непаўналетнім узростам і паводле амністыі адказнасьць зь яго тады зьнялі.
Дзе закон абараняе ад гамафобіі?
У ЗША прэзыдэнт Барак Абама у 2009 годзе падпісаў заканадаўчы акт, які пашырыў фэдэральны перасьлед за злачынствы на глебе нянавісьці (hate crimes) на злачынствы, матываваныя сэксуальнай арыентацыяй ахвяры і яе гендэрнай ідэнтычнасьцю.
У Эўропе ў заканадаўстве некаторых краінаў гамафобія клясыфікуецца як злачынства пад назвай hate speech (мова варажнечы; рыторыка нянавісьці). Законы, якія абараняюць перад рыторыкай нянавісьці на тле сэксуальнай арыентацыі, былі прынятыя ў 12 краінах Эўразьвязу: Бэльгіі, Даніі, Нямеччыне, Эстоніі, Францыі, Ірляндыі, Літве, Нідэрляндах, Партугаліі, Румыніі, Швэцыі, некаторых частках Вялікабрытаніі.
Няма падобных законаў ні ў Польшчы, ні ва Ўкраіне.
У сваю чаргу, пацярпелы А. сьцьвярджае, што Арцём Шляхцюк ведаў пра ягонае гейства са старонкі сацыяльнай сеткі і адмыслова прызначыў сустрэчу.
Адвакат пацярпелага Дзьмітрый кажа, што незвычайнасьць справы ў тым, што ўпершыню ў ягонай практыцы супрацоўнікі міліцыі распачалі крымінальную справу паводле факту гамафобнага злачынства, дзе акалічнасьцю, якая абцяжарвае дзеяньні абвінавачанага, прызнаная варожасьць да асобы зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.
Пракурор запатрабаваў Арцёму Шляхцюку пакараньне ў выглядзе чатырох гадоў так званай «хіміі».
Раней розгаласу набыло рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску, які асудзіў на 2 гады і 8 месяцаў менчука Дзьмітрыя Лукашэвіча. Каля аднаго з закрытых клюбаў Менску Лукашэвіч моцна ўдарыў наведніка Міхаіла Пішчэўскага, пасьля чаго той трапіў у кому і памёр.
Бойка мела выразы гамафобны характар, але гэта на працэсе ў 2014 годзе суд гэтага не ўлічыў.