Стэфан неаднаразова станавіўся ахвярай як слоўных абразаў на вуліцы і ў інтэрнэце, так і фізычных нападаў. Ён згадвае, што пасьля першай спробы нападу міліцыя проста адмовіла ў дапамозе:
«Першы напад быў 8 сакавіка. Дзевяць чалавек пабеглі за мной, выкрыкваючы: „П...р, стой!“ Я пабег у краму „Віталюр“. Яны прыйшлі ў краму, пачалі тлумачыць, што я „п...р“, у мяне „п...рскі выгляд“, я „нярускі“ — я ўдакладніў, што мы ў Беларусі, беларусы».
Тады нападнікам перашкодзіла прысутнасьць аховы ў краме. Пасьля здарэньня Стэфан паспрабаваў зьвярнуцца ў міліцыю, але яму намякнулі, што ня бачаць «сур’ёзнага складу злачынства» і нічога ня змогуць зрабіць. Праз чатыры дні адбыўся наступны напад: ранейшыя нападнікі высачылі яго, чакалі на прыпынку каля дому, але як пачалі зьбіваць, за Стэфана заступіліся два чалавекі. У выніку хлопец аказаўся ў лякарні зь лёгкімі цялеснымі пашкоджаньнямі, давялося накладаць чатыры швы на твар і цярпець наступствы чэрапна-мазгавой траўмы.
Рэакцыя была абсалютна пафігістычная, нібы хацелі спытаць, навошта наогул прыйшоў.
«У лякарні напісаў заяву, а міліцыянт, калі сыходзіў, сказаў: „Пастрыжыся, мо менш праблемаў будзе“. Потым мяне пачалі выклікаць у міліцыю, рабіць выгляд, што працуюць. Штораз мяне апытваў новы сьледчы. Пыталі адно і тое ж, папіваючы каву. Рэакцыя была абсалютна пафігістычная, нібы хацелі спытаць, навошта наогул прыйшоў. Нападнікаў не шукалі».
Хлопец ня здаўся і зьвярнуўся ў суд з нагоды адмовы ад узбуджэньня крымінальнай справы. Суд задаволіў скаргу, але праз два тыдні Стэфана зноў выклікалі ў міліцыю, зноў апыталі — і зноў адмовіліся пачынаць крымінальную справу. Ня выяўлены хуліганскі матыў, грамадзкі парадак парушаны ня быў, справа кваліфікаваная паводле артыкулу 153 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае прычыненьне лёгкіх цялесных пашкоджаньняў) і ёсьць справай асабістага абвінавачаньня. То значыць, кажа Стэфан, што яму самастойна трэба шукаць нападнікаў і выклікаць іх у суд.
Пасьля гэтага хлопец наважыўся выступіць у прэсе — распавёў сваю гісторыю на Tut.by, Naviny.by і ў відэа-анлайне «Нашай Нівы». Па выступах у прэсе адны пісалі яму «розныя брыдкасьці», іншыя — словы падтрымкі. Абразы на вуліцах не спыніліся:
«Такіх выпадкаў хапае, часьцей проста нешта крыкнуць і ўсё. Памятаю, яшчэ летам ішоў у габрэйскую арганізацыю, два хлопцы сказалі мне „п...р“, „п...с“ і плюнулі на абутак. Да чаго чапляюцца? Ня ведаю, для самога мяне тое таямніца».
Цяпер Стэфан часова зьехаў у Ізраіль, «бо стаміўся». Там вучыць іўрыт і ангельскую мову, знаёміцца з культурай. Але часам прыгадвае Беларусь:
Калі ходзіш па Менску, адвечна даводзіцца азірацца, быць гатовым, што на цябе зноў нападуць, і ніхто не абароніць, гэта жудасна вымотвае псыхалягічна.
«Калі ты ходзіш па Менску, адвечна даводзіцца азірацца, быць гатовым, што на цябе зноў нападуць, і ніхто не абароніць, гэта жудасна вымотвае псыхалягічна. У мяне зьявіўся страх да людзей, падобных да футбольных фанатаў, бо нападнікі былі футбольнымі фанатамі. Кожны раз, калі я ішоў па Менску і бачыў фаната, сэрца пачынала шалёна калаціцца. У Беларусі, калі чалавек прызнаецца ў сваёй сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасьці, то мусіць быць гатовы, што бацькі могуць ад яго ці яе адмовіцца і выгнаць з хаты, з працы могуць звольніць, адмовіць у здачы кватэры, адмовіць у прыёме на працу, настаўнікі могуць заніжаць адзнакі, могуць зьбіваць, гвалтаваць, можа быць цкаваньне з усіх бакоў».
Хлопец лічыць, што Беларусі патрэбныя і зьмены ў заканадаўстве, і асьвета:
Нецярпімасьць нараджаецца зь няведаньня, невуцтва, якое падсілкоўваецца уладай праз розныя структуры.
«Нецярпімасьць нараджаецца зь няведаньня, невуцтва, якое падсілкоўваецца уладай праз розныя структуры. Дзяржава нібы кажа: тваё цела — гэта наша ўласнасьць. Дзяржава сьвецкая, але працягвае прыдумляць законы толькі праваслаўнай царквы. Людзі іншага колеру скуры, рэлігіі, сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці — іх адвечна спрабуюць сыстэматызаваць, падвесьці пад адну лінейку. „Іншыя“ небясьпечныя, дзяржава змагаецца зь „іншымі“. А ЛГБТ — проста сацыяльная група. Абарона розных сацыяльных групаў — гэта прэрагатыва дзяржавы, прапісаная ў Канстытуцыі».