Гісторыя Міхаіла Пішчэўскага — адзін з выпадкаў неталерантнага стаўленьня да прадстаўнікоў гэтай супольнасьці ў Беларусі. Драматычнае здарэньне і становішча прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці камэнтуе актывіст руху за раўнапраўе геяў Сяргей Тарпачоў.
— Тое, што ўсе гэтыя і іншыя выпадкі здараюцца пэрыядычна, сьведчыць, што сытуацыя ў нас не зьмяняецца ўжо доўгі час. Здаецца, што стала больш складана, і гэта, магчыма, з-за нейкай расейскай прапаганды. Таму што там цяпер адбываецца штосьці нядобрае. А ў нас, падаецца, гэтыя пытаньні не цікавыя ні грамадзтву, ні ўладзе — нікому. Адбываецца нейкая кансэрвацыя ў гэтым пытаньні. А падобныя выпадкі — яны будуць так ці інакш здарацца, бо каб праблема вырашалася, то ёю трэба займацца. Але грамадзтву гэта не цікава.
— На вашу думку, ці павінна быць ініцыятыва грамадзтва, каб улада пачала бараніць правы грамадзян, якія належаць да ЛГБТ-супольнасьці? Бо забясьпечваць роўныя правы грамадзян, гарантаваць бясьпеку — гэта абавязак уладаў.
— Выходзіць, што і правы грамадзян, і нейкія грамадзкія ініцыятывы ўладзе не цікавыя. А тыя людзі, якія займаюцца абаронай правоў грамадзян — я маю на ўвазе апазыцыю — таксама традыцыйна не цікавяцца гэтымі пытаньнямі. Здараецца, што нават займаюць і больш жорсткую пазыцыю, калі казаць, да прыкладу, пра Дашкевіча альбо Севярынца. Вось і атрымліваецца вакуўм. Былі некаторыя грамадка-палітычныя ініцыятывы, калі спрабавалі займацца такімі пытаньнямі, але цяпер і ад гэтага нічога не засталося.
— Чаму, на вашу думку? Да прыкладу, у іншых краінах пытаньне захаванасьці правоў групаў сэксуальных мяншыняў стаіць нароўні з захаванасьцю правоў усяго грамадзтва.
На Захадзе ўлады перадусім прыйшлі да разуменьня таго, што трэба нешта рабіць дзеля таго, каб кожны грамадзянін пачуваўся ў грамадзтве добра
— Зразумела, што гэта пытаньне каштоўнасьцяў чалавека, ягонага жыцьця, камфорту, пытаньня, наколькі ён можа быць карысны для грамадзтва. На Захадзе ўлады перадусім прыйшлі да разуменьня таго, што трэба нешта рабіць дзеля таго, каб кожны грамадзянін пачуваўся ў грамадзтве добра. А гэта агульнавядома, што калі добра кожнаму чалавеку, то тады добра і ўсяму грамадзтву. У нас гэта не цікава нікому, а таму так і атрымліваецца.
— Вам падаецца, што наша грамадзтва гэтак мала разьвітае ў пытаньні агульначалавечых каштоўнасьцяў?
— Так, грамадзтва не разьвітае і не гатовае да таго, каб кожны грамадзянін апэляваў да агульнаграмадзянскіх і агульначалавечых каштоўнасьцяў і спрабаваў прымаць нейкія рашэньні альбо ўплываць на іх. І тады дзяржава бярэ на сябе гэтыя функцыі і вырашае так, як ёй зручней. А ёй зручна не чапаць гэтыя пытаньні, якія гістарычна, з папулісцкага пункту гледжаньня не цікавыя. Бо гэта не абяцаць пяцьсот ці тысячу даляраў заробку. А тут трэба нешта рабіць і пры гэтым страчваць папулярнасьць. Таму ніхто гэтага ня будзе рабіць — ні ўлада, ні апазыцыя.
— На вашу думку, як доўга можа захоўвацца такое становішча?
— Да тае пары, пакуль ня будзе кансэнсусу ўсіх палітычных сілаў пра тое, што грамадзтва павінна разьвівацца так, каб у ім было добра ўсім.