Эканамічны спад і пагроза сацыяльных узрушэньняў прывялі Расею, Кітай ды іншыя аўтарытарныя рэжымы да наступу на іншадумства — тым часам як масавая міграцыя ды новыя формы тэрарызму ў 2015 годзе падсілкоўвалі ксэнафобскія настроі ў дэмакратычных краінах, — гаворыцца ў штогадовай справаздачы міжнароднай арганізацыі Freedom House пра становішча палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў у сьвеце.
У справаздачы адзначаецца, што колькасьць краінаў, якія прадэманстравалі зьніжэньне ўзроўню свабодаў (72 краіны) — найбольшая за апошнія дзесяць гадоў.
Толькі 43 краіны палепшылі паказчыкі.
Аўтары справаздачы канстатуюць, што, нягледзячы на шматлікія недахопы мінулых выбараў, вызваленьне Аляксандрам Лукашэнкам палітычных зьняволеных да галасаваньня і адсутнасьць гвалту ў наступны пэрыяд спрасьцілі шлях для плянаў ЗША і ЭЗ дамагацца сапраўднай лібэралізацыі і дазволілі зьменшыць санкцыі супраць фізычных і юрыдычных асобаў. І пры гэтым, гаворыцца ў справаздачы Freedom House,
«існуе няшмат шанцаў, што дзеяньні Лукашэнкі зьяўляюцца прыкметамі сапраўднай адлігі. Хутчэй за ўсё, ягоныя жэсты ў бок Захаду тлумачацца засьцярогай ад расейскай агрэсіўнасьці ды эканамічнай слабасьцю».
Пры гэтым Беларусь, як і летась, аднесеная Freedom House да ліку несвабодных краінаў. У гэтым сьпісе таксама — Аўганістан, Азэрбайджан, Іран, Ірак, Казахстан, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан.
Найгоршыя паказчыкі ў сфэры палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў — у Сырыі, Тыбету, Самалі, Паўночнай Карэі, Узбэкістану, Эрытрэі, Туркменістану , Экватарыяльнай Гвінеі, Савудаўскай Арабіі.
Прааналізаваная сытуацыя і на тэрыторыях, якія Freedom House аднесла да ліку спрэчных. Абхазія прызнаная часткова свабоднай, Паўднёвая Асэтыя, Прыднястроў’е і Крым — не свабоднымі.
Адзначаецца, што з 195 краінаў, дзе вывучаўся ўзровень свабодаў, 86 краіны (44%) былі прызнаныя свабоднымі, 59 (30%) часткова свабоднымі і 50 (26%) не свабоднымі.
Самы горшы рэйтынг — у краінах Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі.
У справаздачы таксама гаворыцца, што дзеяньні партыі «Права і справядлівасьць» у Польшчы «выклікаюць сур’ёзную занепакоенасьць».