Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадохрышча ў Магілёве: «Мы чэсна адстаялі ў чарзе па ваду, а былі нахабнікі, якія без чаргі лезьлі»


Чарга ля царквы
Чарга ля царквы

У Магілёве праваслаўныя вернікі ўтварылі трохсотмэтровую чаргу па ваду ля нядаўна асьвечанай Спаса-Праабражэнскай царквы.

Некалькі гадзін людзкая чарада ня меншала, а толькі расла. Вернікі стаялі з малымі слоікамі і вялікімі бутлямі. Каб напоўніць іх з цыстэрны, прыпаркаванае ля сьвятыні, магілёўцы выстойвалі па дзьве гадзіны.

«Гэта ж сьвятая вада. Мы верым у тое. Вось выпіў яе, і здаецца, будзе нейкае аблягчэньне», — адказалі дзьве кабеты на пытаньне журналіста, дзеля чаго яны стаялі ў чарзе.

На трыста мэтраў расьцягнулася чарга
На трыста мэтраў расьцягнулася чарга

Жанчыны выказалі незадавальненьне, што нямала людзей бяруць ваду без чаргі.

«Вы ж ведаеце, хапае нахабных людзей, як усюды», — сказалі суразмоўніцы.

«Я стаяла больш за паўтары гадзіны. Але да цыстэрны шмат людзей падыходзяць без чаргі. Абыходзяць там вакол бочкі і набіраюць. Я дык чэсна адстаяла», — кажа наступная суразмоўніца.

Тыя, хто адстаяў чаргу
Тыя, хто адстаяў чаргу

«У мяне вада стаіць яшчэ зь мінулага году. Відаць, не псуецца», — дадала жанчына.

Многія суразмоўцы ў самой чарзе прызнаваліся, што ня ведаюць, дзеля чаго ім вада.

«Я ня ведаю, што яна дае. Усе стаяць, і я стаю», — без развагаў адказаў мужчына сталага веку пад прыхаваны сьмех тых, хто пачуў яго словы.

«Кажуць, гэтая вада дапамагае ад сурокаў. Як хто нядобра на цябе паглядзеў, дык твар абмыў — дапамагае. Верыш ці ня верыш, але розныя ж людзі бываюць».

Ля цыстэрны з вадой
Ля цыстэрны з вадой

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG