Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паход тэстастэрону»


Міжнародны аглядальнік Радыё Свабода Яфім Фіштэйн пра праблемы сучаснай Эўропы ў кантэксьце міграцыйнага крызісу.

Яфім Фіштэйн

Падзеі навагодняй ночы, калі ў Кёльне і іншых гарадах Заходняй Эўропы сотні жанчын сталі аб’ектамі сэксуальных дамаганьняў з боку, у тым ліку, шукальнікаў палітычнага прытулку, выклікалі прыкметнае замяшаньне... Праціўнікі неабмежаванага прыёму ўцекачоў не без злараднасьці нагадваюць, што аб наступствах папярэджвалі не аднойчы, яго прыхільнікі парыруюць тым, што гэта было і вожыку зразумела, але верыць у лепшыя ўласьцівасьці чалавека значна больш высакародна і больш прыемна, чым у яго нізкія інстынкты. Іх моцны аргумэнт: Эўропа, насуперак цёмным страхам, пакуль яшчэ не закацілася, развальвацца не зьбіраецца і не такое перажывала. У геалягічным сэнсе, сапраўды, асаблівых зрухаў не адбылося, а зрухі цывілізацыйныя бачацца не адразу.

У Нямеччыне, прысуджанай сваёй канцлеркай да вышэйшай меры гуманізму, аднак, такія зрухі ёсьць. У паліцэйскіх пратаколах, да прыкладу, каб пазьбегнуць любога намёку на уцекачоў, парушальнікі названыя «асобамі паўночнаафрыканскай і блізкаўсходняй зьнешнасьці», што да сьмешнага нагадвае «асобаў каўкаскага паходжаньня» часоў аблаваў на чачэнцаў і грузінаў у маскоўскім мэтро. Бургамістар Кёльна Генрыэта Рэкер, прафэсійны барацьбіт з ксэнафобіяй і апалягет «культуры прыязнасьці да гасьцей», выступіла з рэкамэндацыямі да жанчын, параіўшы ім паводзіць сябе больш асьцярожна (праўда, пазьней яна вымушана была папрасіць прабачэньня за свае словы). Сама фэміністка, Рэкер прапануе нямецкім жанчынам выконваць пэўны кодэкс паводзінаў: не зьяўляцца на людзях без суправаджэньня, не набліжацца да незнаёмцаў бліжэй чым на адлегласьць выцягнутай рукі, не апранацца задзірліва і не насіць кароткія спадніцы, апускаць вочы пры сустрэчы з мужчынам і наогул не выпінаць сваю жаноцкасьць. Трэба праяўляць належную павагу да культурных звычаяў, на захаваньне якіх у ўцекачоў ёсьць безумоўнае права.

У Нямеччыне, прысуджанай сваёй канцлеркай да вышэйшай меры гуманізму, аднак, такія зрухі ёсьць

Ужо гэтыя першыя прыкметы дазваляюць зразумець, у якім кірунку пойдзе працэс інтэграцыі навасёлаў з Блізкага Ўсходу. І дакладна — было б недарэчна чакаць, што людзі, якія бягуць ад жахаў вайны, на працягу якіх-небудзь двух-трох пакаленьняў безумоўна асвояць эўрапейскія ідэалы і лад жыцьця, адмовіўшыся ад нораваў і каштоўнасьцяў сваёй радзімы, многія зь якіх, дарэчы, сыходзяць каранямі ў рэлігійныя ўстаноўкі. Гуманізму ніколі не бывае занадта шмат, і «культура прыязнасьці да гасьцей» мяркуе хутчэй адваротнае: гатоўнасьць эўрапейцаў прыслухацца да патрабаваньняў імігрантаў і пайсьці ім насустрач. Сустрэча на паўдарозе, гэта значыць у сярэдзіне каштоўнаснай шкалы, нікога не пакрыўдзіць. Зусім не абавязкова ўводзіць сярэднявечныя звычаі, але без зьніжэньня этычнай плянкі эўрапейцам абысьціся не атрымаецца. Не марнуючы дарма сілаў на недасяжнае — на культывацыю новых эўрапейцаў, лепш адразу ж засяродзіцца на перавыхаваньні эўрапейцаў старых. Асабліва ў тых сфэрах, дзе можна чакаць іх зацятага супраціву — напрыклад, у пытаньні абароны асабістых свабодаў, — прыйдзецца зьвярнуцца да мераў дзейснага прымусу. Якая ж можа быць інтэграцыя без набліжэньня эўрапейскіх нормаў паводзінаў да ўзроўню уяўленьняў уцекачоў? Адгэтуль ясна, што маральны кодэкс для эўрапейцаў і «правіла выцягнутай рукі» — крок у правільным кірунку.

У перасяленцаў ёсьць ня толькі матэрыяльныя і высокадухоўныя, але і фізыялягічныя патрэбы

Ёсьць у тым, што здарылася, аднак, аспэкт, які «культура прыязнасьці да гасьцей» да гэтага часу ігнаравала. Але ад яго не адмахнуцца. У перасяленцаў ёсьць ня толькі матэрыяльныя і высокадухоўныя, але і фізыялягічныя патрэбы. Да іх безумоўна адносіцца і палавое жаданьне. Без задавальненьня гэтага базавага інстынкту ўся «культура прыязнасьці да гасьцей» апынулася б няпоўнай і глыбока ханжаскай. Пакутнікам, уцекачам ад сьмерці, недастаткова даць толькі трохразовае харчаваньне, дах над галавой, моўныя курсы, працу і якасны вольны час. Па дадзеных нямецкіх жа органаў бясьпекі, да 80 адсоткаў плыні ўцекачоў складаюць мужчыны ва ўзросьце ад 16 да 25 гадоў. Гэта ўзрост росквіту мужчынскіх сіл і жаданьняў. Час, калі, па словах Бабеля, «мужик ярится». Празьмерна высокі ціск тэстастэрону гоніць у тым ліку і гэтых мужыкоў у лібэральную Эўропу гэтак жа неадольна, як беспэрспэктыўнасьць жыцьця на радзіме.

Брытанскі філёзаф Роджэр Скрутон нават назваў ўсю перасяленчую хвалю «тэстастэронавым паходам».

адваротным бокам «культуры прыязнасьці да гасьцей» зьяўляецца «культура згвалтаваньня»

Варта нагадаць, што адваротным бокам «культуры прыязнасьці да гасьцей» зьяўляецца «культура згвалтаваньня» (афіцыйны тэрмін гендэрных дасьледаваньняў і тэорыі фэмінізму). Здаўна народы дзеляцца на тых, хто гасьцінна прапаноўваў выпадковым пастаяльцам сваіх жонак з мэтай асьвяжэньня генафонду і прадухіленьня блізкароднасных скрыжаваньняў, і тых, хто аддаваў перавагу згвалтаваньню іншаземак. Авалоданьне жанчынамі пераможаных народаў — архэтыпічная праява статуснай перавагі пераможцаў. Яна ўспрымаецца трыюмфатарамі ня проста як прывілея, ня проста як бонус за рызыку і адвагу, яна глыбока ўкаранёная ў псыхалёгіі заваёўніка. Адолець варожую сілу, скарыць іншы народ — заўсёды азначала ня толькі забіць яго мужчын, але таксама згвалціць яго жонак і дачок, назаўжды пакінуўшы уласны генэтычны сьлед. Гвалтоўны палавы акт — гэта знак поўнага і канчатковага заняпаду суперніка, кульмінацыйны знак перамогі. Зьвярталіся да яго ня толькі народы старажытнасьці, на працягу гісторыі чалавецтва ён стыхійна спадарожнічаў усім войнам аж да нашага часу. Паводле дадзеных ААН, толькі ў часе вайны племя хуту супраць племя тутсі ў 1994 годзе ў Руандзе было згвалтавана 250 тысяч жанчын. З раманаў Копелева, Салжаніцына і іншых мы ведаем, што ў часе вызваленьня гітлераўскай Нямеччыны Чырвонай Арміяй былі згвалтаваныя сотні тысяч немак. Частымі былі падобныя культурныя эксцэсы і пры наступе заходніх саюзьнікаў.

Эўрапейскае Сярэднявечча, асабліва раньняе, кішма кішыць прыкладамі «культуры згвалтаваньня», якое па тых часах наогул не лічылася чымсьці тым, што выбіваецца з нормы паводзінаў. Сагі, сказы, баляды, летапісы і быліны перапоўненыя гісторыямі аб сумнеўнай адвязе такога роду. Самыя агідныя злачынствы на гэтай глебе, заўважце, не апаганьвалі рэпутацыю герояў у вачах нашчадкаў.

Сам сын рабыні-наложніцы, Уладзімер, калі верыць паданьням, меў звычай вазіць у абозе да 800 паходно-палявых жонак, не абавязкова шляхетнай крыві

Са старажытнарускіх былінаў мы даведаемся ня надта рамантычную гісторыю шлюбных адносінаў князя Ўладзімера і полацкай князёўны Рагнеды. Ганарлівая дачка полацкага ўладара Рагвалода правінілася толькі тым, што адрынула сватоў Уладзімера, які тады яшчэ княжыў у Ноўгарадзе, і аддала перавагу ягонаму брату Яраславу. Уладзімер, абражаны ў сваіх лепшых намерах, Рагвалодавы стольны град спаліў дашчэнту, а выдатнай палачанкай дэманстратыўна і жорстка авалодаў на вачах яе паланёнага бацькі і родных братоў, перш чым аддаў іх на пакутлівую сьмерць. Сам сын рабыні-наложніцы, Уладзімер, калі верыць паданьням, меў звычай вазіць у абозе да 800 паходно-палявых жонак, не абавязкова шляхетнай крыві. І што ж? Ці сапсавала гэта ягоную рэпутацыю ў вачах сучасьнікаў і нашчадкаў? Аніяк: ён і Русь хрысьціў, і да ліку сьвятых прылічаны, і помнік яму узьведзены на месцы хрышчэньня кіяўлянаў, і мянушка за ім замацавалася па-дзіцячаму кранальная — Уладзімер Чырвонае Сонейка.

Калі праблема законнай заклапочанасьці ўцекачоў ня будзе здавальняючым чынам вырашана самым бліжэйшым часам, падзеі могуць пачаць разьвівацца па швэдзкім сцэнары. Калісьці ціхая і нават сумнаватая краіна сёньня выйшла на другое месца ў сьвеце па колькасьці згвалтаваньняў і іншых злачынстваў на сэксуальнай глебе. Такі круты ўзьлёт наўрад ці можна растлумачыць толькі легендарным скандынаўскім тэмпэрамэнтам, тым больш што ён па часе супадае з масавым прыходам уцекачоў. Першае месца ў рэйтынгу, дарэчы, трывала ўтрымлівае паўднёваафрыканскае каралеўства Лесота, дзе адлоў безгаспадарных дзяўчат застаецца старадаўнім звычаем народных гуляньняў.

Нарэшце, у Нямеччыне існуе выдатна арганізаваная сфэра сэксуальных паслугаў, даўно выведзеная з «шэрай» эканамічнай зоны

Пры гэтым існуе цэлы веер варыянтаў, як тактоўна вырашыць праблему, фактычна якая стала галоўным пабочным эфэктам цяперашняй міграцыйнай хвалі. У Нямеччыне, у прыватнасьці, выдатна разьвіты інстытут валянцёраў, якія прысьвяцілі сябе самаадданаму догляду за эўрапейскімі навасёламі. Можна меркаваць, што многія зь іх адчуваюць неабходнасьць разрадзіць абстаноўку і зьбіць бессэнсоўна высокі градус эмоцый сярод перасяленцаў, чаму раздача упаковак з мінэральнай вадой дапамагчы ня можа. Кагосьці можна схіліць да ўцяшальнай місіі прыкладамі вышэйшай міласэрнасьці з сусьветнай літаратуры — хоць бы з апавяданьняў Гі дэ Мапасана. Хрысьціянскія цэрквы Нямеччыны, якія прытулілі ў парафіяльных памяшканьнях дзясяткі тысяч іншаверцаў, маглі б узгадаць вопыт храмавай прастытуцыі, у антычным сьвеце выключна папулярнай, якая і сёньня захавалася на поўдні Індыі. Гэты культурны інстытут старажытнага сьвету дазволіў бы забіць двух мух адным ударам: ізноў запоўніць вернікамі бязьлюдныя касьцёлы і кірхі, а божыя скарбонкі — шчодрымі дарамі.

Нарэшце, у Нямеччыне існуе выдатна арганізаваная сфэра сэксуальных паслугаў, даўно выведзеная з «шэрай» эканамічнай зоны. Зразумела, што ў цяперашняй сытуацыі ўцекачы ня маюць сродкаў для рэгулярных наведваньняў гэтых выдатна пастаўленых установаў, што і зьяўляецца сапраўднай прычынай іх зьневажальнай вулічнай агрэсіўнасьці. Сацыяльная дзяржава ўзроўню Нямеччыны абавязаная паклапаціцца аб тым, каб разам зь іншымі формамі дапамогі i ільготаў — талёнамі на харчаваньне, праязнымі, уваходнымі квіткамі на Актобэрфэст і гэтак далей — перасяленцам прадастаўлялася дапамога, здольная задаволіць і гэтую іх патрэбу. Можна ўявіць сабе раздачу абанэмэнтаў, якія палягчаюць ўлік, або строга абмежаваных грашовых сродкаў, якія роўныя тарыфам публічных установаў, якія адпавядаюць самым высокім стандартам. Тым самым можна будзе гарантаваць, што выдзеленыя бюджэтныя грошы не праваляцца ў нейкую чорную дзірку, але вернуцца ў крывазварот нямецкай народнай гаспадаркі. Толькі так можна ажыцьцявіць сьмелыя мары аб новым шанцу для Нямеччыны, якія пад бурныя авацыі ў свой час палымяна сфармулявала канцлерка Мэркель.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG