Амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандар Авяр’янаў даў інтэрвію польскаму часопісу «Сьвет эліт». Сёньня гэты тэкст зьявіўся на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Беларускі дыплямат называе бязьвізавы ўезд у беларускую частку Белавескай пушчы «выдатнай паездкай на ўік-энд»:
«З чэрвеня 2015 году наша краіна ў аднабаковым парадку ўвяла бязьвізавы рэжым для наведваньня беларускай часткі аднаго з нашых сумесных «зялёных брэндаў» — Белавескай пушчы. На жаль, пакуль аб гэтай магчымасьці занадта мала ведаюць палякі і эўрапейцы, хоць, як мне здаецца, гэта выдатны варыянт для паездкі на ўік-энд. Трэба толькі набыць тур у нацыянальны парк «Белавеская пушча», мець страхоўку і сапраўдны пашпарт.
А ў пушчы, паверце, ёсьць, што паглядзець у любую пару году. Мы імкнемся актыўна прапагандаваць бязьвізавыя наведваньні Белавескай пушчы, у тым ліку ў ходзе выставаў у Польшчы. Апошні прыклад — міжнародная выстава «ТТ Варшава 2015 году», у рамках якой праведзеная спэцыяльная тэматычная прэзэнтацыя нацыянальнага парку «Белавеская пушча».