Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марко» атрымае дзяржаўную дапамогу і баляст са стратных прадпрыемстваў


Беларуская абутковая кампанія «Марко» атрымае ад дзяржавы на льготных умовах пазыку ў памеры 200 мільярдаў рублёў. Падставай — мадэрнізацыя вытворчых магутнасьцяў. Тэхналягічнае абсталяваньне для гэтых мэтаў ня будзе абкладацца падаткам на дададзеную вартасьць і ўвознымі пошлінамі.

Заснавальнік «Марко» Мікалай Мартынаў — пасьпяховы беларускі бізнэсовец, які сумяшчае дзелавую і грамадзкую дзейнасьць. Ён — сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, старшыня Віцебскай абласной асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў.

Згодна з прэзыдэнцкім указам, падпісаным у апошні дзень 2015 году, упраўляючай кампаніі «Марко» будзе аказаная фінансавая дапамога ў рэалізацыі інвэстпраекту на выпуск 5 мільёнаў пар абутку штогод і рэканструкцыі Віцебскага футравага камбінату, які ўвайшоў у склад аднайменнага холдынгу.

Як вынікае з тэксту дакумэнту, «Марко» атрымае зь дзяржбюджэту агулам 200 мільёнаў эўра ў эквіваленце. Пры гэтым 80 мільярдаў рублёў былі пералічаныя на рахунак прадпрыемства яшчэ летась, 50 мільярдаў паступяць цягам 2016 году, і яшчэ 70 мільярдаў — у 2017-м. Вяртаньне займу рознымі долямі будзе ажыцьцяўляцца да 2022 году, сума за карыстаньне сродкамі складзе мінімальную велічыню — усяго 3% гадавых. Апроч таго, да 1 студзеня 2019 году камплектуючыя, сыравіна і матэрыялы, якія ўвозяцца на тэрыторыю краіны дзеля рэалізацыі праекту, вызваленыя ад абавязковага падаткаабкладаньня.

Холдынг «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія „Марко“» быў створаны ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў кастрычніку 2013 году. Апроч самой кампаніі «Марко», у яго ўвайшлі віцебскія прадпрыемствы «Сан Марко», «Марко Сэрвіс», «Вітма» і «Чырвоны Кастрычнік». Таксама ў склад холдынгу за адну базавую велічыню быў пераведзены Віцебскі футравы камбінат — з абавязковай умовай яго мадэрнізацыі пад вытворчасьць абутку і футравых вырабаў.

Згодна з палажэньнямі інвэстпраекту, у выпадку невыкананьня ўмоваў ці нямэтавага выкарыстаньня сродкаў холдынг ня толькі страціць фінансаваньне, але мусіць вярнуць дзяржаве ўсе ўкладзеныя ў яго грошы.

Адметна, што спачатку працэс мадэрнізацыі павінен быў завяршыцца за тры гады ад моманту падпісаньня дакумэнту, то бок ужо сёлета. Аднак указ, адкарэктаваны Лукашэнкам 31 сьнежня 2015-га, працягнуў гэты тэрмін на 2 гады. Мяркуецца, што да таго часу вытворчасьць абутку ад «Марко» дасягне 5 мільёнаў параў на год, а рэнтабэльнасьць продажу перавысіць 12%.

Якія шанцы знайсьці пакупнікоў на беларускі абутак, які ня можа пахваліцца канкурэнтаздольнасьцю на ўсясьветным рынку? Зь няхітрай арытмэтыкі вынікае, што калі арыентавацца выключна на ўнутранага спажыўца, раз на год віцебскія боты ды чаравікі павінен набываць кожны другі жыхар краіны. Выхад па-за межы Беларусі ўскладняецца цэлым шэрагам абмежавальных нормаў, а галоўны экспартны кірунак — расейскі — істотна звузіўся на тле зацяжнога крызісу, які накрыў Расею практычна ва ўсіх сфэрах. Нават у лепшыя часы экспарт абутку пад брэндам «Marko» вагаўся ў межах 1,5 мільёна пар на год, цяпер і гэты паказьнік давядзецца перасягаць.

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што падтрымка прадпрыемства, якое зоймецца вытворчасьцю з досыць сучасным мэнэджмэнтам — крок правільны. Аднак гэта не азначае, што рынак адкажа на ўзмацненьне пазыцыяў «Марко» ростам попыту і прыбыткаў:

Міхал Залескі
Міхал Залескі

«Мой падыход вельмі просты, капіталістычны — як гэта робяць у Эўропе, як робяць у Злучаных Штатах. То бок даюць дзяржаўную дапамогу тым арганізацыям — ці ў лёгкай прамысловасьці, ці ў сельскай гаспадарцы — якія на фоне астатніх выглядаюць лепей. У каго лепшы мэнэджмэнт, у каго ёсьць магчымасьць кіраваць грашыма, абсталяваньнем, людзьмі. Таму калі разважаць з макраэканамічных пазыцыяў, то ўсё робіцца абсалютна правільна — трэба даваць грошы таму, у каго хоць нешта атрымліваецца. Ход цалкам рацыянальны, я тут ня бачу ніякага крыміналу — хай шавец шые свае чаравікі і канкуруе зь іншымі. Але пытаньне зусім іншага парадку — што будзе з рынкам, што будзе з грашыма? Ёсьць наступны ўзровень — Міністэрства фінансаў, Нацыянальны банк, якія „робяць надвор’е“ ў эканамічнай палітыцы».

Відавочна, што ў нагрузку досыць пасьпяховай кампаніі намагаюцца павесіць шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ня маюць ніякіх шанцаў утрымацца на плыву самастойна. Таварныя асартымэнты таго ж «Чырвонага Кастрычніка» ці футравага камбінату даўно фізычна і маральна састарэлі, мала зьмяніўшыся ад савецкіх часоў. Але, як кажа Міхал Залескі, у тым і палягае сутнасьць холдынгу — сабраць пад адзін дах аўтсайдэраў, даўшы магчымасьць «абкатаць» на іх больш прагрэсіўныя бізнэс-тэхналёгіі:

Падобныя холдынгі ствараюць, каб навесіць стратныя прадпрыемствы на больш пасьпяховыя.

«З тым жа посьпехам можна было даць грошы беспэрспэктыўнай фабрыцы і падняць яе толькі дзеля таго, каб яна не ляжала. Але тут справа іншая: падобныя холдынгі ствараюць, каб навесіць стратныя прадпрыемствы на больш пасьпяховыя. То бок не дазволіць гэнаму камандзіру „Марко“ самастойна „грохнуць“ стратныя вытворчасьці і разагнаць тамтэйшых п’яніцаў. Вось гэтага яму не дазволяць, а ў іншым — усё нармальна».

Карэспандэнт: «Бальшыня інвэстпраектаў на фінішы прадугледжвае выхад на расейскі рынак. Як хутка акрыяе Расея, каб купляць віцебскія боты?»

«Ужо як Расея „акрыяе“, то мала не падасца. Сёньня індэкс РТС на навінах пра далейшае падзеньне нафты абваліўся да 700 пунктаў, а 5 гадоў таму быў 2500. Вось і ўсё іхняе „акрыяньне“ — за 5 гадоў расейская эканоміка абвалілася ўтрая. Само сабой, такія працэсы цягнуць за сабой і Беларусь, што цалкам лягічна — ня трэба было да такой ступені да Расеі прывязвацца».

Але ці не галоўная непрыемнасьць для беларускіх вытворцаў сыходзіць ад іншага стратэгічнага партнэра — Кітаю. Як кажуць экспэрты, беларускай прадукцыі лёгкай прамысловасьці аб’ектыўна складана супрацьстаяць кітайскім канкурэнтам, якія гатовыя дэмпінгаваць амаль што да ўзроўню сабекошту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG