Гандляр з Баранавічаў Мікола Чарнавус зладзіў адзіночны пікет з патрабаваньнем адмены ўказу № 222, з-за якога многія гандляры Беларусі спынілі працу.
Мікола Чарнавус выйшаў у Стары парк Баранавічаў з плякатам з надпісамі: «Ты нас душыш. Голад ня цётка. Улада крадзе. Казна пустая. Малайчына». Таксама на плякаце заклік: «ІП аб’ядноўвайцеся».
«З-за ўказу № 222 большая частка прадпрымальнікаў спыніла працу. Рынкі будуць страйкаваць да вырашэньня пытаньня па сутнасьці. А пакуль будзем і далей «тупаць нагамі», — кажа Мікола Чарнавус.
Мікола Чарнавус падаваў у Баранавіцкі гарвыканкам заяўку на пікет прадпрымальнікаў колькасьцю 1,5 тысячы чалавек, які меўся адбыцца 4 студзеня. Чыноўнікі пікет забаранілі, а прадпрымальнікі на плошчу так і не прыйшлі. Таму, кажа спадар Чарнавус, ён і вырашыў зладзіць адзіночны пікет у Старым парку — месцы, вызначаным уладамі для масавых мерапрыемстваў.
1 студзеня 2016 году ўступіў у сілу ўказ № 222. Ён патрабуе, каб прадпрымальнікі рэалізоўвалі прадукцыю лёгкай прамысловасьці, увезеную з краін Мытнага саюзу, толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі. Праблема ў тым, што расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасьць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакумэнты аб паходжаньні прадукцыі альбо прадстаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП церпяць ад штрафаў і канфіскацыяў.
Шмат хто з прадпрымальнікаў заяўляе, што спыняе працу на нявызначаны тэрмін.