У турыстычнай сядзібе «Хутар Дудара» мастак, музыка і этнограф Алесь Лось падчас школьных канікул праводзіць экскурсіі і майстар-клясы для школьнікаў і наведнікаў розных узростаў па гісторыі беларускай музыкі, вырабе музычных інструмэнтаў, кавальскаму майстэрству, а таксама мастацкія пленэры.
«Хутар Дудара» — лясная сядзіба ў Валожынскім раёне, якую наведваюць аматары і майстры этна-музыкі з усяго сьвету. Ад пачатку 1980-гадоў Алесь Лось займаецца вывучэньнем даўніх беларускіх музычных традыцыяў, а таксама займаецца адраджэньнем народных музычных інструмэнтаў: скрыпкі, цымбалаў, дуды, жалейкі.
Наведнікі сядзібы Алеся Лася маюць магчымасьць ня толькі паслухаць народную і шляхецкую музыку ў выкананьні капэлы Алеся Лася, але таксама паспрабаваць сваё ўмельства ў вырабе музычных інструмэнтаў.
Падчас школьных канікул для дзяцей гаспадар сядзібы ладзіць экскурсіі з музыкай і скокамі, падчас якіх знаёміць школьнікаў з гісторыяй паходжаньня беларускіх музычных інструмэнтаў, а таксама традыцыямі музычнай культуры беларусаў.