Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нататкі таткі» Андрэя Хадановіча — найлепшая кніга мастацкай літаратуры 2015 па вэрсіі экспэртаў Свабоды


Дзесяць экспэртаў на просьбу Свабоды вызначылі дзесяць найлепшых кніг прозы і паэзіі, якія выдадзеныя ў 2015 годзе.

Дзесяць экспэртаў на просьбу Свабоды вызначылі дзесяць найлепшых кніг прозы і паэзіі, якія выдадзеныя ў 2015 годзе.

Усяго нашы экспэрты назвалі 58 выданьняў. Кніга зь першай пазыцыі кожнага сьпісу набірала 10 балаў, з другой – 9, з трэцяй – 8 і так па ўбываючай. Склаўшы разам балы 10 асобных сьпісаў, мы вызначылі выніковую дзясятку. Вось як яна выглядае:

1. Андрэй Хадановіч. Нататкі таткі. «Мэдыял». 49 балаў.
2. Леанід Галубовіч. Поўня: выбранае. «Кнігазбор» (Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў»). 38.
3. Калевала. Пераклад з фінскай Якуба Лапаткі. Выдавец Зьміцер Колас. 27.
4. Валянціна Аксак. Дзікая сьліва. «Кнігазбор» (Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў»). 24.
5. Масей Кульбак. Зельманцы. Пераклад зь ідышу Віталя Вольскага. «Папуры». 23.
6 – 7. Аляксей Шэін. Сем камянёў. «Пазытыў-цэнтар». Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 1, 2. «Кнігазбор». 17.
8. Алесь Пашкевіч. Рух. «Кнігазбор». 16.
9 – 10. Міхась Стральцоў. Выбраныя творы. (Сэрыя «Беларускі кнігазбор»). «Беларуская навука». Адам Глобус. Гісторыі пра Менск і яго ваколіцы. «Логвінаў».

Выніковы ТОП-10 камэнтуе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч.

Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

— Спадар Барыс, наколькі чаканы ці нечаканы для вас атрыманы сьпіс?

— Якім бы ні быў гэты сьпіс, заўсёды знойдуцца тыя, каму ён не спадабаецца і для каго ён будзе нечаканым. Такая ўжо ў нас склалася традыцыя ў апошнія гады: крытыкі і крытыкаў у інтэрнэце будзе шмат. Раней арганізатараў апытанкі крытыкавалі за тое, што ў адным сьпісе літаратура нон-фікшн і мастацкая. Цяпер будуць крытыкаваць за тое, што тут ёсьць дзіцячая літаратура… Заўтра – за тое, што нельга разам параўноўваць паэзію, прозу і пераклады. Між тым Нобэлеўская прэмія адна для ўсіх… Выключэньне, праўда, усё ж дзіцячая літаратура, якая мае сваю асобную прэмію – імя Астрыд Ліндгрэн, гэтакага малога Нобэлю…

Што да чаканьня ці нечаканьня… Мне падаецца, кожны, хто цікавіцца сучаснай літаратурай, мае свой уласны сьпіс, які можа адрозьнівацца напалову і больш. Але дзеля гэтага і робіцца апытаньне дзесяці экспэртаў і падлічваюцца балы. Зразумела, мне прыемна бачыць у гэтым сьпісе кнігі Бібліятэчкі «Дзеяслова». Магла б сярод іх быць і кніга паэзіі Людмілы Рублеўскай. Нечакана хіба тое, што ў гэты сьпіс трапіла кніга дзёньнікаў Рыгора Барадуліна. Мне падаецца, гэта проста даніна памяці Рыгору Іванавічу. Хаця там апроч запісаў сустракаецца і шмат вершаў, уключаных укладальніцай Натальляй Давыдзенка. У пэўным сэнсе нечаканая і перамога Андрэя Хадановіча: уласна, ня столькі яго перамога, колькі перамога менавіта дзіцячай кнігі. А ўвогуле можна толькі пашкадаваць, што не пасьпелі выйсьці да апытаньня кнігі некаторых аўтараў, якія маглі б добра папоўніць гэты сьпіс. Кнігі Ўладзімера Арлова, Марыі Роўды, Паўла Касьцюкевіча, Андрэя Адамовіча, Віктара Марціновіча…І падобна, што, пазначаныя сёлетнім, ужо ўвогуле выпадуць і не ўвойдуць у сьпіс наступнага году. Бо лепшай кнігай году большасьць усё ж уяўляе сур’ёзны раман, зборнік паэзіі, напісаны нашым сучасьнікам, а не перавыданьне даўно адышоўшага клясыка ці пераклад сусьветнае клясыкі… Тады варта было б згадаць усю сэрыю кніг «Мая беларуская кніга» выдавецтва «Папуры».

Вось у гэтым сэнсе ёсьць некаторае расчараваньне вынікамі апытанкі ў цэлым і вынікамі году.

— Нашых экспэртаў мы прасілі называць толькі кнігі мастацкае прозы і паэзіі, бо паралельна складалі яшчэ адзін рэйтынг, у які ўваходзілі кнігі непрыдуманай літаратуры. Але тым ня менш некалькі чалавек не прынялі да ўвагі гэтую акалічнасьць і называлі ў ліку мастацкіх і кнігі, якія хутчэй ёсьць дакумэнталістыкай. Больш за тое, двухтомнік дзёньнікаў і запісаў Рыгора Барадуліна апынуўся і ў нон-фікшн дзясятцы, і ў мастацкай. Ці сапраўды цяпер час, калі жыцьцё, па словай беларускай набэліянткі Сьвятланы Алексіевіч, ёсьць найлепшай літаратурай? Вось жа і швэдзкія акадэмікі прысудзілі ёй прэмію за пяцітомнік непрыдуманай прозы.

— Гэта было правільнае рашэньне ў гэтай апытанцы – аддзяліць мастацкую прозу ад нон-фікшн. Больш за тое – падзел можа быць і далейшым. Але добра было б, каб нехта іншы, хто робіць падобныя апытанкі, усё ж працягваў называць агульную кнігу году – без падзелаў на жанры. Хоць бы тая ж «Наша Ніва». Што тычыцца нон-фікшн, то гэты жанр імкліва набывае папулярнасьць за мяжой і ў нас, і невыпадкова Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію. Гэта сьведчаньне прызнаньня гэтага жанру…

Скажу пра сябе: мне таксама з гадамі цікавей чытаць не мастацкую прозу, а літаратуру нон-фікшн: мэмуары, дзёньнікі, проста запісы, успаміны... Думаў, гэта ўзроставае. А цяпер бачу — такая агульная тэндэнцыя.

— Вы былі ў Стакгольме на цырымоніі ўзнагароджаньня Сьвятланы Алексіевіч Нобэлеўскай прэміяй. Пра што думалася вам падчас гэтай імпрэзы? Што вы там тады адчувалі?

— Так, як прымалі ў Швэцыі Сьвятлану Аляксандраўну, не прымалі нікога з нобэлеўскіх ляўрэатаў. Пасьля ўручэньня прэміі ёй аплядысмэнты не сьціхалі найдаўжэй. У зале чуліся крыкі «Брава» і «Ура»… Атмасфэра была ўзьнёслай і немагчыма было не паддацца агульнаму настрою радасьці і гонару за сваю краіну. Што думалася, пэўна, ня толькі мне і ня толькі тым беларусам, што прысутнічалі ў зале? І да гэтай урачыстасьці і падчас яе вельмі хацелася б, каб з вуснаў часьцей гучала назва нашай краіны Беларусь і каб нарэшце прагучала беларуская мова. Гэта вельмі важна і сёньня ў нашай сытуацыі і для гісторыі, для будучыні. Добра, што Сьвятлана Аляксандраўна адчула гэтае пажаданьне і ў апошняй прамове беларуская мова прагучала самым запамінальным – апошнім акордам яе выступу. Гэтая падзея – наш Нобэль — увойдзе і ўжо ўвайшла ў гісторыю Беларусі, як бы яе ні замоўчвалі афіцыйныя ўлады

— Як, па-вашаму, паўплывае атрыманьне першага беларускага літаратурнага Нобэлю на далейшы літаратурны працэс у Беларусі?

— Ну, некаторыя кажуць, што цяпер нам не відаць новага Нобэлю гадоў трыццаць, а то і ўвогуле да канца сьвету… У гэтым сэнсе баюся, што ў некаторых амбітных творцаў апусьцяцца рукі і яны зап’юць… Гэта жарт. Безумоўна, паўплывае станоўча. Беларускай літаратурай, беларускімі творцамі, думаю, павінны зацікавіцца ў сьвеце. Што гэта за краіна такая, якая дала сьвету Нобэлеўскага ляўрэата, ці ёсьць там яшчэ цікавыя творцы? Не зьявілася ж Сьвятлана Алексіевіч на пустым месцы і не адна ж яна піша. Былі ў яе папярэднікі і настаўнікі, як яна сама сказала: Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, ёсьць сучасьнікі і пасьлядоўнікі… А таму хацелася б, каб дзякуючы гэтай цікавасьці, побач з кнігамі Алексіевіч зьявілася бібліятэчкі з кніг сучасных беларускіх літаратараў, прынамсі, у нашых суседзяў ды на сусьветных мовах – ангельскай, нямецкай, гішпанскай, французскай. Калі так будзе, то гэта, вядома ж, падштурхне нашых творцаў да стварэньня новых цікавых кніг.

Як галасавалі нашы экспэрты

Аксана Спрынчан, паэтка, рэдактарка («Мастацкая літаратура»)

1.Алег Аблажэй. Красамоўнае сэрца: казка. Менск, «Мастацкая літаратура».
2. Валянціна Аксак. Дзікая сьліва: вершы. Менск, «Кнігазбор» (Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў»).
3. Алесь Аркуш. Песьні ля Замкавай гары: вершы(1985-2014). «Полацкае ляда».
4. Леанід Галубовіч. Поўня: выбранае. Менск, «Кнігазбор» (Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў»).
5. Зьміцер Дзядзенка. Гісторыі ў прыцемках: аповесьці, апавяданьне. Менск, «Кнігазбор» («Кнігарня пісьменьніка»).
6. Алесь Пашкевіч «Рух»: аповесьць. Менск, «Кнігазбор».
7. Барыс Пятровіч. Пуціна: аповесьці. Менск,
8. Людміла Рублеўская. Зьяўленьне Інфанты: вершы. Менск, «Кнігазбор» (Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў»).
9. Натальля Русецкая. Каштаны ў кішэнях: вершы. Менск, «Кнігазбор» (Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў»).
10. Віктар Шніп. Заўтра была адліга: дзёньнікавы раман паэта. Менск, «Мастацкая літаратура».

Ала Петрушкевіч, літаратуразнаўца

1. Зоська Верас. Выбраныя творы. «Беларуская навука».
2. Леанід Галубовіч. Поўня: выбранае. «Кнігазбор».
3. Ян Чыквін. Здарылася быць. «Белавежа».
4. Янка Трацяк. Саветы. «ЮрСаПрінт».
5. Валянціна Аксак. Дзікая сьліва. «Кнігазбор».
6. Алесь Пашкевіч. Рух. «Кнігазбор».
7. Люба Турбіна. Поезд «Минск–Москва»=«Цягнік Мінск–Масква». «Кнігазбор».
8. Натальля Русецкая. Каштаны ў кішэнях. «Кнігазбор».
9. Васіль Жуковіч. Арабінавая ноч. «Кнігазбор».
10. Зміцер Дзядзенка. Гісторыі ў прыцемках. «Кнігазбор».

Алесь Мазанік, кнігараспаўсюднік (imbryk.by)

1. Глеб Лабадзенка. Дзіцячая замова. Частка другая. Самвыдат.
2. Аляксей Шэін. Сем камянёў. «Пазытыў-цэнтар».
3. Хадановіч Андрэй. Нататкі таткі. «Мэдыял».
4. Arłoǔ Uładzimier. Patria Aeterna. «Логвінаў».
5. Руіз Анхела Эспіноса. Раяль ля мора. «Логвінаў».
6. Ніл Гілевіч. У віры быцця. «Кнігазбор».
7. Маша Чаракова і Марта Чарнова. Heta Belarus, Dzietka. «Харвест».
8. Календа Сяргей. Усё ўлічана. All Inclusive. «Логвінаў».
9. Глобус Адам. Гісторыі пра Мінск і ваколіцы. «Логвінаў».
10. Пашкевіч Алесь. Рух. «Кнігазбор».

Анатоль Івашчанка, паэт, адказны сакратар часопіса «Дзеяслоў»

1. Францішак Аляхновіч. У кіпцюрох ГПУ. «Папуры».
2. Міхась Стральцоў. Смаленьне вепрука. «Папуры».
3. Леанід Галубовіч. Поўня. «Кнігазбор».
4. Барыс Пятровіч. Пуціна. «Кнігазбор».
5. Андрэй Хадановіч. Нататкі таткі. «Мэдыял».
6. Алесь Пашкевіч. Рух. «Кнігазбор».
7. Людміла Рублеўская. Зьяўленне Інфанты. «Кнігазбор».
8. Валянціна Аксак. Дзікая сьліва. «Кнігазбор».
9. Аляксей Шэін. Сэм камянёў. «Пазытыў-цэнтар».
10. Натальля Русецкая. Каштаны ў кішэнях. «Кнігазбор».

Вольга Бабкова, загадчыца літаратурнай часткі тэатру імя Я.Купалы

1. Калевала. Пераклад зь фінскай мовы Якуба Лапаткі. Выдавец Зьміцер Колас.
2. Уладзімер Арлоў. Імёны свабоды. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.
3. Максім Гарэцкі. Дзьве душы. «Папуры».
4. Майсей Кульбак. Зельманцы. «Папуры».
5. Зыгмунт Мілашэўскі. Доля праўды. Пераклад з польскай мовы Марыны Казлоўскай. «Логвінаў».
6. Сяргей Абламейка. Мой Картаген. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. 2
7. Аляксей Шэін. Сем камянёў. «Пазытыў-цэнтар».
8. Вільгельм Гаўф. Казкі. Укладальнік Ганна Янкута. Пераклад зь нямецкай мовы. «Кнігазбор».
9. Свэн Нурдквіст. Пэтсан і Фіндус сьвяткуюць Каляды. Пераклад са швэдзкай Надзеі Кандрусевіч. «Кнігазбор».
10. В.Адамчык. «Чужая Бацькаўшчына». «Папуры».

Вольга Гулева, супрацоўніца музэю гісторыі беларускай літаратуры

1. Уладзімер Караткевіч. Збор твораў у 25 т. Т. 8-10. «Мастацкая літаратура».
2. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 1, 2. «Кнігазбор».
3. Андрэй Хадановіч. Нататкі таткі. «Мэдыял».
4. Францішак Багушэвіч. Выбраныя творы. «Кнігазбор».
5. Міхась Стральцоў. Выбраныя творы. «Кнігазбор».
6. Сяргей Мацін. Мары хмар. «Галіяфы».
7. Іван Навуменка. Збор твораў у 10 т. Т. 5. «Мастацкая літаратура».
8. Васіль Жуковіч. Арабінавая ноч. «Кнігазбор».
9. Аляксей Шэін. Сем камянёў. «Пазытыў-цэнтар».
10. Людміла Рублеўская. Зьяўленне Інфанты. «Кнігазбор».

Ганна Янкута, літаратурны крытык, перакладчыца

1. Альгерд Бахарэвіч. Белая муха, забойца мужчын. «Галіяфы».
2. Małgorzata Szejnert. Usypać góry. Historie z Polesia. «Znak».
3. Андрэй Хадановіч. Нататкі таткі. «Мэдыял».
4. Калевала. Пераклад зь фінскай мовы Якуба Лапаткі. Выдавец Зьміцер Колас.
5. Майсей Кульбак. Зельманцы. Пераклад зь ідышу Віталя Вольскага. «Папуры».
6. Адам Глобус. Гісторыі пра Мінск і ваколіцы. «Логвінаў».
7. Патрык Оўржэднік. Эўрапеана. Пераклад з чэскай мовы Юліі Сматрычэнкі. «Логвінаў».
8. Ігар Кулікоў. Сівер-гара. «Мэдысонт».
9. Катэржына Тучкава. Жыткаўскія багіні. Пераклад з чэскай мовы Сьвятланы Рогач. «Логвінаў».
10. Зыгмунт Мілашэўскі. Доля праўды. Пераклад з польскай мовы Марыны Казлоўскай. «Логвінаў».

Марына Весялуха, літаратурны крытык

1. Калевала. Пераклад зь фінскай мовы Якуба Лапаткі. Выдавец Зьміцер Колас.
2. Міхась Стральцоў. Выбраныя творы (сэрыя «Беларускі кнігазбор») «Беларуская навука».
3. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 1, 2. «Кнігазбор».
4. Леанід Галубовіч. Поўня. «Кнігазбор».
5. Ігар Кулікоў. Сівер-Гара. «Мэдысонт».
6. Казкі майго гораду: Зборнік твораў выпускнікоў Школы маладога пісьменьніка. «Кнігазбор».
7. Беларуская літаратура XVI cт. Зборнік перакладзеных і адаптаваных тэкстаў. Укладальнік Іван Саверчанка. «Беларуская навука».
8. Сяргей Календа. Усё ўлічана. All Inclusive. «Логвінаў».
9. Людміла Рублеўская. Зьяўленне Інфанты. «Кнігазбор».
10. Алег Аблажэй. Красамоўнае сэрца. «Мастацкая літаратура».

Павал Касьцюкевіч, празаік, арт-дырэктар кнігарні «Логвінаў»

1. Андрэй Хадановіч. Нататкі таткі. «Мэдыял».
2. Майсей Кульбак. Зэльманцы. «Папуры».
3. Адам Глобус. Гісторыі пра Менск і яго ваколіцы. «Логвінаў»
4. Вільгерм Гаўф. Казкі. Пераклад зь нямецкай. Укладальнік Ганна
Янкута. «Кнігазбор».
5. Яўген Ціхановіч. Партрэт стагодзьдзя. «Лімарыюс».
6. Зыгмунт Мілашэўскі. Доля праўды. Пераклад з польскай мовы Марыны
Казлоўскай. «Логвінаў».
7. Ігар Мельнікаў. Заходнебеларуская Атлянтыда 1921—1941 гг. «Галіяфы».
8. Андрэй Адамовіч. Таўсьціла і лешч. «Логвінаў».
9. Сяргей Жадан. Украінскія авіялініі. Пераклад з украінскае мовы. «Крок».
10. Дарота Міхалюк. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг.
Пераклад з польскае Алеся Пілецкага. «Інстытут беларусістыкі».

Ціхан Чарнякевіч, літаратурны крытык

1. Маша Лаппо. Сплошная среда. «Логвінаў».
2. Андрэй Хадановіч. Нататкі таткі. «Мэдыял».
3. Дмитрий Строцев. Шаг. «Новые Мехи».
4. Леанід Галубовіч. Поўня: выбранае. «Кнігазбор».
5. Валянціна Аксак. Дзікая сьліва. «Кнігазбор».
6. Георгий Бартош. Ботиночки. «Галіяфы».
7. Ігар Кулікоў. Сівер-гара. «Мэдысонт».
8. Натальля Русецкая. Каштаны ў кішэнях. «Кнігазбор».
9. Татьяна Светашёва. Разные вещи. «Кнігазбор».
10. Майсей Кульбак. Зельманцы. «Папуры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG