26 лістапада сакратара КХП-БНФ Алеся Чахольскага, у якога ў верасьні на мяжы з Польшчай адабралі кнігі Зянона Пазьняка, выклікалі ў Фрунзенскі суд Менску, дзе мае разглядацца ягоная адміністрацыйная справа паводле артыкула аб распаўсюдзе экстрэмісцкай літаратуры.
Гаворка пра кнігі Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял». Апошняя напісаная ў суаўтарстве з Валерам Буйвалам. Карэспандэнт Свабоды патэлефанаваў лідэру КХП-БНФ Зянону Пазьняку, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы, і папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю вакол ягоных кніг.
— Гэта тыповая акупацыйная палітыка па зьнішчэньні беларускай культуры, якая працягваецца ўжо 20 гадоў пад розным выглядам, рознымі прыдумкамі, рознымі эўфэмізмамі.
Канечне, ніякага там экстрэмізму няма, слоўца гэтае прыдуманае, як некалі прыдумалі тэрмін «трацкізм» для зьнішчэньня людзей. Мільёны людзей пазьнішчалі паводле абвінавачваньня ў трацкізьме, але ніхто ня ведаў, што гэта такое. Але павінен быць такі эўфэмізм.
Ці вось прыдумалі такі эўфэмізм «нецэнзурна выражаўся», і за гэтае «нецэнзурна выражаўся» можна людзей хапаць, кідаць у турму і гэтак далей. Гэтак жа прыдумалі «экстрэмізм». Гэта мэтад акупацыйнай улады. Гэтая ўлада акупацыйная, і яны прыдумалі розныя мэтады, каб распраўляцца з культурай. Вось чарговы выпадак.
Яны змагаюцца ўжо 20 гадоў з Курапатамі, бо кіруюць нашчадкі тых, хто расстрэльваў, але нічога ў іх не атрымліваецца, бо гэта няпроста. І вось чарговы захад супроць Курапат, супроць майго імя — яны таксама 20 гадоў ня могуць нічога зрабіць.
З гэтага мы павінны зразумець, што такі рэжым ня можа кіраваць нашай дзяржавай і супроць яго трэба змагацца. Бо няма выбараў, няма нармальнай эканомікі, культуры — анічога. Адно хамства і зьдзек зь людзей. Тыя законы, якія прыдумляюцца, яны цалкам скіраваныя супроць людзей.
Як толькі Эўразьвяз, эўрачыноўнікі ідуць насустрач дыктатуры, рэжыму, пачынаюць яго гладзіць па шэрсьці, вось зьнялі санкцыі — гэта для іх карт-блянш, гэта для іх знак, што можна зьнішчаць далей культуру, можна душыць людзей
І яшчэ адзін аспэкт трэба мець на ўвазе — гэта зьвязана з пэўнай абстаноўкай у сьвеце. Бо як толькі Эўразьвяз, эўрачыноўнікі ідуць насустрач дыктатуры, рэжыму, пачынаюць яго гладзіць па шэрсьці, вось зьнялі санкцыі — гэта для іх карт-блянш, гэта для іх знак, што можна зьнішчаць далей культуру, можна душыць людзей, а Захад на гэта заплюшчыць вочы.
Вось на гэта яны спадзяюцца — што зараз пачынаецца чарговая эскаляцыя нападу на культуру, на людзей. Бо рэжым аганізуе, а Захад заняты сваімі праблемамі, мігрантамі, вайной у Сырыі — ды забудзецца на іх і на Ўкраіну. Гэта тыповая псыхалёгія бандытаў.
— То бок вы мяркуеце, што гэта ня нейкая мясцовая ініцыятывы якога раённага начальніка, а мэтанакіраваная агульная лінія — залічыць вашы кнігі ў разрад экстрэмісцкіх, так?
— Канечне. Гэтыя ж кніжкі выйшлі тры ці болей гады таму, яны распаўсюджаныя, ёсьць шмат дзе, і раптам пачынаецца вось такое, што затрымліваюць іх на мяжы. Гэта ня можа быць выпадкова.
І ўвогуле ў гэтым рэжыме ўсё, што зьвязана з культурай, з палітыкай — усё зьвязана, як кажуць, зь вярхоўным камандаваньнем. Само сабой не бывае, гэтак пабудавана дыктатура.
— Як вы пракамэнтуеце раптоўную адмену афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву? Якая ваша вэрсія прычыны гэтай адмены? Гэта з-за расейскай вайсковай базы ў Беларусі, ці гэта грашовая праблема?
— Ды ён ім непатрэбны, яны безь яго ўсё гэта вырашаць. У іх праблемы ў Сырыі, вунь самалёт зьбілі, праблемы з Турэччынай, і ім ня трэба часу на яго траціць. Яны ўсё вырашаюць самі, а яго ніхто не пытае.
Лукашэнка ім непатрэбны, яны безь яго ўсё гэта вырашаць
Вы ж бачыце, што адбываецца? Яны ўжо вырашылі, што будуць 12 самалётаў, а ён усё «ня ведае». Думалі — паведамяць, а цяпер ім прыйшло ў галаву, што можна і не паведамляць. Гэта трэба мець на ўвазе, што ён нічога не вырашае ў такіх пытаньнях.
Ён даўно здаў Беларусь, здаў нашу эканоміку і культуру, здаў палітыку і займаецца толькі дэмагогіяй ды перасьледам сваіх палітычных ворагаў — больш нічога. Гэта вялікае няшчасьце, што мы апынуліся ў такім стане, у пэўнай ступені тупіковым, бо грамадзтва настолькі панішчанае, панішчаная грамадзянская супольнасьць, партыі, арганізацыі, што дзеля таго, каб сабраць сілу, патрэбны час.
І працягваецца гэтая агонія рэжыму. У яго няма абсалютна ніякіх ідэй, яны ня ведаюць, што рабіць, і ня хочуць нічога рабіць — толькі трымацца ва ўладзе. А для Масквы гэта таксама выгадна. Каб ён тут быў і ягоны рэжым згніў на корані, каб усё развалілася, а тады — падтрымаць якога-небудзь свайго стаўленіка пад выглядам дэмакратыі і голымі рукамі ўсё забраць. Усю маёмасьць, зямлю — усё. Вось палітыка Масквы, і таму яны будуць трымаць яго да канца, хай толькі ўсё гніе і развальваецца.
— Вяртаючыся да вашых кніг: у выніку ці прызнае іх суд экстрэмісцкімі?
— Яны маглі б і Біблію прызнаць экстрэмісцкай кнігай, ці Эвангельле. Ня мае значэньня, што яны прызнаюць. Для іх мае значэньне тое, што шкодна для іхняй улады, бо ўзбуджае вольныя нацыянальныя думкі ў галовах. Людзі чытаюць, бачаць, што там нешта хораша, нешта разумна, ці бачаць, што апісаныя злачынствы, а гэта ўзбуджае іхнюю сьвядомасьць, трэба супроць гэтага змагацца. І таму рэжым хоча гэта зьнішчыць. І тут для іх ня мае значэньня, якія будуць кнігі — любыя, якія будзе патрэба. Рэжым завостраны на зьнішчэньне ўсяго, у тым ліку асабіста супроць майго імя, і рашэньне суду будзе залежаць ад таго, што ім скажуць зьверху. А зьверху сказалі: «Фас, кусі!». Вось яны і кусаюць.
Зь ліста, які атрымаў Алесь Чахольскі зь Берасьцейскай мытні, вынікае, што мытнікі зьвярнуліся ў суд Маскоўскага раёну Берасьця з просьбай прызнаць кнігі Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял» экстрэмісцкімі. Да кнігі «Сэсія незалежнасьці» ў мытнікаў прэтэнзіяў няма. Копіі заключэньня экспэртнай камісіі Берасьцейскай вобласьці, паводле якога кнігі Зянона Пазьняка прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, актывісту КХП-БНФ Алесю Чахольскаму дагэтуль не паказалі.