Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя ВКЛ» Алеся Краўцэвіча — кніга году


Алесь Краўцэвіч і яго кнігі "Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377)" і "Гедымін (1316—1341). Каралеўства Літвы і Русі"
Алесь Краўцэвіч і яго кнігі "Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377)" і "Гедымін (1316—1341). Каралеўства Літвы і Русі"

Як выглядае Топ-10 найлепшых беларускіх кніг у жанры «непрыдуманай літаратуры»? Што чакае гэты жанр пасьля атрыманьня беларускага Нобэля? Кнігі якіх аўтараў да выданьня зацьвярджае КДБ? Гутарка са старшынёй сэкцыі літаратуры нон-фікшн пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў Натальляй Гардзіенка.

— Спадарыня Натальля, сёлета жанр «непрыдуманай літаратуры», якім Вы апякуецеся ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, быў адзначаны Нобэлеўскай прэміяй. Ці паспрыяе гэта разьвіцьцю названага жанру ў Беларусі?

Натальля Гардзіенка
Натальля Гардзіенка

— Пра нейкі ўплыў можна будзе размаўляць гады праз два-тры. Пакуль казаць зарана. Маю надзею, што хоць успрыманьне непрыдуманай літаратуры ў грамадзтве і ў колах літаратараў крыху зьменіцца, і яе будуць бачыць як літаратуру, а не як нешта другаснае. Прыклад такога cтаўленьня я адчула на сабе, калі мяне даволі складана прымалі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, бо нон фікшн — гэта нібыта не літаратура.

Па-шчырасьці, ня думаю, што Нобэль справакуе нейкі росквіт айчыннай літаратуры нон фікшн. Павінны адбыцца больш глябальныя зьмены на ўзроўні грамадзтва. Зразумелая сёньняшняя цікавасьць да Сьвятланы Алексіевіч і яе творчасьці, але наколькі яна будзе трывалай? Звычайна ў кніжных крамах складаюцца рэйтынгі самых прадаваных кніг. А было б карысна скласьці рэйтынг самых пытаных, вызначыць наяўнасьць «незадаволенага попыту». У сувязі з тым самым Нобэлем, цікава, ці шмат людзей зьвярталіся ў кнігарні пасьля прамовы Сьвятланы Алексіевіч з запытам кніг пра яе, пра тых, каго яна назвала сваімі настаўнікамі: Алеся Адамовіча, Васіля Быкава? Ці шмат захацелі перачытаць «Я з вогненнай вёскі»? На Захадзе на ўсё гэта быў бы попыт, і аўтары ды выдаўцы парупіліся б пра яго задавальненьне. Ці спрацуе гэта ў нас — вялікае пытаньне.

— Прыканцы году мы звычайна апытваем 10 экспэртаў з мэтай вызначыць найлепшыя кнігі ў жанры нон-фікшн. Сёлета было названа 54 выданьні. Гэта многа ці мала для Беларусі?

— Ня думаю, што самі па сабе лічбы пра нешта гавораць. На прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў, што ўручалася сёлета за кнігі, выдадзеныя ў 2011-2014 гадах у галіне непрыдуманай літаратуры, было пададзена каля 50 кніг, і таксама складана ацаніць, ці гэта багата, ці не. Па-мойму, важна, што ёсьць з чаго выбіраць. Калі б усе 10 экспэртаў назвалі тыя самыя 10 кніг, можна было б канстатаваць, што ім не было з чаго выбіраць. Адзначылі 54, значыць, рэальна іх больш, значыць, ёсьць выбар, і гэта ўжо нямала. Хоць, паводле суб’ектыўных адчуваньняў, кніг у галіне непрыдуманай літаратуры сёньня ў Беларусі магло б быць значна больш.

Каб Алексіевіч была амэрыканкай, то пакуль яна даехала б са Стакгольму дахаты, у кнігарнях ужо зьявіліся б яе біяграфіі.

Агульная тэндэнцыя ў сьвеце сьведчыць пра пашырэньне цікавасьці менавіта да літаратуры нон фікшн, зьяўленьне вялікай колькасьці кніг, прысьвечаных актуальным сацыяльным, культурным, палітычным праблемам. Прычым, адна з рысаў гэтай літаратуры — апэратыўнасьць. Мяркую, каб Алексіевіч была амэрыканкай, то пакуль яна даехала б са Стакгольму дахаты, у кнігарнях ужо зьявіліся б яе біяграфіі, кнігі, прысьвечаныя яе творчасьці, акрамя, зразумела, яе ўласных кніг. І гэта датычыць любых знакавых падзеяў ці пэрсонаў. Так гэта працуе на Захадзе. У Швэцыі адным з бэстсэлераў зьяўляецца біяграфія Златана Ібрагімавіча, і гэта таксама паказальна. Нас гэтая тэндэнцыя зьяўленьня актуальных кніг, прысьвечаных падзеям, праблемам, героям сучаснасьці пакуль не асабліва закранула. Хоць і ў нас у галіне нон фікшн зьяўляюцца цікавыя кнігі.

Топ-10 найлепшых кніг 2015 году выглядае наступным чынам:

1. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка 48 балаў;

2. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Укл. М. Скобла. Лімарыюс 45;

3. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Укл. М. Скобла. Лімарыюс 44;

4. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор 37;

5. Зоська Верас. Выбраныя творы. Укл. Ганна Запартыка. Беларуская навука 35;

6. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы: у 2 тамах. Укл. Н. Давыдзенка Кнігазбор 30;

7. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні: з гісторыі нацыянальнага руху 1909–1939 гг. Выдавец А. Янушкевіч 22;

8. Цімох Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. Тэхналогія 20;

9. Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны. Выдавец Зміцер Колас 19; Апазыцыя БНФ Вярхоўнага Савету XII скліканьня. Укл. А. Кур’яновіч. Інбелкульт 19;

10. Янка Запруднік. Па гарачых сьлядах мінуўшчыны: мае лісты 1952–1959 гг. Лімарыюс 18.

Як Вы можаце пракамэнтаваць гэты сьпіс?

— Камэнтаваць можна па-рознаму. Я не лічу, што такія рэйтынгі сапраўды адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў. Найперш заўважу, што кнігі, якія тут адзначаны, пераважна пабачылі сьвет у другой палове году, відаць, тое, што выйшла крыху раней, проста памятаецца горш. Да таго ж, літаратура нон фікшн — даволі шырокае паняцьце. У адрозьненьне ад мастацкай літаратуры, дзе крытэры ацэнкі больш унівэрсальныя, «вечныя», ва ўспрыманьні літаратуры нон-фікшн шмат асабістага, яно моцна завязана на сфэры дзейнасьці і асабістых інтарэсах кожнага канкрэтнага чытача. Я для сябе вылучаю тры групы кніг нон-фікшн: першая — тое, што адпавядае маёй асабістай прафэсійнай цікавасьці — кнігі, зьвязаныя з эміграцыяй. Таму для мяне сёлета найбольш цікавыя кнігі Лявона Юрэвіча, Вітаўта Кіпеля, Янкі Запрудніка ды іншыя «эміграцыйныя». І гэта можа нават не залежыць ад іх якасьці. Яны цікавыя сваёй тэмай і самім сваім зьяўленьнем. Думаю, гэтак ацэньваюць і іншыя прафэсіяналы. Другая група кніг датычыць актуальных, важных тэмаў, кнігі, што адказваюць на пытаньні, дзе мы жывем, чаму так сталася і г. д. Гэткай у 2012 годзе была для мяне «Майстроўня» Сяргея Дубаўца, што адзначана прэміяй імя Стагановічаў. Сёлета з гэткага гледзішча мне цікавыя кнігі Сяргея Навумчыка — «Дзевяноста чацьверты» (перавыданьне) і «Дзевяноста пяты», яны ствараюць своеасаблівы летапіс важных, знакавых для нашай краіны гадоў, якія і я памятаю. Трэцяя група кніг непрыдуманай літаратуры, якія я для сябе выбіраю — іх можна ўмоўна назваць «эсэі», нашчадкі Мантэня, тыя, дзе мне цікавы аўтар, яго асоба, яго пазыцыя, з кім цікава як бы праз кнігу паразмаўляць. Звычайна гэта людзі, якія вандруюць, аналізуюць, ацэньваюць, рэфлексуюць. Сёлета я для сябе тут вылучыла кнігу Сяргея Абламейкі «Мой Картаген». Аднак гэта мой суб’ектыўны выбар, залежны ад маіх цікавасьцяў. Недзе гэтаксама, мяркую, вызначалі свае дзясяткі і экспэрты. Ацэньваючы выніковы топ-10 можна толькі сьцьвярджаць, што апытаныя чытачы па-ранейшаму аддаюць перавагу кнігам пра мінулае, і чым далейшае яно, тым лепей. Ну і, безумоўна, надзвычайная жанчына была Зоська Верас, калі нават дзьве яе кнігі ўвайшлі ў пяцёрку найлепшых.

— Тры кнігі зь дзясяткі прысьвечаныя эміграцыі. Чаму нашых чытачоў па-ранейшаму так цікавяць падзеі эмігранцкага жыцьця?

Па-ранейшаму чытачоў цікавіць Вялікае Княства Літоўскае і асоба Ларысы Геніюш.

— Думаю, казаць «па-ранейшаму» не выпадае. Хутчэй, па-ранейшаму чытачоў цікавіць Вялікае Княства Літоўскае і асоба Ларысы Геніюш. Наогул, стабільная цікавасьць да часоў ВКЛ у грамадзтве можа зьяўляцца вынікам своеасаблівага агульнага «сыходу» ад праблемаў сучаснасьці празь немагчымасьць іх адрэфлексаваць. Але гэта асобная тэма для развагаў. Што ж датычыць эміграцыі, то я б сказала, што можна адзначыць хутчэй пэўнае адраджэньне цікавасьці да яе: да аўтараў-эмігрантаў, іх спадчыны, гісторыі і штодзённасці эміграцыі. І для мяне асабіста гэта сьведчаньне пэўнага выніку, у тым ліку і ўласнай працы, уласных намаганьняў па папулярызацыі тэмы эміграцыі. Тры кнігі ў топ-10, выдадзеныя зь ініцыятывы нью-ёрскага Беларускага інстытуту навукі і мастацтва — гэта для мяне важна.

— З 54-х названых экспэртамі кніг толькі 8 выйшлі ў дзяржвыдавецтвах. Чаму дзяржава не зацікаўленая ў выданьні падобнай літаратуры?

Сьпіс меўся ўзгадняцца ў Міністэрстве інфармацыі, а там прапанавалі яго скіраваць для ацэнкі ў... КДБ.

— Магу прывесьці канкрэтны прыклад. Да мяне сёлета зьвярнулася адно дзяржаўнае выдавецтва з просьбай скласьці сьпіс кніг, прысьвечаных беларускаму замежжу, якія маглі б утварыць у іх адмысловую сэрыю. Улічваючы спэцыфіку «дзяржаўнасьці» выдавецтва, я зрабіла такі сьпіс з унутранай цэнзурай. Праз колькі месяцаў маўчаньня я даведалася, што сьпіс меўся ўзгадняцца ў Міністэрстве інфармацыі, а там прапанавалі яго скіраваць для ацэнкі ў... КДБ. Сёньня дзяржаўныя выдаўцы вельмі ідэалягічна абмежаваныя. Яны мусяць працаваць у межах накінутай ім сыстэмы каардынатаў, а гэта значыць, што ёсьць багата тэмаў, кнігі на якія яны друкаваць ня могуць, бо гэта можа выклікаць пытанні «зьверху». Таму выданьні пра эміграцыю, прынамсі паваенную, заходнюю, не друкуюцца ў дзяржаўных выдавецтвах. Таксама як кнігі, прысьвечаныя альтэрнатыўным поглядам на праблемы мінулага і сучаснасьці, або выданьні «непажаданых» аўтараў. Я лічу, што нон фікшн — літаратура прафэсіяналаў. Каб напісаць вартасную кнігу нон фікшн, трэба мець прафэсійныя веды ў пэўнай галіне. Можа, таму гэтая літаратура так няёмка пачуваецца ў дзяржаве, заснаванай на прафанацыі.

— Якія кнігавыдавецкія праекты ў жанры «літаратуры факту» (асабліва плённыя) Вы хацелі б адзначыць?

— Зразумела, як любы жывы чалавек, я найперш буду казаць пра сваё, тыя праекты, а дакладней кніжныя сэрыі, да якіх сама маю дачыненьне. Напрыклад, гэта «Бібліятэка Бацькаўшчыны», выдаваная Згуртаваннем беларусаў сьвету, дзе сёлета выйшлі чатыры кнігі (а да канца году мае зьявіцца яшчэ і пятая). Дзьве з гэтых кніг увайшлі ў топ-10 (кнігі Лявона Юрэвіча і Янкі Запрудніка). Мне здаецца, што менавіта дзякуючы гэтай сэрыі, дзе ад 2004 году выйшла ўжо каля 30 кніг, і аднаўляецца цікавасьць да эміграцыі. Другая сэрыя, якую адзначу, — «Беларуская мэмуарная бібліятэка» выдавецтва «Лімарыюс». Зь яе таксама дзьве кнігі сёлета ў Топ-10. Да іх яшчэ варта дадаць успаміны Яўгена Ціхановіча «Партрэт стагодзьдзя», падрыхтаваныя Сяргеем Харэўскім, выдадзеныя сёлета ў гэтай жа сэрыі. Наогул, важнасьць і вартасьць выданьня мэмуараў сёньня складана пераацаніць. І яшчэ я хачу адзначыць адзін вельмі важны, як мне здаецца, кнігавыдавецкі праект у галіне нон фікшн — гэта «Бібліятэка Свабоды». Для мяне гэта той самы актуальны нон фікшн, які ствараюць прафэсіяналы і які адлюстроўвае праблемы і патрэбы сучаснасьці. У зьвязку з нон фікшн у шырокім сэнсе можна казаць і пра адносна маладое выдавецтва Андрэя Янушкевіча, і пра сталую «Гарадзенскую бібліятэку»...

— Зразумела, ня ўсе вартыя кнігі трапілі ў сьпіс Свабоды. Што зь неназванага, на Вашу думку, заслугоўвае чытацкай увагі?

— Мне здаецца, што чытацкай увагі заслугоўваюць кнігі, выдадзеныя на пачатку 2015 году, такія, як, прыкладам, «Відымусы» Лявона Юрэвіча. Незаслужана яны засталіся па-за ўвагай экспэртаў. Гэта, што праўда, чытаньне не для шэрагоўца, яно вымагае пэўных ведаў, але чытаньне захапляльнае, даволі новы для нас жанр архіўных нататак. Адзначыла б таксама ўспаміны эмігранта Сьвятаслава Шабовіча «З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў». Аўтар належаў да своеасаблівага пакаленьня Ды-Пі, што выехалі зь Беларусі дзецьмі ці падлеткамі. Сёлета выйшлі і яшчэ адны ўспаміны, што належаць прадстаўніку гэтага пакаленьня, дакладней, прадстаўніцы — Юліі Андрусышын — «Забыцьцю не адданае».

— Чым асабіста Вам запомніўся 2015 год?

— Для мяне гэты год быў насычаны разнастайнай працай і рознымі праектамі. У кніжным пляне з маім тым ці іншым удзелам выйшлі пяць кніг. Я радая, што мы сёлета скончылі своеасаблівую «трылёгію», прысьвечаную паваеннай Радзе БНР, у пэўным сэнсе, закрылі тэму. У гэтым годзе былі цікавыя праекты, зьвязаныя з непрыдуманай літаратурай — сэмінары з удзелам шведзкіх калегаў — пісьменьнікаў нон-фікшн, а таксама ўручэньне першай прэміі ў галіне непрыдуманай літаратуры імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў. І, карыстаюцыся нагодай, хачу сказаць, што неўзабаве будзе абвешчаны другі сэзон прэміі імя Стагановічаў. У гэтым годзе былі і цікавыя паездкі, спатканьні, знаёмствы. Для мяне асабіста гэта быў вельмі плённы год. Але, хутчэй за ўсё, тыя падзеі, якімі ён поўніўся, будуць згадвацца мне менавіта ў сувязі з тым, што ў гэтым годзе Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэля.

Як галасавалі нашы экспэрты

Алесь Аркуш, пісьменьнік, літаглядальнік Радыё Рацыя
Алесь Аркуш
Алесь Аркуш

1. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка;

2. Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі XII скліканьня: дакумэнты, факты, камэнтары. ТАА Інбелкульт;

3. Вячаслаў Насевіч. Беларусы: станаўленьне этнасу і нацыянальная ідэя. ТАА Інбелкульт;

4. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;

5. Віталь Сіліцкі. Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі. ТАА Інбелкульт;

6. Леанід Несьцярчук. Міхал Клеафас Агінскі: ліцьвін, патрыёт, творца. ТАА Брэсцкая друкарня;

7. Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. Тэхналёгія;

8. Яўген Ціхановіч. Партрэт стагодзьдзя. Укл. С. Харэўскі. Лімарыюс;

9. Виктор Саяпин. 50 гродненских улиц. ЮрСаПрынт;

10. Сяргей Чыгрын. 125 пытаньняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны. Кнігазбор.

Ірына Багдановіч, літаратуразнаўца, БДУ

1. Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі. Укл. А. Смалянчук. Выдавец З. Колас;

2. Зоська Верас. Выбраныя творы. Беларуская навука;

3. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;

4. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;

5. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;

6. Кастусь Цьвірка. На скрыжалях вякоў: гісторыя Беларусі ў апавяданьнях паводле паданьняў і легендаў. Харвест;

7. Генадзь Сагановіч. Грунвальд у беларускай гісторыі: спроба разбору палітычнага міту. Медысонт;

8. Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны. Выдавец З. Колас;

9. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы: у 2 тамах. Кнігазбор;

10. Вольга Сахарава, Сяргей Сахараў. Выбраныя творы. Укл. М. Казлоўскі, С. Панізнік. Кнігазбор.

Генадзь Вінярскі, кнігавыдавец

1. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы: у 2 тамах. Кнігазбор;

2. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка;

3. Мікола Волкаў. Артылерыя Нясьвіскага замка. Выдавец А. Янушкевіч;

4. Стэфан К. Роўл. Уздым Літвы: паганская імпэрыя у цэнтральнай і ўсходняй Эўропе (1295–1345). Архэ;

5. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;

6. Вольга Сахарава, Сяргей Сахараў. Выбраныя творы. Кнігазбор;

7. Мікола Плавінскі. Бітва на Нямізе 3 сакавіка 1067 году. Мэдысонт;

8. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;

9. Уладзімер Ліхадзедаў. Менск: падарожжа ў часе. Выдавецкі дом «Зьвязда»;

10. Натальля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч. Рада БНР (1982–1997): падзеі, дакумэнты, асобы. Кнігазбор.

Алесь Дудар, кнігараспаўсюднік

1. Апазыцыя БНФ Вярхоўнага Савету XII скліканьня. Інбелкульт;

2. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні: з гісторыі нацыянальнага руху 1909–1939 гг. Выдавец А. Янушкевіч;

3. Алесь Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка;

4. Стэфан К. Роўэл. Уздым Літвы: паганская імпэрыя ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе (1295–1345). Мэдысонт;

5. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;

6. Андрэй Блінец. Клецкія бітвы 1506 і 1706 гг. Выдавец А. Янушкевіч;

7. Антанас Ціла. Скарб Вялікага Княства Літоўскага падчас Дваццацігадовай вайны 1648–1667 гг. Мэдысонт;

8. Леанід Рэйн. Каралі і пешкі: калябарацыя ў Беларусі ў час Другой сусьветнай вайны. Інбелкульт;

9. Францішак Багушэвіч. Выбраныя творы. Укл. Я. Янушкевіч. Беларуская навука;

10. Мэтрыка ВКЛ. Кніга судовых справаў. Беларуская навука.

Ірына Зубар, таваравед кнігарні «Эўрыка»

1. Дзяніс Лісейчыкаў. Сьвятар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства (1596–1839). Беларусь;

2. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы: у 2 тамах. Кнігазбор;

3. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;

4. Кіпель Вітаўт. Жыць і дзеіць: успаміны. Выдавец З. Колас;

5. Чэслаў Пяткевіч. Грамадзкая культура Рэчыцкага Палесься. Пер. з польскай Ул. Васілевіча і Л. Салавей. Беларуская навука;

6. Леанід Несцярчук. Міхал Клеафас Агінскі: ліцьвін, патрыёт, творца. ААТ Берасьцейская друкарня;

7. Юрэвіч Лявон. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;

8. Зоська Верас. Выбраныя творы. Кнігазбор;

9. Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі. Выдавец З. Колас;

10. Мы зь Іманам жывем на зямлі Беларусі: беларускі татарын Якуб Якубоўскі. Укл. І. Драўніцкі і Т. Якубоўская. Тэхналёгія.

Андрэй Масквін, тэатральны крытык, мастацтвазнаўца, Варшаўскі ўнівэрсытэт

1. Янка Запруднік. Па гарачых сьлядах мінуўшчыны: мае лісты 1952–1959 гг. Лімарыюс;

2. Зоськa Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;

3. Зоська Верас. Выбраныя творы. Кнігазбор;

4. Яўген Ціхановіч. Партрэт стагодзьдзя: успаміны. Лімарыюс;

5. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;

6. Юрэвіч Лявон. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;

7. Сьліж Натальля. Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI–XVII ст. Інбелкульт;

8. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні: з гісторыі нацыянальнага руху 1909–1939 гг. Выдавец А. Янушкевіч;

9. Юрий Кишик. Белорусский город: историческое наследие, архитектурное своеобразие. Беларусь;

10. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка.

Юрась Пацюпа, літаратуразнавец, Нацыянальная Акадэмія Навук

1. Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. Тэхналёгія;

2. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні: з гісторыі нацыянальнага руху 1909–1939 гадоў. Выдавец А. Янушкевіч;

3. Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны. Выдавец З. Колас;

4. Янка Запруднік. Па гарачых сьлядах мінуўшчыны: мае лісты 1952–1959 гг. Лімарыюс;

5. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;

6. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;

7. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;

8. Ніл Гілевіч. У віры быцьця: кніга эсэістыкі. Кнігазбор;

9. Беларускі фальклёр: матэрыялы і дасьледаваньні. Вып. 2. Беларуская навука;

10. Летапісы і хронікі Вялікага Княства Літоўскага XV–XVII ст. Укл. В. Чамярыцкі. Беларуская навука.

Уладзімер Сіўчыкаў, пісьменьнік, кнігавыдавец

1. Ніл Гілевіч. У віры быцьця: кніга эсэістыкі. Кнігазбор;

2. Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы: у 2 тамах. Кнігазбор;

3. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 3-е выд. Радыё Свабода;

4. Саламея Пільштынова. Авантуры майго жыцьця. Папуры;

5. Дарота Міхалюк. Беларуская Народная Рэспубліка (1918–1920): ля вытокаў беларускай дзяржаўнасьці. Пер. з польскай Алесь Пілецкі. Інбелкульт;

6. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка;

7. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;

8. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;

9. Сяргей Навумчык. Дзевяноста пяты. Радыё Свабода;

10. Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны. Выдавец З. Колас.

Аксана Спрынчан, паэтка, рэдактарка выдавецтва «Мастацкая літаратура»

1. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;

2. Зоська Верас. Выбраныя творы. Беларуская навука;

3. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;

4. Міхась Казлоўскі. Цяпло айчынных камянёў. Кнігазбор;

5. Цімафей Авілін. Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія. Тэхналёгія;

6. Сяргей Навумчык. Дзевяноста чацьверты. Бібліятэка Свабоды ХХІ ст.;

7. Сяргей Навумчык. Дзевяноста пяты. Бібліятэка Свабоды ХХІ ст.;

8. Ігар Мельнікаў. Мяжа ля Заслаўя 1921–1941 гг. Галіяфы;

9. Ігар Мельнікаў. Заходнебеларуская Атлянтыда: 1921–1941 гг. Галіяфы;

10. Янка Запруднік. Па гарачых сьлядах мінуўшчыны: мае лісты 1952–1959 гг. Лімарыюс.

Сяргей Чыгрын, пісьменнік, загадчык літчасткі Слонімскага драмтэатру

1. Бежанства 1915 году: успаміны жыхароў Беласточчыны. Укл. В. Луба. Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»;

2. Лявон Юрэвіч. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалёгія. Кнігазбор;

3. Аляксандар Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248–1377). Гарадзенская бібліятэка;

4. Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. Лімарыюс;

5. Зоська Верас. Выбраныя творы. Беларуская навука;

6. Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах. Лімарыюс;

7. Мікола Волкаў. Артылерыя Нясьвіскага замка. Выдавец А. Янушкевіч;

8. Вольга Сахарава, Сяргей Сахараў. Выбраныя творы. Кнігазбор;

9. Андрэй Чарнякевіч. Памяць пра Гродна. Юрса-Прынт;

10. Андрэй Чарнякевіч. Нараджэньне беларускай Гародні. Выдавец А. Янушкевіч.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG