Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Польшчы выдала сёлета беларусам 300 тысяч візаў


Нягледзячы на тое, што пры выдачы Шэнгенскіх візаў цяпер трэба здаваць адбіткі пальцаў, колькасьць візаў, якія выдала Амбасада Польшчы для беларусаў сёлета ня зьменшылася.

Пра гэта заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску часовы павераны Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас.

Ён сказаў, што сёлета Амбасада Польшчы, як і ў мінулым годзе, выдала каля 300 тысяч візаў, прычым чвэрць зь іх, падкрэсьліў часовы павераны, бясплатная. Бясплатныя візы найперш атрымлівала моладзь. Таксама значна сёлета павялічылася колькасьць візаў, якія даюцца не на адну, а на большую колькасьць паездак.

І гэта ўсё невыпадкова, падкрэсьліў польскі дыплямат. Хоць спрашчэньне візавага рэжыму паміж Эўразьвязам і Беларусьсю яшчэ абмяркоўваецца, польскі бок робіць усё, каб даваць беларусам магчымасьць наведваць Польшчу і іншыя краіны Эўразьвязу.

Міхал Хабрас
Міхал Хабрас

«Мы сыходзім з таго, — сказаў Міхал Хабрас, — што Польшча хоча будаваць добрыя дачыненьні зь Беларусьсю. А яны пачынаюцца з дачыненьняў простых людзей, і толькі пасьля гэтага выходзяць на дзяржаўны ўзровень».

Па словах спадара Хабраса, да сярэдзіны 2016-га году — гэта крайні тэрмін, а ў рэальнасьці, можа, і раней — будуць адкрытыя восем візавых цэнтраў на тэрыторыі Беларусі. Ён падкрэсьліў, што паслугі візавых цэнтраў будуць каштаваць 15 эўра. Дыплямат зьвярнуў увагу на тое, што адкрыцьцё візавых цэнтраў не азначае таго, што зьвяртацца па візу можна будзе толькі туды: па-ранейшаму будзе існаваць чарга і ў консульскім аддзеле Амбасады Польшчы, і кожны зь беларусаў будзе сам выбіраць шлях, якім яму зручней карыстацца.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабоды, ці паўплываюць зьмены, якія адбыліся ў польскай уладзе пасьля прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў на дачыненьні зь Беларусьсю, дыплямат сказаў, што зьмены ў палітыцы ня толькі адносна Беларусі, але і ўсіх краін, якія ўваходзяць у праграму Ўсходняга партнэрства, магчымыя толькі ў межах зьмяненьня дачыненьня з ўсім Эўразьвязам.

«Апошнім часам мы бачым пацяпленьне, ёсьць пазытыўныя зрухі зь беларускага боку, а Эўразьвяз, са свайго боку, на чатыры месяцы прыпыніў дзеяньне санкцыяў. Мы спадзяемся, што пазытыўныя тэндэнцыі будуць працягвацца. Што тычыцца непасрэдна Польшчы, трэба сказаць, што менавіта Польшча займае важнае месца ў выпрацоўцы ўсходняй палітыкі ўсяго Эўразьвязу».

Спадар Хабрас дадаў, што кандыдатура новага амбасадара Польшчы ў Беларусі замест Лешака Шарэпкі, які скончыў сваю працу, зараз абмяркоўваецца, і ёсьць спадзяваньні, што хутка новы амбасадар будзе прызначаны.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG