Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі б мёртвыя маглі гаварыць


Human Rights Watch абвінавачвае ўлады Сырыі ў масавых катаваньнях і забойствах сваіх палітычных апанэнтаў.

«Калі б мёртвыя маглі гаварыць: масавыя катаваньні і гібель затрыманых у Сырыі» — даклад з такой назвай прадставіла сёньня міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch. У ім прыведзены гісторыі загінулых у сырыйскіх турмах людзей, малюнкі якіх знаходзяцца ў так званым «архіве Цэзара». Частка гэтага ўпотай вывезенага з Сырыі фотаархіву, які складаецца зь дзясяткаў тысяч здымкаў цел людзей, упершыню была прадэманстравана ў студзені 2014 году. Сірыйскі прэзыдэнт Башар Асад назваў гэтыя фатаграфіі падробкай. Цяперашні даклад Human Rights Watch, па словах яго аўтараў, ёсьць дадатковым доказам сапраўднасьці «архіву Цэзара» і гісторый жыцьця і сьмерці канкрэтных людзей, якія ўдалося аднавіць праваабаронцам.

Дасьледаваньне Human Rights Watch, якое лягло ў аснову дакладу аб масавых катаваньнях і гібелі людзей, затрыманых ўрадавымі службамі ў Сырыі, пачалося ў сакавіку 2015 году. Тады праваабаронцы атрымалі ад Сырыйскага нацыянальнага руху SAFMCD (Syrian Association For Missing And Conscience Detainees) поўны масіў матэрыялаў, якія зьбіраліся на працягу двух гадоў перабежчыкам, вядомым зараз пад псэўданімам Цэзар. Ён называе сябе былым экспэртам-крыміналістам вайсковай паліцыі Дамаску. Да пачатку грамадзянскай вайны ў Сырыі ў абавязкі Цэзара ўваходзіла фатаграфаваньне месцаў злачынства, а ў 2011 годзе яму даручылі весьці ўлік людзей, памерлых па тых ці іншых прычынах у турме — іх целы звозілі ў дамаскія вайсковыя шпіталі Мэзэх і Тэшрын. Будучы штатным судова-мэдычным фатографам вайсковай паліцыі, Цэзар асабіста фатаграфаваў трупы затрыманых і дапамагаў архіваваць тысячы іншых аналягічных здымкаў.

Фотаздымка трупаў вялася ў рамках бюракратычнай справаздачнасьці сырыйскіх спэцслужбаў па тысячах выпадкаў сьмерці затрыманых з 2011 году, а таксама па фактах гібелі сваіх супрацоўнікаў у сутыкненьнях з узброенай апазыцыяй.

Адносна дакладных матываў вядзеньня такога архіву яснасьці няма. Сам Цэзар у адным з інтэрвію сказаў, што «часта задумваўся над гэтым», але можа толькі меркаваць, што «рэжым дакумэнтуе ўсё, каб не забыцца. І гэтыя сьмерці таксама... Калі аднойчы судзьдзям давядзецца вяртацца да старых справаў, яны [гэтыя фотаздымкі] ім спатрэбяцца» — адзначана ў дакладзе Human Rights Watch.

Калі ўлічыць, што кожнае цела было сфатаграфавана ў сярэднім ад трох да пяці разоў, гаворка магла ісьці пра 11 тысяч загінулых.

Паводле падлікаў міжнароднай экспэртнай групы, якая ў 2014 годзе рыхтавала першы агляд фотаздымкаў Цэзара, ён, перад тым як зьбегчы ў жніўні 2013 году, пераправіў з Сырыі больш за 50 тысяч здымкаў на дысках і USB-назапашвальніках. Калі ўлічыць, што кожнае цела было сфатаграфавана ў сярэднім ад трох да пяці разоў, гаворка магла ісьці пра 11 тысяч загінулых.

Прэзыдэнт Сірыі Башар Асад у інтэрвію часопісу Foreign Affairs 20 студзеня 2015 году, гэта значыць ужо пасьля таго, як міжнародная камісія, якая складаецца зь вельмі паважаных юрыстаў і патолягаанатамаў апублікавала сваё дасьледаваньне «архіву Цэзара», заявіў:

«Можна ўзяць фатаграфіі ў любога і сказаць, што гэта катаваньні... Нічога ня ясна, нішто не даказана. Незразумела, што за людзі на фотаздымках. Напрыклад, там ёсьць проста фотаздымак галавы, некалькіх чэрапаў. Хто сказаў, што гэта зрабіў урад, а не бунтаўнікі? Хто сказаў, што гэта ахвяры сірыйскай дзяржавы, а не кагосьці яшчэ?»

Вырашыўшы знайсьці дадатковыя доказы сапраўднасьці «архіву Цэзара», супрацоўнікі Human Rights Watch дасьледавалі 53 275 файлаў. Здымкі падзялілі на тры групы. Да першай — самай буйной — адносяцца 28 707 фатаграфій трупаў людзей, якія, як лічаць у HRW, памерлі пасьля затрыманьня альбо ў адным зь месцаў утрыманьня пад вартай, альбо пасьля пераводу ў вайсковы шпіталь.

«Агульнай прыкметай зьяўляецца наяўнасьць у кожным выпадку ідэнтыфікацыйных нумароў (звычайна трох), якія нанесеныя непасрэдна на цела або пазначаныя на таблічцы, якая ляжыць побач або знаходзіцца ў кадры».

У SAFMCD, дзе апрацавалі ўвесь архіў і адсартавалі фатаграфіі па кожнаму памерламу, прыйшлі да высновы, што 28 707 фатаграфій адпавядаюць па меншай меры 6 786 памерлым, кожны зь якіх мае свае унікальныя ідэнтыфікацыйныя нумары.

прыйшлі да высновы, што 28 707 фатаграфій адпавядаюць па меншай меры 6 786 памерлым

У гэтым дакумэнце дэталёва аналізуецца пераважна першая група здымкаў Другая група — фатаграфіі загінулых вайскоўцаў або супрацоўнікаў спэцслужбаў. Гэтыя здымкі, як і здымкі зь першай групы, рабіліся ў моргах вайсковых шпіталяў, аднак іх адрозьнівае наяўнасьць на таблічцы імя памерлага, часам таксама дата сьмерці. У многіх выпадках перад імем стаіць слова «шахід» (загінулы герой) з указаньнем вайсковага званьня.

Трэцяя група фатаграфій — гэта здымкі розных месцаў здарэньняў: наступствы выбухаў, замахаў на сілавікоў, пажараў і выбух аўтамашыны. У назве папкі з адпаведнай падборкай фотаздымкаў паказаная катэгорыя здарэньня, дата, часам імя пацярпелага. «Human Rights Watch удалося адсачыць частку гэтых здарэньняў і забойстваў, якія ў свой час асьвятляліся ў сырыйскіх СМІ, і атрымаць такім чынам дадатковае пацьверджаньне сапраўднасьці фатаграфій» — адзначаюць аўтары дакладу HRW, зьвяртаючы ўвагу на тое, што ў гэтым дакумэнце дэталёва аналізуецца пераважна першая група здымкаў.

Па ідэнтыфікацыйных нумарах на целах памерлых дасьледчыкі HRW ўстанавіліі, што найбольшая колькасьць фатаграфій «архіву Цэзара» адносіцца да ізалятараў двух аддзелаў вайсковай выведкі ў Дамаску: 215-га і 227-га — 3532 і 2043 ахвяры адпаведна.

Мэта праваабаронцаў заключалася ў тым, каб, па-першае, устанавіць сапраўднасьць фатаграфій і знайсьці доказы таго, што на здымках паказаны людзі, якія загінулі ў выніку жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня пасьля затрыманьня ўладамі, а не ў ходзе ваенных апэрацый. Па-другое, варта было высьветліць, што менавіта стала прычынай сьмерці столькіх людзей, і, нарэшце, даведацца, як гэтыя целы апынуліся ў вайсковых шпіталях і што зь імі адбылося пасьля.

Пасьля таго, як у сакавіку 2015 SAFMCD разьмясціла ў інтэрнэце некалькі тысяч здымкаў з «архіву Цэзар», якія пазьней былі апублікаваныя сырыйскім анлайнавым інфармацыйным рэсурсам Zaman al-Wasl і разышліся ў Facebook і іншых сацсетках па групах, прысьвечаным лёсу людзей, зьніклых, затрыманых або забітых у Сірыі, пошук сваякоў загінулых крыху спрасьціўся.

Праваабаронцам з Human Rights Watch ўдалося вэрыфікаваць фатаграфіі і высьветліць гісторыі 27 загінулых з «архіву Цэзара». Даклад заснаваны на інтэрвію зь іх сваякамі, а таксама на сьведчаньнях 37 былых арыштантаў і чатырох перабежчыкаў, якія служылі ў месцах утрыманьня пад вартай у Сырыі або ў вайсковых шпіталях ў Дамаску.

Спрабуючы атрымаць пра яе хоць нейкую інфармацыю, сям’я заплаціла больш за 18 000 даляраў сырыйскім вайсковым чыноўнікам і супрацоўнікам спэцслужбаў, але тыя нічым не дапамаглі

З 27 апытаных сем’яў толькі восем далі згоду на абнародаваньне абставінаў сьмерці сваіх блізкіх. У іх ліку гісторыя 25-гадовай Рэхаб аль-Алава. Да рэвалюцыі яна вучылася на інжынэрным факультэце ва ўнівэрсытэце Дамаску, а ў апошні перад арыштам час працавала ў адным з дамаскіх каардынацыйных камітэтаў, дзе дапамагала вымушаным перасяленцам з Хомсу. Рэхаб арыштавалі ў доме бацькоў 17 студзеня 2013. Спрабуючы атрымаць пра яе хоць нейкую інфармацыю, сям’я заплаціла больш за 18 000 даляраў сырыйскім вайсковым чыноўнікам і супрацоўнікам спэцслужбаў, але тыя нічым не дапамаглі.

У сакавіку сваякам паведамілі, што Рэхаб памерла ад інсульту, аднак пасьведчаньня аб сьмерці сям’я не атрымала. У кастрычніку 2013 да сваякоў Рэхаб зьвярнуўся афіцэр вайсковай выведкі, які за 90 000 даляраў паабяцаў спрыяць вызваленьню дзяўчыны і яе бясьпечнай адпраўцы з Сырыі ў Турцыю. Пасьля таго як грошы праз пасярэдніка былі перададзеныя, афіцэр распавёў сям’і Рэхаб, што яна пайшла з Сырыі ў Лібан. «Мы верылі. Мы абшукалі ўвесь Лібан, кожны намёт, спадзеючыся знайсьці яе» — распавядаў брат Рэхаб Хамза дасьледчыкам Human Rights Watch. У сакавіку 2015 стрыечны брат Рэхаб убачыў яе фота ў апублікаваным «архіве Цэзара». Тры фатаграфіі цела дзяўчыны былі захаваныя ў тэчцы ад 4 чэрвеня 2013 году. Судовыя патолягаанатамы з арганізацыі «Урачы за правы чалавека», якім супрацоўнікі Human Rights Watch паказалі гэтыя фатаграфіі, не знайшлі бачных прыкмет траўмаў або удараў, але зьвярнулі ўвагу на кропельніцу ў левай руцэ, што сьведчыць аб мэдычным умяшаньні.

Human Rights Watch перадала на судова-мэдычную экспэртызу «Лекарам за правы чалавека» 72 фатаграфіі 19 памерлых (у тым ліку тых, чые гісторыі былі прыведзены ў дакладзе). Патолягаанатамы ўстанавілі наяўнасьць прыкметаў ўдарнага ўзьдзеяньня тупым цьвёрдым прадметам, задушэньня, галоднага абясьсіленьня, у адным выпадку — агнястрэльнага раненьня галавы. На некаторых здымках, зь якімі працавалі дасьледчыкі Human Rights Watch і «Лекары за правы чалавека», на трупах затрыманых назіраліся вялікія адкрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы, агнястрэльныя раненьні або засохлая кроў з паражнін цела. На многіх здымках целы зьнясіленыя, са сьлядамі катаваньняў.

На многіх целах бачныя сьляды катаваньняў, у часткі адсутнічаюць вочныя яблыкі

Лекар, які працуе на SAFMCD (але не зьяўляецца судова-мэдычным экспэртам) агледзеў усе 28 707 фатаграфій памерлых, фіксуючы ўбачанае ў журнале. Атрыманая ў выніку статыстыка паказвае, што больш за 40 адсоткаў трупаў маюць прыкметы абясьсіленьня: выпнутыя рэбры, выстаўленыя косткі таза, запалыя рысы твару. На многіх целах бачныя сьляды катаваньняў, у часткі адсутнічаюць вочныя яблыкі.

Сьведкі, якіх апытвалі супрацоўнікі Human Rights Watch для высьвятленьня абставінаў сьмерці людзей з фатаграфій Цэзара, распавядалі, што зьняволеныя ўтрымліваліся ў бесчалавечных умовах, праводзячы месяцы ці нават гады ў брудных перапоўненых камэрах. Усе суразмоўцы адзначалі амаль поўную адсутнасьць вэнтыляцыі ў камэрах, дзе з-за гэтага пастаянна было горача і вільготна. З-за сьпякоты і вільготнасьці адзеньне зьняволеных праз некалькі тыдняў распадалася. Кармілі настолькі бедна, што яны трацілі сілы: па сьведчаньні аднаго з апытаных, за паўгода за кратамі ён страціў 35 кіляграмаў — амаль палову сваёй вагі.

Беднае харчаваньне, духата і цесната стваралі спрыяльныя ўмовы для распаўсюджваньня інфэкцыйных захворваньняў. Стрэс, выкліканы пазбаўленьнем волі, і катаваньні, якім былі паддадзеныя многія зьняволеныя, таксама прыводзілі да расстройства псыхікі. Былыя арыштанты апісвалі праваабаронцам HRW розныя віды катаваньняў, празь якія яны ці іх сукамэрнікі праходзілі ў аддзелах спэцслужбаў, уключаючы «шабэх» (падвешваньне за запясьці на некалькі гадзін або сутак), зьбіцьцё пластыкавай трубой або сталёвым тросам, электрашок, прыпяканьне. Часта сьледчыя або ахоўнікі зьбівалі затрыманых да сьмерці, вешалі іх ці пакідалі паміраць пасьля некалькіх раўндаў катаваньняў.

У мэдычным заключэньні аб сьмерці незалежна ад сапраўднай прычыны ўказваліся толькі прыпыненьне дзейнасьці сэрца або дыханьня

Калі затрыманы паміраў, яго цела адвозілі ў морг вайсковага шпіталя. Калі трупаў было занадта шмат, іх разьмяшчалі на адкрытай пляцоўцы гаража для фатаграфаваньня і агляду патолягаанатамам. У мэдычным заключэньні аб сьмерці незалежна ад сапраўднай прычыны ўказваліся толькі прыпыненьне дзейнасьці сэрца або дыханьня. Трупы звозіліся салдатамі ў брацкія магілы на зямельных дзялянках, якія прыналежаць войску, у межах «вялікага» Дамаску. Ні адна зь сем’яў, апытваных HRW, не атрымала цела памерлага для пахаваньня.

У дакладзе Human Rights Watch падкрэсьліваецца, што фотаархіў Цэзара не зьяўляецца вычарпальным зборам зьвестак пра затрыманых, якія сканалі ў раёне Дамаску ў пэрыяд ад мая 2011-га па жнівень 2013 году, а адлюстроўвае толькі частку статыстыкі па згаданых аддзелах за тыя 27 месяцаў, на працягу якіх вайсковая паліцыя і патолягаанатамы фатаграфавалі памерлых.

Дасьледнікі Human Rights Watch прыходзяць да высновы, што фотаархіў Цэзара ў спалучэньні са спэцыфічнымі, арганізаванымі і паўтаральнымі працэдурамі «апрацоўкі» трупаў затрыманых паказваюць на існаваньне дзяржаўнай палітыкі заахвочваньня масавых забойстваў у сырыйскіх месцах утрыманьня пад вартай.

«Паколькі фотаздымка і рэгістрацыя трупаў праводзіліся штотыдзень у вайсковых шпіталях у сырыйскай сталіцы, кіраўніцтва месцаў утрыманьня пад вартай і вайсковых шпіталяў, як і іх вайсковае камандаваньне, ведалі або абавязаны былі ведаць аб масавых выпадках сьмерці затрыманых. Любыя дзеяньні ў месцах утрыманьня пад вартай, якія былі часткай дзяржаўнай палітыкі забойстваў, катаваньняў ці іншага наўмыснага прычыненьня моцных пакут, могуць быць прызнаныя злачынствам супраць чалавечнасьці, а камандзіры, якія ведалі або абавязаны былі ведаць аб гэтых злачынствах, але не папярэджвалі іх ці не забясьпечвалі прыцягненьне вінаватых да адказнасьці, могуць быць самі стацца аб’ектам крымінальнаму перасьледу... Адказнасьць за зьдзяйсненьне злачынстваў супраць чалавечнасьці не абмяжоўваецца непасрэднымі выканаўцамі, але распаўсюджваецца і на тых, хто аддаваў загады, аказваў садзейнічаньне ці іншым чынам выступаў саўдзельнікам злачынства. У адпаведнасьці з прынцыпам каманднай адказнасьці вайсковае і цывільнае кіраўніцтва аж да вышэйшага ўзроўню можа быць прыцягнута да крымінальнай адказнасьці за злачынствы падначаленых, калі яно ведала ці павінна было ведаць пра зьдзейсьненыя злачынствы, але не прыняло разумных мер па іх спыненьні» — адзначаюць аўтары дакладу.

Рэзюмуючы ўсе прыведзеныя ў дакладзе факты і абставіны, Human Rights Watch рэкамэндуе міжнароднай супольнасьці і, у прыватнасьці, Радзе Бясьпекі ААН перадаць сырыйскае дасье Міжнароднаму крымінальнай суду і ўвесьці адрасныя санкцыі супраць сырыйскіх службовых асобаў, у дачыненьні да якіх маюцца вартыя даверу заявы аб дачыненьні да парушэньняў. У ліку рэкамэндацый таксама патрабаваньне да дзяржаваў прыпыніць любыя вайсковыя пастаўкі і вайсковую дапамогу (уключаючы тэхнічную падрыхтоўку і абслугоўваньне) сырыйскаму ўраду і любым узброеным групоўкам, у дачыненьні да якіх маюцца вартыя даверу зьвесткі аб іх датычнасьці да зьдзяйсьненьня сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека, у сувязі з рэальнай небясьпекай таго, што пастаўкі ўзбраеньняў і тэхналёгій будуць выкарыстоўвацца пры зьдзяйсьненьні такіх парушэньняў. Акрамя таго, Human Rights Watch прапануе запатрабаваць ад Сырыі забесьпячэньня доступу да месцаў утрыманьня пад вартай прадстаўнікам гуманітарных місій, замежных журналістаў і незалежных праваабарончых арганізацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG