Расея абяцае Турэччыне эмбарга на імпартныя тавары ў адказ на канфлікт са зьбіцьцём расейскага зьнішчальніка. А перад Беларусьсю адкрываецца чарговая «фортка» магчымасьцяў, пралезьці ў якую будзе няпроста.
Пасьля ўвядзеньня гандлёвых санкцыяў супраць Эўразьвязу Расея актыўна карысталася турэцкай прапановай. За 2014 год імпарт адных турэцкіх пэрсікаў вырас у 72 разы. Агулам таваразварот Расеі і Турэччыны за мінулы год склаў 31 мільярд расейскіх даляраў. Беларусь і Турэччына мелі ў той жа пэрыяд усяго 600 мільёнаў.
Гандлёвыя войны Расеі з рознымі краінамі добра падмацавалі беларускі бюджэт. Рассельгаснагляд дагэтуль чакае ад сваіх беларускіх калегаў тлумачэньняў наконт таго, дзе расьце беларуская папая і манга. Што да «турэцкага эмбарга», прэсавы прадстаўнік Рассельгаснагляду Юлія Мелано паведаміла Радыё Свабода, што пра больш жорсткія меры ў дачыненьні да беларускага транзыту прадуктаў у Расею казаць складана, бо паміж Расеяй і Беларусьсю фактычна няма мяжы.
«Мы неаднаразова накіроўвалі запыт на адрас фітасанітарнай каранціннай службы Беларусі з просьбай пра сустрэчу, у межах якой мы маглі б абмеркаваць існуючую праблематыку. Але тым ня менш нашы беларускія калегі не далі аніякага адказу, спасылаючыся на тое, што кіраўніцтва ў адпачынку. Мы гатовыя абмяркоўваць пытаньні на ўзроўні намесьнікаў, але пагадненьня пра такую сустрэчу мы так і не атрымалі, — кажа прадстаўніца Рассельгаснагляду.
«Вельмі часта зь Беларусі прыходзіць прадукцыя, якая на сёньняшні дзень ня мае права паставак на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі, гэта найперш прадукцыя расьліннага паходжаньня. Альбо ідзе па падробных сэртыфікатах, які выдаюць непасрэдна спэцыялісты каранціннай службы Беларусі. У гэтай сувязі вельмі дзіўна, як на тэрыторыі Беларусі за такі сьціслы час умудрыліся высадзіць сады з папаі, манга і іншых экзатычных расьлінаў. Тут адназначна ёсьць меркаваньне, што прадукцыя не была вырабленая на тэрыторыі Беларусі, як пра гэта заяўлена ў дакумэнтах, якія суправаджаюць гэты груз, а ўсё ж ідзе рээкспартам празь Беларусь», — тлумачыць Юлія Мелано сутнасьць прэтэнзіяў расейскага боку да адпаведных беларускіх службаў.
Экспэрт Вышэйшай школы эканомікі Дзьмітры Балкунец таксама перакананы, што Беларусь будзе карыстацца цяперашнім канфліктам паміж Турэччынай і Расеяй.
«Празь Беларусь могуць паступаць тавары з Турэччыны на расейскі рынак. Калі будзе перакрытае авіязлучэньне з Турэччынай, то частка рэйсаў пойдзе празь Беларусь, як гэта адбылося ўжо з Украінай, — кажа экспэрт. — Але гэта часовая зьява, калі краіна зарабляе дывідэнды на тым, што іншыя краіны не гатовыя супрацоўнічаць. Лукашэнка ня будзе сварыцца з Турэччынай, а будзе карыстацца па максымуме гэтай сытуацыяй».
Балкунец адзначае «вялую» рэакцыю кіраўніцтва Беларусі на сытуацыю канфлікту паміж Расеяй і Турэччынай.
«Нягледзячы на тое, што Беларусь — саюзьніца Расеі ў межах АДКБ і „саюзнай дзяржавы“, Беларусь вельмі вяла адрэагавала на факт зьбіцьця расейскага зьнішчальніка і абышлася нецікавай заявай беларускага МЗС. Гэта азначае, што беларускія ўлады не зацікаўленыя ў парушэньні нейкіх дамоўленасьцяў з Турэччынай, якія Беларусь мае», — заяўляе экспэрт.
Дзьмітры Балкунец лічыць не выпадковым візыт у Менск азэрбайджанскага прэзыдэнта Ільхама Аліева і адмену візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву. На яго думку, беларускія ўлады гатовыя скарыстаць цяперашнюю сытуацыю і ў палітычных мэтах.
Такое ж меркаваньне мае і эканаміст Яраслаў Раманчук:
«Лукашэнка ж ня думае пра малы бізнэс, ён жыве ў сьвеце геапалітыкі, марыць пра тое, каб у Беларусь прыехалі ўсе магутныя гэтага сьвету, каб правесьці тут перамовы менавіта па гэтым канфлікце, каб сірыйскія дамовы былі ў Менску падпісаныя, — кажа Раманчук. — Яму гэта дае флёр прыналежнасьці быццам бы да «вялікай васьмёркі» ці да «вялікай дваццаткі».
Што да эканамічных выгадаў ад расейска-турэцкай гандлёвай вайны, то Яраслаў Раманчук лічыць, што Беларусь ня здольная скарыстацца напоўніцу магчымасьцямі, якія перад ёю адкрываюцца.
«Ёсьць рызыкі таго, што ўсё гэта ператворыцца ў шэрыя кантрабандныя плыні, замест таго каб арганізаваць у Беларусі вытворчасьць тавараў з сыравіны, якая ідзе з гэтай краіны. Каб турэцкія, азэрбайджанскія і ўкраінскія прадпрымальнікі сур’ёзна ставіліся да гэтага, то яны б даўно паказвалі мільярды даляраў інвэстыцыяў у беларускую эканоміку. Гэта былі б канкрэтныя праекты па перапрацоўцы сыравіны, і мы б ужо бачылі гэта ў гандлёвым балянсе, — тлумачыць Раманчук. — На жаль, гэтага няма. Калі б гэта была прыватная эканоміка, яна б вельмі хутка на гэта зрэагавала. А паколькі гэта дзяржплян, то пакуль ён пачэшацца, то гэтая „фортка“ вельмі хутка можа закрыцца. Найперш за кошт таго, што расейскім вытворцам стала на ўнутраным рынку значна лепш працаваць, і яны таксама з гэтага карыстаюцца».