Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея далучыла Турэччыну да харчовага эмбарга, Беларусь спадзяецца на новыя нішы


Урад Расейскай Фэдэрацыі абнародаваў папярэдні сьпіс прадуктаў турэцкай вытворчасьці, пастаўка якіх можа быць забароненая ў сувязі зь міждзяржаўным канфліктам.

Напружанасьць у адносінах паміж Масквой і Анкарой узьнікла ўсьлед за крушэньнем расейскага Су-24, зьбітага турэцкімі вайскоўцамі. Улады Турэччыны сьцьвярджаюць, што самалёт неаднаразова парушаў паветраную прастору краіны і ігнараваў патрабаваньні пакінуць тэрыторыю. Кіраўніцтва Расеі лічыць, што зьнішчальнік быў зьбіты над сырыйскай тэрыторыяй, дзе ён выконваў антытэрарыстычную задачу.

29 лістапада расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў указ аб санкцыях супраць Турэччыны. Дакумэнт, у прыватнасьці, уводзіць забарону або абмежаваньні на ўвоз асобных відаў турэцкіх тавараў. Поўны пералік санкцыйнай прадукцыі будзе агалошаны 1 сьнежня, але ўжо ёсьць зьвесткі, што Міністэрства сельскай гаспадаркі перадусім абмяжуе імпарт астуджанага і замарожанага мяса буйной рагатай жывёлы, мяса і харчовых субпрадуктаў хатняй птушкі, малака і малочнай прадукцыі, уключна з тварагом і сырам, безлактознай прадукцыі, усяго рыбнага асартымэнту (у тым ліку малюскаў і ракападобных), арэхаў і садавіны, гародніны, ягад і зеляніны.

У Рассельгаснаглядзе выказваюць упэўненасьць, што здолеюць забясьпечыць замену турэцкіх паставак. Аднак незалежныя экспэрты выказваюць на гэты кошт сумнеў, прагназуючы, што перад калядна-навагоднімі сьвятамі можа ўзьнікнуць дэфіцыт садавіны і гародніны, у зьвязку з чым асобныя віды прадукцыі падаражэюць на 30-40%.

Беларусь раней пачала зарабляць на прадуктовым эмбарга Расеі супраць заходніх краінаў, якія асудзілі расейскую агрэсію ва Ўкраіне, але гэтым разам заняць вызваленую нішу будзе складана: расейскія кантрольныя ведамствы неаднаразова выказвалі прэтэнзіі да жаданьня Беларусі зарабіць, не зважаючы на якасьць тавару. Да таго ж, агучвалася незадаволенасьць нібыта беларускім паходжаньнем прадукцыі, абсалютна не ўласьцівай рэгіёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG