Сталі вядомыя падрабязнасьці пагадненьня па сырыйскіх уцекачах, які прэм’ер-міністар Турцыі Ахмэт Давутаглу і цяперашні старшыня Эўразьвязу Дональд Туск заключылі 29 лістапада ў Брусэлі.
Турцыя ўзяла на сябе абавязацельствы перакрыць паток мігрантаў у Эўропу ў абмен на грошы (3 млрд. эўра або 3,2 млрд. даляраў), вырашэньне пытаньня аб бязьвізавым ўезьдзе і аднаўленьне перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз. Турэцкі прэм’ер назваў дасягнутыя дамоўленасьці «новым пачаткам» няпростых суседзкіх адносін.
Цяпер у Турцыі, паводле прыблізных ацэнак, знаходзяцца каля 2,2 млн. сырыйскіх уцекачоў, значная частка зь іх — у лягерах. 3 млрд. эўра, якія Турцыя атрымае ад ЭЗ, павінны пайсьці на тое, каб палепшыць стандарты іх жыцьця і прадухіліць пераезд гэтых людзей у Эўропу.
Сёлета колькасьць мігрантаў, якія спрабавалі дасягнуць Эўропы з Турцыі, як чакаецца, можа дасягнуць 1,5 млн. чалавек. 400 тыс. зь іх верагодна могуць асесьці ў Нямеччыне. Туск, складаючы пагадненьне, падкрэсьліў, што «Наша галоўная мэта — скараціць паток мігрантаў». І, па яго словах, заключанае пагадненьне нельга называць «простай зьдзелкай».
ЭЗ здолеў увязаць выплаты з тым, як Турцыя будзе выконваць дамоўленасьці. Таму якая частка грошай у выніку будзе выплачана — невядома.
«Калі Турцыя будзе прыкладаць намаганьні па прыёме ўцекачоў, і яны ня будуць накіроўвацца ў Эўропу — будзе лягічна, каб Турцыя ў гэтым выпадку атрымлівала дапамогу ад Эўропы для разьмяшчэньня гэтых уцекачоў», — заявіў па выніках сустрэчы прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд.
Таксама ЭЗ паабяцаў Турцыі аднаўленьне перамоваў аб прыёме краіны ў ЭЗ, а таксама бязьвізавы ўезд у краіны ЭЗ, пра што краіна ўжо даўно вядзе перамовы. Аднак апошняе, па ўмовах пагадненьня, адбудзецца толькі праз год пасьля таго, як Турцыя ўмацуе мяжы з суседнімі краінамі (перадусім з Сырыяй) і колькасьць уцекачоў, якія зьехалі ў Эўропу, рэзка зьнізіцца.