Імклівае нарастаньне міжнароднай напружанасьці, а ў апошнія дні — рэальная магчымасьць ваеннага сутыкненьня Расеі з адной з краін — членаў НАТО, яшчэ больш актуалізуе пытаньне аб тым, якімі зьнешнепалітычнымі задачамі кіруецца крамлёўскае кіраўніцтва. У чым заключаецца стратэгія Ўладзіміра Пуціна? Чаму расейская дыпляматыя стала гуляе на павышэньне канфліктнасьці? На гэтую тэму Радыё Свабода гутарыць з гісторыкам і палітычным камэнтатарам Юрыем Фяльштынскім, які жыве ў Бостане.
— У апошнія тыдні складаецца ўражаньне, што сусьветная палітыка патрапіла ў нейкую жахлівую варонку, якая ўцягвае ў сябе ўсё новыя і новыя канфлікты. Любы зь іх самадастатковы — гібель расейскага самалёта ў Эгіпце, тэракты ў Парыжы, зьбіты Су-24 у небе над Турцыяй — і аб любым зь іх прэса раней казала б тыднямі. Цяпер жа яны накладаюцца адзін на адзін, усе гэтыя канфлікты так ці інакш ўзаемазьвязаныя, клубок супярэчнасьцяў паміж рознымі краінамі — заходнім сьветам у цэлым, Расеяй, Турцыяй, арабскімі краінамі, Іранам — зацягваецца ўсё мацней. Так пачынаюцца вялікія войны?
— Я думаю, што адна кропка, прынамсі ў тым, што тычыцца Расеі, вельмі выразная — гэта сакавік 2014 г.. Менавіта з гэтага моманту мы бачым нарастаньне канфлікту. Спачатку Крым, затым Усходняя Ўкраіна, потым нагнятаньне сытуацыі ў дачыненьні да Прыбалтыкі, Польшчы і нават скандынаўскіх краін, нарошчваньне ўзбраеньняў ў Калінінградзкім рэгіёне і гэтак далей. Вэктар быў вызначаны: Расея ішла на адкрыты канфлікт зь Эўропай, з Амэрыкай, з НАТО. Цяпер мы становімся сьведкамі пашырэньня гэтага канфлікту на іншым кірунку.
Зразумела, што канфлікт гэты будзе пашырацца і што будуць новыя ахвяры, ніякіх іншых варыянтаў, калі шчыра, тут няма.
Не згарнуўшы канчаткова ваенную кампанію ва Ўкраіне (таму што ўсё, што мы бачым у Данбасе, — гэта замарожваньне канфлікту, збольшага выкліканае ўмовамі надвор’я, зразумела, што ўзімку ваенную кампанію Расея весьці на сваёй паўднёва-заходняй мяжы ня можа і ня будзе), Крэмль адкрыў новы фронт. Гэта было досыць нечакана, будзем шчырыя, — пачатак ваеннай кампаніі ў Сырыі. Тое, што ўмяшаньне Расеі ў сырыйскую вайну — незалежна ад таго, апраўданае яно ці не, — вядзе да патэнцыйнага абвастрэньня сытуацыі, відавочна, я думаю, любому. Любому чалавеку таксама зразумела, што ўмяшаньне Расеі ў грамадзянскую вайну ў Сырыі ня можа не прывесьці да ахвяраў. Першымі ахвярамі сталі пасажыры цывільнага расейскага самалёта, а цяпер мы сталі сьведкамі абвастрэньня сытуацыі з-за зьбітага турэцкімі ВПС расейскага бамбавіка. Зразумела, што канфлікт гэты будзе пашырацца і што будуць новыя ахвяры, ніякіх іншых варыянтаў, калі шчыра, тут няма.
— Тры-чатыры тыдні таму мы толькі і казалі аб жорсткім канфлікце Расеі з Захадам. Пасьля тэракту ў Парыжы прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд адправіўся ў Маскву з намерам памірыцца з Уладзімірам Пуціным і абмеркаваць зь ім варыянты заходне-маскоўскай кааліцыі для барацьбы з сусьветным злом тэрарызму. Але прыехаў у Маскву Алянд на фоне новага канфлікту Расеі — з Турцыяй, які ставіць у практычную плашчыню магчымасьць наўпроставага ваеннага сутыкненьня паміж Масквой і адной з краін НАТО. У рыторыцы Крамля цяпер Турцыя — памагаты тэрарызму. Мы бачым, як імкліва мяняецца канфігурацыя канфліктаў. Чаму?
— Францыя — важны палітычны гулец і ў Эўропе, і на Блізкім Усходзе, але не галоўны. Галоўным гульцом, вядома ж, зьяўляюцца Злучаныя Штаты. Інтарэсы Расеі і НАТО, інтарэсы Расеі і Злучаных Штатаў на Блізкім Усходзе не супадаюць. Расея перасьледуе свае інтарэсы, і гэтыя інтарэсы не супадаюць з інтарэсамі НАТО. Меркаваць, што Расея разам з НАТО будзе штосьці рабіць на Блізкім Усходзе — утопія, я думаю, што гэтага ніколі не адбудзецца. А вось тое, што канфлікт абвастраецца і пашыраецца, — закон любога пачатку вайны.
Расея шукае канфліктаў, яна шукала іх у Эўропе на нашых вачах з сакавіка 2014 году, затым стала шукаць новыя канфлікты на Блізкім Усходзе. У сырыйскую вайну Расея ўвязалася не на боку міжнароднай кааліцыі, не на баку НАТО, а на баку прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, дзеяньні якога (зноў жа, не завастраю увагу на тым, справядліва ці несправядліва) члены кааліцыі лічаць галоўнай прычынай шэрагу праблем на Блізкім Усходзе . Расея ўзяла курс на дэстабілізацыю сытуацыі на Блізкім Усходзе ў недарэчнай і прымітыўнай надзеі, што гэта прывядзе, з аднаго боку, да росту коштаў на нафту, ад экспарту якой залежыць бюджэт Расеі, а з другога боку прадставіць Маскве магчымасьць на парытэтных пачатках весьці перамовы з НАТО .
Пуцін распальвае канфлікты, каб потым прапанаваць сябе ў якасьці раўнапраўнага партнэра на перамовах па іх ўрэгуляваньні.
Іншымі словамі, Пуцін распальвае канфлікты, каб потым прапанаваць сябе ў якасьці раўнапраўнага партнэра на перамовах па іх ўрэгуляваньні. Спачатку быў распалены канфлікт ва Ўкраіне і Пуцін настойліва прапаноўваў сябе партнэрам на мірных перамовах па ўрэгуляваньні, цяпер аналягічная сытуацыя ўзьнікае на Блізкім Усходзе. Але Пуцін ня можа быць раўнапраўным партнэрам на перамовах з НАТО. Любому чалавеку са здаровым сэнсам ясна (нават калі гэта з дыпляматычных меркаваньняў ня вымаўляецца ўголас), што Пуцін — падпальшчык вайны, што ўсе гэтыя канфлікты стварае сам Пуцін.
— Некалькі месяцаў таму вы ў адным з сваіх камэнтароў фактычна прадказвалі пачатак сусьветнай вайны. Якая гэта вайна, паміж кім і кім: паміж Расеяй і ўсім сьветам, паміж Расеяй і НАТО? Мы маем цяпер дзьве лякальныя войны — у Сырыі і ва Ўкраіне. Якой вам уяўляецца канфігурацыя новага канфлікту?
— Пуцін — нібы малое дзіця, які правярае межы цярпеньня бацькоў, у дадзеным выпадку — сусьветнай грамадзкай думкі і цывілізаванага сьвету. Спачатку была Грузія ў 2008 годзе — быццам бы атрымалася. Потым быў Крым у сакавіку 2014-га — таксама атрымалася. Потым Усходняя Украіна. Ва Ўсходняй Украіне не атрымалася тое, што плянавалася першапачаткова, — праект «Наваросіі» захлынуўся, засталася ідэя сухапутнага калідора да Прыднястроўя. Спробы працягнуліся: тэставаліся межы НАТО, прыбалтыйскіх дзяржаў, скандынаўскай марской мяжы. Быццам бы таксама ўсё нармальна: ніхто расейскія самалёты не зьбіваў, падводныя лодкі не тапіў. Значыць, можна рухацца далей.
Далей пашырэньне пайшло не ў кірунку Ўсходняй Украіны — як я лічыў, па шчырасьці, — і нават не ў напрамку Беларусі (хоць, як мы бачым, пытаньне аб расейскай ваенна-паветранай базе вырашаецца, хоць гэта трошкі адмаўляецца беларускім урадам, Расея паступова ўцягвае Беларусь у свае межы). Досыць нечакана «рускае пашырэньне» пайшло ў напрамку Блізкага Ўсходу. Куды пойдзе Пуцін далей? У прынцыпе, Пуцін шукае канфлікты. Я думаю, што яму было добра зразумела, што рана ці позна турэцкія ВПС саб’юць расейскі бамбавік, які парушыў межы паветранай прасторы Турцыі. Я думаю, што ўстаноўка, якая была дадзеная пілётам, у тым і заключалася, каб зразумець, будзе Турцыя зьбіваць гэтыя самалёты альбо ня будзе. Тое, чым займаецца Пуцін, пачынаючы ад грузінскай кампаніі 2008 году, — адкрытая правакацыя НАТО.
Тое, чым займаецца Пуцін, пачынаючы ад грузінскай кампаніі 2008 году, - адкрытая правакацыя НАТО
— У вас ёсьць тлумачэньне галоўнай прычыны, па якой Пуцін менавіта так сябе паводзіць?
— Вядома, у мяне ёсьць адказ. Гэта працяг старой савецкай палітыкі. Проста да 1991 году, пры Савецкім Саюзе, КДБ функцыянаваў пад палітычным кіраўніцтвам кампартыі. А пасьля 1999-2000 гадоў, калі спачатку на чале расейскага ўраду, а затым ужо на чале дзяржавы паўстаў Пуцін, прадстаўнік ФСБ, спэцыяльная служба нарэшце атрымала магчымасьць праводзіць сваю палітыку безь якога б там ні было палітычнага кантролю. Мы зьяўляемся сёньня сьведкамі працягу старой гэбэшнай палітыкі, якая праводзілася пачынаючы ад 1917 году. Але сёньня над ФСБ, былым КДБ, няма нават кантролю палітбюро. Гэта досыць небясьпечная сытуацыя. Я думаю, што ў сусьветнай гісторыі няшмат прыкладаў, калі дзяржавай кіравалі б спэцслужбы, асабліва калі гаворка ідзе пра такую вялікую дзяржаву, звышдзяржаву зь ядзернай зброяй, якой зьяўляецца расея.
У гэтым сэнсе мы ўсе знаходзімся ў вельмі сур’ёзным полі рызыкі. Пагадзіцеся, нават ад савецкага ўраду мы ня чулі адкрытых пагроз ўжыць ядзерную зброю, якія неаднаразова ў розных варыянтах (і на афіцыйным, і на напаўафіцыйным узроўні) вось ужо другі год чуем ад прадстаўнікоў расейскага кіраўніцтва. Так, уласна, і сам Пуцін распавёў нам пра тое, як у сакавіку 2014 году пры абмеркаваньні апэрацыі па захопу Крыма прыводзіліся ў баявую гатоўнасьць ядзерныя ўзбраеньня расейскай Фэдэрацыі. Мы знаходзімся ў вельмі сур’ёзнай зоне рызыкі менавіта таму, што на чале расейскай Фэдэрацыі сёньня стаіць Фэдэральная служба бясьпекі, былы КДБ, і гэтыя людзі, на жаль, перасьледуюць уласныя карпаратыўныя мэты, далёкія ад мірных намераў. Мір — апошняе, што гэтых людзей турбуе, — лічыць амэрыканскі гісторык Юры Фяльштынскі.