На гэтым тыдні споўнілася 90 год з дня народзінаў Кастуся Акулы, беларускага эміграцыйнага пісьменьніка і журналіста, грамадзкага дзеяча і выдаўца, аднаго з заснавальнікаў Згуртаваньня Беларусаў Канады і першага кіраўніка гэтай арганізацыі.
Кастусь Акула быў ці ня першым пісьменьнікам з пасьляваеннай хвалі беларускай эміграцыі, кніга якога патрапіла ў мае рукі. Гэта было ў мой студэнцкі час у Варшаве, у 1982 або 1983 годзе. Калега прынёс у студэнцкі інтэрнат кнігу пад незвычайным загалоўкам «Змагарныя дарогі», выдадзеную ў 1962 годзе. Месца выданьня было пазначана як «Торонто-Мюнхэн», і гэта таксама мела на той час свой шарм. Але сапраўдная неспадзяванка чакала мяне пад вокладкай — кніга была напісаная такой беларускай мовай, якую я раней не сустракаў. Гэта быў час, калі ў нас, беларускіх студэнтаў у Польшчы, толькі завязваліся кантакты з заакіянскай эміграцыяй, і мы яшчэ не чыталі ні «Беларуса», ні іншых беларускіх выданьняў з Амэрыкі у «эмігранцкім правапісе і з эмігранцкай лексыкай».
Ну і сама гісторыя, выпісаная ў кнізе «Змагарныя дарогі», таксама была незвычайная і не зусім каб зразумелая «зь першага чытаньня». Кастусь Акула распавядае пра беларускага юнака, які пабываў і ў Беларускай краёвай абароне ў Менску, і ў нямецкай дывізіі на фронце ў Францыі, і ў польскім корпусе брытанскай арміі на фронце ў Італіі. Мне трэба было гадоў, каб засвоіць гэтую схаваную ад нас за «жалезнай заслонай» частку беларускай долі і каб поўнасьцю зразумець тое, пра што пісаў Кастусь Акула. Насамрэч «Змагарныя дарогі» сталі мне зусім зразумелымі толькі пасьля таго, як я напісаў сваю кнігу пра беларускую эмігранцкую долю — «Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945-1950». Мая кніга выйшла ў Беластоку ў 1994 годзе, а матэрыялы да яе я зьбіраў у ЗША і Канадзе ў 1991-1992 гг. Тады якраз мне пашчасьціла сустрэцца з аўтарам «Змагарных дарог».
У сакавіку 1992 я паехаў зь Нью-Ёрку ў Таронта на адзначэньне канадзкай беларускай грамадой угодкаў абвяшчэньня БНР. Пры гэтай сьвяточнай нагодзе я сустрэўся з Кастусём Акулам, і ён запрасіў мяне пагутарыць да сябе дахаты. Гаварылі мы галоўным чынам пра літаратуру, я яго распытваў пра тое, чаму ён у Канадзе пісаў па-беларуску, ня маючы практычна чытачоў, і чаму ня вырашыў стаць ангельскамоўным пісьменьнікам (адну са сваіх кнігаў — «Tomorrow Is Yesterday» — ён напісаў па-ангельску). Ён мяне пытаўся пра прагрэс у перакладзе «Ўліса». Першая частка перакладу выйшла з друкарні «ORTHDRUK» у Беластоку ў 1993 годзе, але ў 1989 годзе я хатнім спосабам раздрукаваў 10 асобнікаў амаль нечытэльнага ксэраграфічнага выданьня перакладу, і спадар Акула ўшчуваў мяне, што я не прыслаў яму аднаго асобніка... Я паабяцаў, што прышлю яму асобнік, калі пераклад выйдзе з нармальнай друкарні, але да свайго сораму сёньня ўжо ня памятаю, ці стрымаў сваё абяцаньне...
Слухаючы ў сакавіку 1992-га анэкдотаў пісьменьніка пра эміграцыйнае жыцьцё і пра ягоны антысавецкі пратэст на выстаўцы «Экспа-67» у Манрэалі, калі яго затрымала канадзкая паліцыя, я расьпіў з Кастусём Акулам 0,75 літра польскай гарэлкі практычна без закускі. У хаце пісьменьніка не аказалася ніякага наедку, акрамя буханкі белага італьянскага хлеба, які на такую закуску ня вельмі каб падыходзіў. Я вярнуўся да знаёмага, у якога затрымаўся ў Таронта на начлег, на абсалютна мяккіх нагах, а па пісьменьніку мала што было відаць — у яго была моцная галава...
Кастусь Акула памёр у 2008 годзе, пахавалі яго ў Таронта. Здаецца, ён дачакаў таго, чаго ня ўсе беларускія эмігранцкія пісьменьнікі дачакалі — прызнаньня чытачамі ў Беларусі. Ягоныя «Змагарныя дарогі» атрымалі прэмію імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтру ў 1995 годзе. А ў 2005-м у Менску выйшаў том выбранай прозы Кастуся Акулы пад назвай «Россыпы».
У нядзелю 22 лістапада суродзічы пісьменьніка ў Таронта адзначаць ягоныя 90-тыя ўгодкі ў Беларускім цэнтры пры Сэнт-Кларэнс авэню, у тым самым месцы, дзе мы зь ім сустрэліся ў 1992 годзе.