На гэтую тэму разважаюць ўкраінскі палітоляг Яўген Магда і расейскі палітычны аналітык Андрэй Піянткоўскі.
Яўген Магда:
Парады Франсуа Алянда дзейнічаць у межах менскіх дамоўленасьцяў дзевятым валам коцяцца па сацыяльных сетках ва Ўкраіне. У яго, нагадаю, такой неабходнасьці няма — у яго ёсьць ядзерная зброя, магутная армія, дастаткова прафэсійныя спэцслужбы. Параўноўваць сытуацыю ў Парыжы і на Данбасе — мавэтон-эфэкт сацыяльных сетак, у якіх кожны адчувае сябе стратэгам, назіраючы бой з боку. У нашым выпадку — з канапы або зручнага крэсла. Куды важней іншае — Украіна не павінна дазволіць вырашаць праблемы барацьбы з тэрарызмам за яе кошт. Зразумела, што Расея будзе спрабаваць прапаноўваць уласныя падыходы да барацьбы з «Ісламскай дзяржавай» і кім заўгодна яшчэ, каб дамагчыся паслабленьня санкцыяў супраць РФ.
Уладзімер Пуцін мае сур’ёзны недахоп: ён схільны грэбаваць і трымаць за дурняў іншых лідэраў дзяржаў, сярод якіх хапае людзей нядрэнна падрыхтаваных і адукаваных
Уладзімер Пуцін мае сур’ёзны недахоп: ён схільны грэбаваць і трымаць за дурняў іншых лідэраў дзяржаў, сярод якіх хапае людзей нядрэнна падрыхтаваных і адукаваных. Аднак абсалютызаваць «руку Масквы» ў тэрактах у Парыжы — значыць гуляць на руку Крамлю, якому хочацца адчуць сябе ня толькі жахлівым, але і вялікім. Ці ўтрымаецца шэнгенская зона і Эўразьвяз у цэлым пад націскам грубай тэрарыстычнай атакі? Гэтае пытаньне ўстане рубам практычна адразу пасьля пахаваньня ахвяраў тэракту. Варта зразумець, што Франсуа Алянд, які прэтэндуе на працяг прэзыдэнцкай кадэнцыі, і Ангэла Мэркель прыклалі нямала намаганьняў для фармаваньня эўрапейскага адзінства. Адмова ад яго пад ціскам тэрарыстаў — палітычная параза для лідэраў Старога Сьвету, якой яны пастараюцца пазьбегнуць.
Якія ўрокі павінна зрабіць для сябе з парыскай трагедыі Ўкраіна? Ня толькі працягнуць разьвіваць войска і спэцслужбы, але і зразумець цану часу. Прынятыя рашэньні, якія павінны забясьпечыць бязьвізавы рэжым для ўкраінцаў, у кантэксьце апошніх падзей могуць аказацца запозьненымі. Ва ўмовах супрацьстаяньня з Расеяй страчаны час страляе па ўкраінцах ня горш зброі сэпаратыстаў і расейскіх «адпускнікоў». Менавіта таму ўзьнікае пытаньне, што рабілі нашы слугі народу летам, калі дэкляравалі грамадзтву напружаную працу ў парлямэнцкіх камітэтах, чаму яны дазваляюць сабе марнаваць час у канкурэнтным сьвеце.
Украінцаў, на жаль, ня зьдзівіш паведамленьнямі пра шматлікія страты, аднак яны ня сталі нагодай навучыцца працаваць эфэктыўна для тых, хто называе сябе ўкраінскай палітычнай элітай.
Андрэй Піянткоўскі:
Прэзыдэнт Францыі заявіў, што Францыі абвешчаная вайна. Такія словы патрабуюць сур’ёзнага працягу. Агрэсар вядомы. Гэта злачынная квазідзяржава ІДз, якая кантралюе пэўную тэрыторыю (часткі Сірыі і Іраку, якія фактычна разваліліся). Францыя і яе саюзьнікі па НАТО павінны прыняць выклік, адкрыта кінуты ня толькі Францыі, але і ўсёй заходняй цывілізацыі, уварвацца на тэрыторыю ІД, зьнішчыць яе інфраструктуру, ліквідаваць у ходзе ваенных дзеяньняў альбо захапіць і аддаць пад суд яе кіраўнікоў, якія падазраюцца ва ўчыненьні злачынстваў супраць чалавецтва.
Гэта цяжкае рашэньне. Абавязкова будуць страты вайскоўцаў, асабліва ў ходзе наземнай апэрацыі. Непазьбежна будзе «суправаджальная шкода» (гібель цывільных жыхароў). Цалкам магчыма, будуць новыя тэракты.
Пасьля ліквідацыі ІДз праблема ісламскага тэрору ня зьнікне. Натхняльная ідэя фізычнага зьнішчэньня заганнай бязбожнай заходняй цывілізацыі будзе натхняць новых фанатыкаў. Усё гэта так. Але калі не адказаць на выклік ІДз, Захад з усёй яго эканамічнай і ваеннай магутнасьцю проста перастане быць суб’ектам сусьветнай палітыкі ўжо сёньня і лёс яго з гэтага часу будуць вырашаць іншыя гульцы.
Цяпер аб пазыцыі пуцінскай Расеі. Не вычакаўшы для прыстойнасьці нават некалькі гадзінаў пасьля трагедыі, крамлёўская прапаганда з энтузіязмам распавяла гораду і сьвету, як яна зьбіраецца яе выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Найбольш адкрыта і разгорнуты аб гэтых плянах распавёў Сяргей Маркаў:
1. Трэба тэрмінова узмацніць бясьпеку ў Маскве.
2. Расея, ЗША, Францыя разам павінны задушыць ІДз ў Сырыі, у Іраку і ў Лібіі.
3. Трэба тэрмінова спыняць канфлікт Расеі і Захаду з-за Ўкраіны. Хунту замяніць тэхнічным урадам, зьмяніць Канстытуцыю, прыбраць нэанацыстаў, правесьці новыя свабодныя выбары. Кіеўская хунта — гэта адна з галоўных перашкодаў для сумеснай барацьбы ЗША, ЭЗ і Расеі супраць тэрарыстаў.
Такім чынам, «самы ўплывовы чалавек сьвету» прапануе Захаду сваю «дапамогу» ў барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» у рамках «антыгітлераўскай кааліцыі». І запатрабуе аплату — выдачу яму ліцэнзіі на брацкае расчляненьне Ўкраіны плюс гарантыі захаваньня «легітымнага» ката Асада ва ўладзе. Вырашаць Захаду. Але мне здаецца, што гандаль тут недарэчны.
Можна спыніць канфлікт Расеі і Захаду з-за Ўкраіны. Але нельга будзе спыніць канфлікт Расеі і Ўкраіны з-за Ўкраіны.
Па-першае, дапамога гэтая Захаду ня трэба. Ён справіцца з ІДз без усякага Пуціна. Па-другое, здача Ўкраіны суседу-агрэсару ня менш амаральная і згубная для рэпутацыі Захаду, чым капітуляцыя перад «Ісламскай дзяржавай». І, самае галоўнае, можна здаць Украіну, але Ўкраіна ніколі ня здасца. Можна спыніць канфлікт Расеі і Захаду з-за Ўкраіны. Але нельга будзе спыніць канфлікт Расеі і Ўкраіны з-за Ўкраіны. Там народ, які паверыў у сябе. Украіна будзе змагацца за сваю незалежнасьць, за сваю годнасьць, за сваю эўрапейскую будучыню. Украіна змагалася са Сталіным да 1953 году. Пуцін так доўга не пратрымаецца. Слава Украіне!