Больш за сотню чалавек прыйшлі сёньня разьвітацца з кіраўніком баранавіцкай суполкі ТБМ Віктарам Сырыцам, які памёр у 62-гадовым узросьце.
На пахаваньні прысутнічалі вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы, два экс-кандыдаты на прэзыдэнта — Аляксандар Мілінкевіч і Алесь Міхалевіч, палітыкі Павал Севярынец, Юры Губарэвіч, прадстаўніца Таварыства беларускай мовы Алена Анісім ды іншыя. Шмат было дзеячаў культуры, навукоўцаў, пісьменьнікаў як з Баранавічаў, так і зь іншых гарадоў.
Адпяваў Віктара Сырыцу баранавіцкі грэка-каталіцкі сьвятар Яўген Маліноўскі.
На разьвітаньні было шмат людзей зь бел-чырвона-белай сымболікай — стужкамі, сьцягамі, накінутымі на шыю, многія вянкі былі ўпрыгожаныя бел-чырвона-белымі стужкамі, Віктар Сырыца ў труне быў накрыты бел-чырвона-белым сьцягам, зь якім яго і пахавалі. На могілках актывісты ўзьнялі два нацыянальныя сьцягі.
У часе разьвітаньня некалькі разоў сьпявалі беларускі рэлігійны гімн «Магутны Божа», чыталі псальмы.
На могілках выступіла жонка Віктара Сырыцы Тацяна, якая заклікала мясцовых актывістаў зьбірацца і працягваць справу яе мужа:
«Каб ён радаваўся, працягніце, калі ласка, яго справу. Усё ў яго кампутары засталося, таму, мае каханыя, працягваем справу, каб жыла нашая Беларусь, каб жылі мы з вамі і каб жыла памяць аб ім».
Аляксандар Мілінкевіч распавёў пра сваё сяброўства зь Віктарам Сырыцам ды пра тое, як ён яднаў людзей:
«Гэта сапраўдная трагедыя. Віктар меў Божы дар. Ён быў лідэрам не таму, што ён гучней казаў. Ён быў лідэрам, таму што ён любіў людзей, Беларусь любіў. Праз гэтую любоў ён заваёўваў нашы сэрцы. Ён шмат зрабіў, і, на наша гора, не пасьпеў зрабіць яшчэ многага. Ён умеў яднаць людзей. Заклікаю ўсіх зрабіць яшчэ больш, працягнуць яго важную справу».
Алена Анісім апавяла, што для Таварыства беларускай мовы сьмерць Віктара Сырыцы — цяжкі ўдар:
«Цяжка пераацаніць важнасьць гэтай постаці. Тое, што рабіў адзін Віктар Сырыца, магла рабіць вялікая суполка людзей. Спадар Віктар будзіў людзей, ён не даваў забыцца, хто яны ёсьць. І з-за гэтай сваёй дзейнасьці ён шмат пацярпеў. Таварыства беларускай мовы панесла вялікую страту».
Лідэр баранавіцкай дэмакратычнай супольнасьці, гісторык, кіраўнік суполкі ТБМ Віктар Сырыца памёр 9 лістапада ў 62 гады. Ягонае сэрца спынілася на пэроне чыгуначнага вакзалу. Лекары рэанімабіля не змаглі ўратаваць актывіста ды канстатавалі сьмерць.
Віктар Сырыца быў старшынём Баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы, мясцовым лідэрам руху «За свабоду». На сядзібе ТБМ у Русінах пад Баранавічамі Віктар Сырыца ладзіў розныя культурніцкія імпрэзы, як фэст «Баранавіцкая вышыванка», краязнаўчыя чытаньні, прысьвечаныя Першай усясьветнай вайне ды іншыя.
У 2013 годзе, на юбілей паўстаньня 1863 году, Віктар Сырыца зладзіў «Мілавідзкі фэст», прысьвечаны найбуйнейшай бітве паўстаньня. Тады ўлады палічылі фэст несанкцыянаванай акцыяй ды пакаралі Віктара Сырыцу штрафам.
Браў удзел Віктар Сырыца і ў палітычным жыцьці ў Баранавічах. На сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах ён быў сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў Баранавічах і адзіны прагаласаваў супраць зацьвярджэньня выніковага выбарчага пратаколу, пратэстуючы супраць фальсыфікацыяў. Калі Мікола Статкевіч быў за кратамі, Віктар Сырыца адведваў ягонага бацьку Віктара Статкевіча, які жыве ў Баранавічах.
За палітычныя погляды Віктара Сырыцу ў часе перадвыбарчай кампаніі 2006 году звольнілі з пасады выкладчыка ў баранавіцкім каледжы.
У Віктара Сырыцы засталіся жонка, дзьве дачкі і трое ўнукаў.