Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрываецца выстава пра гісторыю Курапатаў. Упершыню


Шэсьце ў Курапаты на Дзяды, 2014 год
Шэсьце ў Курапаты на Дзяды, 2014 год

У менскім Палацы мастацтваў сёньня адкрываецца дакумэнтальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні». Пачатак а 17-й гадзіне.

Выстава пра гісторыю Курапатаў адкрываецца ўпершыню з часу публічнага адкрыцьця ўрочышча ў 1988 годзе. Выстава ладзіцца ў рэчышчы стратэгіі мэмарыялізацыі Курапатаў, распрацаванай сябрамі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» пры падтрымцы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў, грамадзкіх аб’яднаньняў «Хрысьціянская злучнасьць «Курапаты» і «Дыярыюш», электроннага архіву «Вытокі», незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці і Арт-Cядзібы.

Выстава будзе адкрытая для наведваньня цягам трох дзён, а ў межах экспанаваньня адбудзецца выступ бардаў Аляксея Галіча і Зьмітра Захарэвіча, а таксама дэманстрацыя дакумэнтальных кінастужак Міхася Жданоўскага і Вольгі Мікалайчык, прысьвечаных Курапатам. Пра падборку экспазыцыйных матэрыялаў Свабодзе паведаміў адзін з арганізатараў выставы, журналіст Марат Гаравы:

Марат Гаравы
Марат Гаравы

«У экспазыцыі будуць прэзэнтаваныя творы мастацтва: жывапісныя, графічныя работы, інсталяцыі. Таксама мы рыхтуем дакумэнтальную частку: фатаздымкі, копіі дакумэнтаў, рэчы абаронцаў Курапатаў 2001–2002 гадоў, газэты, ліставаньні з чынавенствам, судовыя матэрыялы у справе Курапатаў. Гэтым хочам распавесьці, што такое Курапаты, бо многія пра іх нават нічога ня ведаюць, гэтаксама, як і пра сытуацыю, якая склалася вакол Курапатаў. Гэтая імпрэза галоўным чынам скіраваная на тое, каб людзі задумаліся, як і дзе мы жывем, як нам далей жыць і ў якой краіне».

У 1988 годзе археоляг Зянон Пазьняк і інжынэр Яўген Шмыгалёў сабралі факты, успаміны сьведак і надрукавалі ў газэце «Літаратура і мастацтва» артыкул «Курапаты — дарога сьмерці» — гэтак упершыню публічна было абвешчана пра гісторыю Курапатаў. Аўтары паведамлялі, што ў лясным ўрочышчы плошчай больш за 26 гэктараў на ўскрайку Менску ў 1930-я гады савецкія органы бясьпекі расстралялі сотні тысяч ні ў чым не вінаватых цывільных грамадзян. Пра масавыя забойствы жыхароў Беларусі ў Курапатах сьведчаць каля 510 упадзін-магіл, у якіх знаходзяцца парэшткі, паводле розных ацэнак, ад 102 да 250 тысячаў чалавек.

Праз год пасьля адкрыцьця Курапатаў урад тагачаснай БССР прыняў пастанову аб усталяваньні ва ўрочышчы помніка, які б ушанаваў памяць бязьвінна закатаваных. Аднак і праз 27 гадоў гэтая дэклярацыя не атрымала ўвасабленьне ў рэальнае жыцьцё. Таму Курапаты сёньня — гэта народны мэмарыял: рукамі грамадзян — актывістаў, сваякоў рэпрэсаваных — тут усталяваныя больш за тысячу крыжоў. Мэмарыяльны камень у Курапатах паставілі беларускія габрэі, ёсьць крыж памяці ад палякаў, стаіць помнік ад амэрыканскага народу — мэмарыяльная лава, якую ў 1994 годзе тут адкрыў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. У 2013 годзе на сродкі архітэктара Маі Кляшторнай, дачкі расстралянага ў 1930-я гады пісьменьніка Тодара Кляшторнага, у Курапатах усталявана 11 памежных камянёў.

Яшчэ адной мэтай выставы ёсьць абвяшчэньне Нацыянальнага конкурсу на лепшую мэмарыялізацыю Курапатаў, кажа Свабодзе яшчэ адзін з арганізатараў, культуроляг Вацлаў Арэшка:

Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка

«Да гэтага конкурсу мы рыхтуемся ўжо некалькі месяцаў. А ідэя — каб ажывіць цікавасьць да гэтай тэмы перадусім у моладзі. Па-другое — ёсьць тут і практычны момант. Бо ў Курапатах павінен быць створаны мэмарыял з манумэнтальна-мастацкага пункту гледжаньня, не парушаючы таго комплексу, які ўжо склаўся. Конкурс праводзіўся ў 90-гады, былі цікавыя прапановы. Але прайшло больш за дваццаць гадоў, і шмат што зьмянілася з мастацкага і фізычнага пункту гледжаньня. Па-іншаму ўжо ўспрымаецца прастора і мастацтва. І таму мы хочам прапанаваць новай мастацкай супольнасьці ў вельмі шырокім пляне — хочам заклікаць да ўдзелу таксама нават студэнтаў. І прапанаваць ствараць не закончаны мастацкі праект, падрыхтаваны да выкананьня, а па-сутнасьці хочам правесьці конкурс мастацкіх канцэпцыяў, мажлівых знаходак у гэтым кірунку, каб ад гэтага рушыць далей. Я думаю, што ў бліжэйшыя гады ці дзесяцігодзьдзі справа з Курапатамі зьменіцца, як і ва ўсёй нашай краіне, каб мы маглі мець падмурак для далейшых працаў, каб у Курапатах не зьявілася нейкіх недарэчных пабудоў. Мы хацелі, каб грамадзтва думала і бачыла, якім чынам Курапаты — тэрыторыю нашай памяці — ушанаваць і зрабіць пазнавальнай і запамінальнай».

Гісторыя Курапатаў ня толькі трагічная сваёй мінуўшчынай, але і драматычная падзеямі сёньняшніх дзён: зімой 2001–2002 гадоў беларуская моладзь бараніла ўрочышча ад наступу будаўнікоў падчас пашырэньня менскай кальцавой дарогі. Ва ўрочышчы зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў вандалізму, аднак праваахоўныя органы ні разу не затрымалі злачынцаў. А калі ў 2008 годзе некаторых затрымалі грамадзкія актывісты, чыноўнікі нічога не зрабілі, каб іх пакараць. Сіламі грамадзкасьці, у тым ліку судамі, дагэтуль стрымліваецца адкрыцьцё забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол», незаконна ўзьведзенага ў недапушчальнай блізкасьці да ўрочышча. Цяпер актывісты дамагаюцца ўключэньня ў склад мэмарыяльнага комплексу «Дарогі сьмерці», па якой у 1930-я гады людзей вазілі на расстрэл. Адзін зь іх — навуковец-лінгвіст і палітык Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

«Гэта першая за апошнія гады і нават дзесяцігодзьдзі публічная выстава пра Курапаты — адначасна і мастацкая, і дакумэнтальная. Зразумела, што нейкія сэнсацыйныя адкрыцьці на гэтай выставе наўрад ці прадугледжаныя, хоць пэўныя дакумэнты ўсё ж упершыню будуць выстаўленыя для грамадзкага азнаямленьня. І задача выставы — перадусім прыцягнуць наноў увагу грамадзкасьці да праблемы Курапатаў, таго, што іх ігнаруе дзяржава. І, ня могучы зусім сьцерці памяць пра ўрочышча са сьвядомасьці людзей, стараюцца гэтую памяць маргіналізаваць. Мы вяртаем Курапаты ў поле грамадзкай увагі, спалучаем гэтую выставу з анонсам конкурсу на найлепшую канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў. Конкурс мае на ўвазе тое, што народны мэмарыял у Курапатах ужо ёсьць, але яго трэба годна і адпаведна ўкласьці. І ёсьць разьлік таксама на тое, што выстава адбудзецца рэальна, а пасьля яна будзе дзейнічаць і папаўняцца ў віртуальнай прасторы. Што крайне важна для таго, каб і наймаладзейшае пакаленьне таксама далучалася да памяці пра Курапаты і далучалася да іх годнага ўшанаваньня».

Талака ў Курапатах, 23 жніўня 2013 году
Талака ў Курапатах, 23 жніўня 2013 году

Як паведаміў Вінцук Вячорка, па завяршэньні выставы інфармацыя пра Курапаты будзе зьмешчаная на адмысловым інтэрнэт-рэсурсе, які будзе папаўняцца новымі фактамі. Дэманстрацыяй выставы актывісты грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты у абарону Курапатаў» таксама хочуць нагадаць грамадзкасьці, што наперадзе яшчэ праца ў справе адкрыцьця імёнаў забітых ва ўрочышчы людзей, стварэньня Музэю ахвяраў сталінізму.

Выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні» будзе працаваць у Менску 13–15 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG