Сёньня а 23:05 па ўкраінскім часе кіеўскі аэрапорт «Жуляны», які знаходзіцца амаль у цэнтры гораду, прыме першы авіярэйс зь Менску.
Рэйс адноўлены з ініцыятывы ўкраінскага боку ў сувязі з узаемнай забаронай авіяпералётаў паміж Украінай і Расеяй. Гэта будзе трэці рэйс за дзень. Яшчэ два — з аэрапорту «Барыспаль», што за 40 кілямэтраў ад украінскай сталіцы.
Новыя рэйсы будуць штодзённыя, з вылетам зь Менску а 23:05, з Кіева — а 05:15 па мясцовым часе. Кожны пасажыр атрымаў альтэрнатыву — або ехаць цягніком амаль 12 гадзін, або ляцець самалётам усяго адну. Будзе выкарыстоўвацца Boeing 737-300, які мае 130 пасадачных месцаў, у тым ліку 18 — бізнэс-клясу. Кошт квітка вагаецца ад 60 да 138 эўра.
«Раніцай на рэйс у Кіеў было выкуплена 49 месцаў, а з Кіева — 37. Спадзяюся, што на працягу месяца рэйс будзе мець стабільную загрузку», — сказаў прадстаўнік кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец.
Менавіта зь ягонай ініцыятывы тры гады таму рэйсы Менск — Кіеў — Менск праз аэрапорт «Жуляны» скасавалі як нерэнтабэльныя.
«Нядобрае рашэньне» Кіева і Масквы, выгаднае Менску
Прадстаўнік беларускай кампаніі Ігар Чаргінец усяляк пазьбягаў камэнтаваць узаемную ўкраінска-расейскую забарону на авіяпералёты і толькі ахарактарызаваў яе як «нядобрае рашэньне».
Украінскі ж бок адкрыта кажа — палітыка, санкцыі, нічога асабістага. І нават тое, што рэйсы «Белавія» аднаўляюцца менавіта з гэтай прычыны і дазваляюць зарабіць на складанасьцях ранейшым канкурэнтам па небе, не спараджае ў Кіеве нэгатыву.
Генэральны дырэктар украінскай кампаніі «Мастер-Авіа» Аляксей Якавец на пытаньне пра пашырэньне прысутнасьці кампаніі «Белавія» на ўкраінскім рынку пасьля завяршэньня вайны на ўсходзе Ўкраіны і скасаваньня санкцыяў не адказвае адназначна:
«Калі ваш сусед забраў вашу кватэру, як вы зможаце гэта ўрэгуляваць зь ім? Напэўна, толькі тады, калі ён вам яе верне. Я быў бы рады памыліцца, але найбліжэйшым часам я ня бачу магчымасьці вяртаньня анэксаваных тэрыторыяў».
Такім чынам, у кампаніі «Белавія» зьяўляюцца дадатковыя рэйсы, якія могуць быць запоўненыя пасажырамі з Украіны.
«А вам ня крыўдна, што ў такіх складаных умовах „Белавія“ зарабляе на праблемах Украіны?» — спыталіся ў кіраўніка ўкраінскай кампаніі.
«Разумееце, вось прыклад. Запароскі аўтамабільны завод не зарабляе таму, што ўкраінцы езьдзяць на „Фальксвагенах“ і іншых аўтамабілях. Гэта рынак. Рынак паслуг авіяпералётаў, і ў сваёй працы — аэрапорты, авіякампаніі — мусяць думаць пра пасажыраў і пра іхныя зручнасьці. А хто зарабляе — пакуль вось так», — адказаў Якавец.
Прадстаўнік кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец адзначыў, што пашырэньне беларускай авіяпрысутнасьці ва Ўкраіне зьвязанае зь вялікай колькасьцю пасажыраў з Украіны, якім трэба дабрацца ня толькі ў Расею (Маскву, Краснадар, Сочы), а і ў Казахстан, Туркмэністан ды Ўзбэкістан. Ён не выключае, што пасьля адкрыцьця рэйсу Менск — Адэса — Менск, а таксама Менск — Харкаў — Менск (ён зьявіцца 17 сьнежня, таксама ў штодзённым рэжыме), кампанія «Белавія» разгледзіць і магчымасьць арганізацыі рэгулярных авіязносін праз Кіеў з эўрапейскімі краінамі.
Украінскі бок задаволены пашырэньнем супрацы зь беларускай авіякампаніяй. Сёньня ўначы самалёт зь Менску будзе сустракаць каманда найлепшых спотэраў з Украіны. «Белавія» стала другой кампаніяй, для прэзэнтацыі рэйсаў якой украінскі бок залучае фатографаў і адкрывае для здымкаў рэжымны аб’ект.