Крушэньне расейскага самалёта над Сынаем прымушае моцна задумацца пра бясьпеку і беларусаў. Натуральна, ва ўмовах зьніжэньня заробкаў яны хочуць эканомна адпачыць на цёплым моры, а таму падарожнічаюць з расейскімі авіялініямі, карыстаюцца паслугамі шматлікіх расейскіх турапэратараў, часта больш танных, чым беларускія. Як беларусам пазьбегнуць шматлікіх рызыкаў? Дзе ў наш неспакойны час можна па-людзку і адносна нядорага адпачыць, адчуваючы сябе бясьпечна? Гэта ведае экспэрт у галіне турызму, рэдактарка газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік.
Фрагмэнты перадачы:
Вячаслаў Ракіцкі: Наколькі шмат беларусаў выбіраюць паездкі ў адпачынак праз Маскву і іншыя расейскія гарады з расейскімі авіякампаніямі? Больш ці менш, чым самалётамі «Белавія»?
Лілія Кобзік: У розныя гады было па-рознаму. Мы ведалі часы, калі з прычыны нізкіх коштаў ляталі па, так бы мовіць, экзатычных напрамках найперш з Масквы. Тым болей што ў Беларусі іх не было ці было вельмі мала. Але потым «Белавія» стала мяняць карту палётаў. Зьявілася больш прапановаў, найперш на Эгіпет, у Арабскія Эміраты. Стала магчымым зь Менску лятаць і рэйсамі іншых надзейных авіякампаніяў сьвету зь перасадкамі ці наўпрост. У беларусаў стала больш магчымасьцяў. І людзі, якія ляцяць у адпачынак, сталі аддаваць перавагу камфорту.
Ракіцкі: Таньней ці даражэй ляцець з Масквы?
Кобзік: Гледзячы куды ляціш. Сёньня самая гарачая тэма — Эгіпет. І калі зірнуць на цэны, яны не такія вялікія з вылетам зь Менску. Не такія высокія, як было раней. Прыкладна тысяча — тысяча дзьвесьце даляраў на дваіх. Калі паглядзець на маскоўскія цэны, дык, натуральна, можна знайсьці таньней. Але — гэта вылет з Масквы, да якой яшчэ трэба дабрацца. Расейскі рынак мяняецца, і яны самі кажуць, што больш нізкіх цэнаў ня будзе.
Ракіцкі: Але пакуль яны ўсё ж ёсьць. Ці папярэджваюць у беларускіх турфірмах пра рызыкі? Ці можа турыст атрымаць інфармацыю пра авіяперавозчыка, пра тып самалёта, колькі гадоў і кім ён эксплуатуецца?
Кобзік: Турфірмы могуць папярэджваць. Яны валодаюць поўнай інфармацыяй. І да гэтага трагічнага інцыдэнту з расейскім самалётам беларускія турысты пра бясьпеку палёту не задумваліся. А вось гэтымі днямі, турфірмы кажуць, людзі вельмі ўедліва пытаюцца, што за авіякампанія, каму належыць, нават чый капітал, які борт, ці былі і якія ў іх здарэньні? Вядома, у нас ня будзе такога вэрхалу, як у Расеі. Там заўсёды існавала і існуе разбалянсаванасьць, таму што агромністая колькасьць вылетаў, агромністая колькасьць авіякампаніяў, самалётаў, нейкіх гульняў з цэнамі.
Ракіцкі: Дык як тады беларусу пазьбегнуць у гэтым, як вы кажаце, вэрхале непазьбежных рызыкаў?
Купляйце беларускае, лятайце зь Менску
Кобзік: Купляйце беларускае, лятайце зь Менску. Пакуль што мы надзейныя, і мы бачым, што і авіякампаніі, і кансалідатары рэйсаў забясьпечваюць на той жа Эгіпет вылеты належным чынам.
Ракіцкі: Расейскія прадстаўнікі ўладаў з тэлеэкранаў прызнаюць, што няма парадку на іх рынку авіяперавозак. Шмат маленькіх кампаніяў з састарэлымі самалётамі, эканомяць на ўсім, а значыць, на бясьпецы пасажыраў. Цяпер дадаецца пагроза тэрактаў на расейскіх паветраных суднах у зьвязку са зьнешняй палітыкай Масквы, якая ўвязалася ў ваенную авантуру ў Сырыі. Ужо ёсьць меркаваньні, што самалёт або мог быць зьбіты баевікамі «Ісламскай дзяржавы», або ён узарваўся ад закладзенай тэрарыстамі на борце бомбы. Турагенцтвы Беларусі, беларускія пасажыры гэта калі-небудзь зразумеюць?
Кобзік: Сытуацыя няпростая. Бясьпека зьвязаная з эканомікай. Такога дрэннага турыстычнага сэзону яшчэ не было, ні ў нас, ні ў Расеі. Рынак упаў, таму што ў людзей няма грошай... Які турызм бывае ў краінах, дзе сярэдні заробак складае трыста — трыста пяцьдзясят даляраў?! У нас увогуле сярод прыярытэтаў турызм стаіць на шостым ці сёмым месцы. Спачатку дзеці, здароўе, ежа, дом, аўтамабіль, лекі... Потым — турызм. Цяпер, калі грошай не хапае, турызм увогуле адсунуты. Але камусьці адпачыць на моры ўсё ж хочацца. І тады перад ім паўстае пытаньне: ці паляцець танна аднекуль і ўсё ж адпачыць, ці сядзець дома, дзе, да ўсяго іншага, халоднае надвор’е. І ў такім прыціснутым стане чалавек задумваецца: а можа, ужо нічога лепшага ў ягоным жыцьці ня будзе, дый грошай больш ня будзе? І рызыкуе.
Калі выбіраць, дык трэба выбіраць Эўропу
Ракіцкі: Сёньня ў сьвеце неспакойна. Тэрарысты пачалі біць па вельмі балючым — па турызьме, які дае вялікія прыбыткі, які ёсьць сымбалем спакою і радасьці. Крывавыя падзеі на пляжы Тунісу, краіны, дзе адпачынак ня вельмі дарагі, але вельмі якасны, пазбавілі людзей жаданьня ляцець туды. Неспакойна на межах Турэччыны. Цяпер вось Эгіпет. Сёньня Вялікая Брытанія забараніла палёты ў Шарм-аш-Шэйх. Куды ў 2016 годзе падацца ня самаму заможнаму беларусу на адпачынак? Людзі ўжо думаюць пра раньняе браніраваньне...
Кобзік: Калі выбіраць, дык трэба выбіраць Эўропу. Нягледзячы на тое, што мы ўвесь час бачым карцінку з уцекачамі, татальнай праблемы для турыстаў у гэтым зьвязку няма. А ў зьвязку з тым, што апошнім часам упаў курс эўра, Эўропа не такая ўжо і дарагая. У Грэцыі, Італіі, Чарнагорыі, Гішпаніі можна ня так ужо дорага, як мы раней думалі, адпачыць. Але мы павінны глядзець, якая ў нас будзе эканамічная сытуацыя. З заробкам у трыста — трыста пяцьдзесят даляраў у Італію ня выберасься. Але ў Баўгарыю можна. 2016 год будзе вельмі цяжкім годам для турызму. Пакуль турыстычны рынак у Беларусі стаіць. Раньняга браніраваньня практычна няма... Мы бачым добрыя зьніжкі, добрыя бонусы ад апэратараў. Але ўсё праходзіць са скрыпам, бо людзі ня ведаюць, на што ім трэба будзе налета выдаткоўваць грошы і ці да турызму будзе.
Ракіцкі: Такім чынам, выбіраючыся ў адпачынак, трэба думаць і пра свой кашалёк, і пра сваю бясьпеку.
Кобзік: Пра бясьпеку перадусім.