Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі праваабаронца: «Здавалася б, Пуцін ніколі Лукашэнку не дагоніць. А вось бач ты — які спартыўны таварыш!»


 Аляксандар Чаркасаў
Аляксандар Чаркасаў

Сытуацыя з правамі чалавека ў Расеі ў нечым ужо горшая, чым у Беларусі. Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў старшыня Рады расейскага Праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» Аляксандар Чаркасаў.

Міністэрства юстыцыі Расеі абвінаваціла Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» у тым, што яго сябры «падрывалі асновы Канстытуцыйнага ладу РФ, заклікаючы да зьвяржэньня дзейнай улады і зьмены палітычнага рэжыму ў краіне». У якасьці доказаў Мін’юст узгадвае сьцьвярджэньне «Мэмарыялу», што «дзеяньні Расеі супраць Украіны падпадаюць пад азначэньне агрэсіі», а таксама меркаваньне «аб нязгодзе з прысудам, вынесеным Замаскварэцкім раённым судом гораду Масквы па так званай «балотнай справе».

У адказ на абвінавачваньні кіраўнік «Мэмарыялу» Аляксандар Чаркасаў выступіў з заявай, у якой адзначае, што расейскі Мін’юст «прыраўноўвае крытыку ўлады да спробаў яе зьвяржэньня» і тым самым фактычна сам «падрывае асновы Канстытуцыйнага ладу РФ». Паводле ягоных слоў, акт Мін’юста «проста-такі вяртае нас у часы барацьбы савецкай улады з іншадумцамі».

Старшыня Рады расейскага Праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» Аляксандар Чаркасаў патлумачыў Радыё Свабода, што праваабаронцы будуць рыхтаваць пярэчаньне на акт расейскага Мін’юста.

Нельга не захапіцца, якая выдатная машына часу, верагодна, ўсталяваная ў спэцыялістаў Мін’юста, калі яны выдаюць фармулёўкі з нашага «слаўнага» агульнага мінулага.

— Акт праверкі Мін’юста — на 15 старонках. Вядома, там ёсьць цалкам дзівосныя месцы накшталт таго, што мы працытавалі ў нашай заяве, але ёсьць і іншыя, зь якімі можна паспрачацца. Мы будзем рыхтаваць, як і належыць у адпаведнасьці з законам, пярэчаньне на акт праверкі. А пакуль нельга не захапіцца, якая выдатная машына часу, верагодна, ўсталяваная ў спэцыялістаў Мін’юста, калі яны выдаюць фармулёўкі з нашага «слаўнага» агульнага мінулага.

— Чым пагражаюць гэтыя абвінавачаньні «Мэмарыялу»? Якіх наступстваў вы чакаеце?

— Па ідэі, цяпер працэдура палягае ў тым, што мы пасылаем пярэчаньні, калі з чымсьці ня згодныя. Ну, а далей на падставе гэтага дакумэнта могуць быць зробленыя самымі рознымі ведамствамі самыя розныя захады. Мы будзем аналізаваць гэтыя 15 старонак «боганатхнёнага» тэксту і будзем глядзець, чым гэта нам пагражае. Пакуль нашы першыя ўражаньні і эмоцыі — яны ў той заяве, якая была сёньня распаўсюджаная.

— Ці гатовыя вы працаваць на нелегальнай аснове, калі праваабарончы цэнтар будзе пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі, як гэта зрабіў беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна»?

«Мэмарыял» — гэта адкрыта дзеючае аб’яднаньне людзей, якія абмяркоўваюць, выпрацоўваюць і выказваюць сваю думку.

— Існуе найважнейшая свабода — свабода асацыяцыяў. «Мэмарыял» — гэта адкрыта дзеючае аб’яднаньне людзей, якія абмяркоўваюць, выпрацоўваюць і выказваюць сваю думку. Для нас гэта вельмі важна. Вы пытаецеся пра нелегальнасьць — але гэта зусім іншае, гэта тычыцца ня толькі дзяржавы, але і грамадзтва.

Мы ўсімі сіламі пастараемся захаваць легальны статус «Мэмарыялу» і працягнуць працу грамадзкага аб’яднаньня, якое дзейнічае адкрыта.

— Як бы вы ахарактарызавалі сытуацыю з правамі чалавека ў сёньняшняй Расеі ў цэлым?

— Сытуацыя з правамі чалавека ў Расеі вельмі вялікая і ня зводзіцца да гэтага тэксту (акту Мін’юста. — РС), нават калі казаць пра дрэннае.

Так, сытуацыя цяжкая. У тых галінах, дзе працуе Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял», цяжкая, напрыклад, сытуацыя з становішчам мігрантаў — гэта тое, чым займаецца наша праграма «Міграцыя і права» Сьвятланы Ганушкінай. Яна вось ужо больш за 25 гадоў спрабуе палегчыць ня толькі становішча канкрэтных уцекачоў, але і зьмяніць іх прававое становішча — усё-ткі прывесьці сытуацыю ў адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязаньнямі Расеі, і ўзаемадзейнічае пры гэтым зь дзяржаўнымі структурамі.

Мы больш за 20 гадоў працуем на Паўночным Каўказе. У прыватнасьці, тое, чым мы займаемся, можна назваць грамадзянскім кантролем у зоне контратэрарыстычных апэрацыяў. І, ведаеце, нам удавалася ня толькі паўплываць на лёс канкрэтных людзей, але і на палітыку ў галіне барацьбы з тэрарызмам. Вынік нашай працы, як бы гэта нясьціпла ні было, гэта пераход у некаторых рэспубліках Паўночнага Каўказу ад мэтадаў грубай сілы да мэтадаў мяккай сілы, якія ў доўгатэрміновай пэрспэктыве больш эфэктыўныя. Паглядзіце на Інгушэцію — Інгушэція сёньня самая спакойная рэспубліка Паўночнага Каўказу. Гэта вынік пасьлядоўнай палітыкі Яўкурава (кіраўнік Інгушэціі Юнус-бек Яўкураў. — РС), які, замест таго каб дзейнічаць эфэктна, дзейнічаў эфэктыўна і ва ўзаемадзеяньні з грамадзянскай супольнасьцю.

Ва ўсіх галінах нашай працы мы, сутыкаючыся зь вельмі цяжкімі сюжэтамі, спрабавалі ўзаемадзейнічаць зь дзяржструктурамі і мяняць іх палітыку ў бок захаваньня правоў чалавека.

Ва ўсіх галінах нашай працы мы, сутыкаючыся зь вельмі цяжкімі сюжэтамі, спрабавалі ўзаемадзейнічаць зь дзяржструктурамі і мяняць іх палітыку ў бок захаваньня правоў чалавека.

Так, сытуацыя ў Расеі цяжкая, куды ні ткні. Напрыклад, цяжкая сытуацыя ў турмах, але працуюць грамадзкія назіральныя камісіі, наведваюць турмы, і вынік ёсьць — у нейкіх сьледчых ізалятарах ежа зьмянілася на такую, якую можна есьці.

Гэта значыць, тое, што сытуацыя дрэнная, не азначае, што нічога нельга зрабіць. Мы спрабуем рабіць. Пытаньне ў тым, што падобнымі дзеяньнямі Міністэрства юстыцыі, мякка кажучы, не палягчае гэтую працу, што сумна.

— Якія гістарычныя аналёгіі зь сёньняшнім днём вам падаюцца найбольш дарэчнымі?

— Усе аналёгіі карэктныя толькі збольшага. Але я магу нагадаць, што Палітычны Чырвоны Крыж, які ўзначальвала Кацярына Пешкава і які дапамагаў палітвязьням у першыя паўтара-два дзясяткі гадоў савецкай улады, была разагнаны ў студзені 1938 году. Гэта ня самая лепшая аналёгія, можа, ня самая правільная...

— На ваш погляд, дзе сёньня сытуацыя з правамі чалавека горшая — у Расеі ці ў Беларусі?

— Я не спэцыяліст па сытуацыі ў Беларусі, таму мне цяжка параўноўваць. Я лепш буду казаць пра тое, што ведаю.

Магу толькі сказаць, што ў нас, па-мойму, крыху цікавей, і ў чымсьці мы вас абагналі. Хоць, здавалася б, нават Сяргей Адамавіч Кавалёў казаў, што Пуцін ніколі Лукашэнку не дагоніць... А вось бач ты — які спартыўны таварыш!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG