Галоўны трэнэр футбольнай зборнай Беларусі Аляксандар Хацкевіч пра верасьнёўскі матч з камандай Украіны ў Львове:
– Саступілі ў выніку не ў «фізіцы», ня ў тактыцы, а чыста псыхалягічна. ...Сачыў за гульцамі падчас выкананьня гімнаў. Пакуль гралі беларускі, усё было яшчэ больш-менш нармальна. А калі ўся арэна засьпявала ўкраінскі, у двух-трох нашых хлопцаў твары сталі бялейшымі за форму — іх можна было мяняць адразу.
Беларусь унікальная тым, што нацыянальна-арыентаваныя палітычныя, грамадзкія і культурныя дзеячы не змаглі дамовіцца пра гімн. Даўно, на пачатку 1990-х, калі трэба было «учора, а ня сёньня». Як мне цяпер падаецца, носьбіты «сакральнай веды» канкуравалі між сабою – хто ўвойдзе ў гісторыю са сваёй вэрсіяй песьні-сымбалю. Лічы – далучыцца да айцоў-заснавальнікаў беларускай нацыі ХХ ст.
Вэрсій было некалькі, а большасьць людзей папросту ня ведалі гісторыю, у тым ліку варыянты гімну, каб самастойна прымаць рашэньне. Напрыклад – штосьці сьпяваць на мітынгах. Давяралі і чакалі прапанову ад «айцоў». Тое, што мусіла стаць дзяржаўным гімнам, які б вучылі ў школах і чулі праз ТВ і радыё. А ўзгодненай прапановы не было. Таму ў сваім выбары зацікаўленыя, але неабазнаныя, абапіраліся ня столькі на рацыю, колькі на ўласны густ. За чвэрць стагодзьдзя аргумэнты не зьмяніліся ні на ёту.
«Паланэз Агiнскага» быў бы найпрыгажэйшым гiмнам у сьвеце» – чытаю выказваньне фрэндэсы ў фэйсбуку. Ключавое слова – «найпрыгажэйшы». Проста падабаецца.
Уявіце сабе Плошчу, якая сьпявае «Разьвітаньне з Радзімай»:
– Край бацькоўскі, край мой беларускі,
Я табе кажу на разьвітаньне: «Да спатканьня, да сустрэчы».
Я табе кажу на разьвітаньне: «Да спатканьня, да сустрэчы».
Далей можна проста з Плошчы шыхтамі, спыняючыся на сьветлафорах, рушыць у Сьвіслач.
«Не загаснуць зоркі ў небе» – гэта для мяне варыянт гімну. І велічна, і па-за любым кантэкстам», – тлумачыць іншы фрэнд.
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе, –
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
«Край хоць і забраны, але спадзяемся на шанец – дайце крэдыт», – уяўляю міждзяржаўную сустрэчу на вышэйшым узроўні, якая пачалася з узьняцьця дзяржаўнага сьцягу пад дзяржаўны гімн.
Варта мне было кінуць рэпліку ў фэйсбук, як я імгненна атрымаў камэнты з той самай рыторыкай пачатку 1990-х. Але больш як за дваццаць гадоў у жыцьці шмат што зьмянілася. Найперш людзі. «Веда пра беларушчыну» перастала быць сакрэтнай і сакральнай. Цяпер гэтая веда ўсіхная. Для тых, хто захоча. А вось сфэра для публічнага сьпеву звузілася да футбольнага стадыёну.
Як і ў савецкія часы, стадыён стаў адзіным месцам, дзе можна казаць усё, што хочаш – ніхто не пачуе. Гэта калі гаворыш адзін. А калі ўсе разам – гэта ўжо новая сытуацыя.
Заўзятары ня партыя і не арганізацыя, насамрэч – зьлепак грамадзтва як такога: шматаблічнага, вонкава хаатычнага, хутказьменлівага. Дзе ёсьць усё і ўсе – усе прафэсіі, сацыяльныя становішчы, узросты, сьветагляды. Так, ёсьць у руху вялікі складнік моладзевай субкультуры з абавязковым чыньнікам двубояў сьценка на сьценку – па-за футболам. Але на стадыёны прыходзяць усе – розныя.
Сачы – не сачы, пільнуй – не пільнуў, пужай – не пужай: кожны раз розныя. Апроч хлопцаў з «фірмаў» (аб'яднаньняў). Можна лавіць і судзіць гэтых хлопцаў паводле прыдуманых зьвінавачаньняў, зьява застаецца больш шырокай, а таму непадкантрольнай.
Футбол у дадзеным выпадку – гэта як твая краіна, за якую ты заўзееш у кожным выпадку, якой бы яна не была на дадзеным адрэзку часу.
І сьпяваеш гімн. Гімн падтрымкі сваіх і сябе самога.
Які гімн?
Футбол – яскравае ўвасабленьне каманднага спаборніцтва. Давайце ў грамадзка-палітычным лексыконе заменім слова «змаганьне» на «спаборніцтва»: ідэяў, учынкаў, здольнасьцяў, вартасьцяў. Тое, што адбываецца ў жыцьці па-за стадыёнам.
Хіба мы змагаемся з суайчыньнікамі з «таго боку»? Якія тэарэтычна на стадыёне мусяць сьпяваць: «Мы беларусы – мірныя людзі... Эээ... Як там... Леніна... Не... эээ».
Не, мы не змагаемся з гэтымі людзьмі. Мы спаборнічаем зь імі ў нашым бачаньні жыцьця краіны. Уласным прыкладам дэманструем, што сэрца і розум могуць перамагаць страўнік і страх.
Alexander Čajčyc: «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» – самы лепшы варыянт, бадзёры і баявы».
Natali Rossi: «Ну вось, iзноў: «На бой»…«У крывавых муках мы народзiм»… Ня гожа для мiрнай нэўтральнай дзяржавы».
Не нэўтральная Беларусь, і ня мірная. Вельмі мілітарызаваная, мае вайсковы саюз з новым/старым сусьветным агрэсарам.
Ня трэба глядзець на краіны, якія даўно склаліся як нацыі, для якіх гімны – гэта традыцыя, гісторыка-культурная спадчына. У нас далёка да той сытуацыі, калі можна проста славіць «краіну маю дарагую» толькі за тое, што яна ёсьць. За краіну яшчэ трэба пастаяць.
«Мы выйдзем шчыльнымі радамі» цудоўна бачу і на стадыёнах, і на плошчах, і на міжнародных сустрэчах у вярхах. А самае галоўнае – гімн дае непасрэдную пераемнасьць з БНР. Упс. Дык і з БНР пытаньні: «Прызнавалі – не прызнавалі». Тая ж песьня, што і з гімнам. І дыктатарскі рэжым тут не вінаваты.
Амбіцыі «ўладальнікаў веды», мераньне сваімі рацыямі зрабіла так, што да сёньня немагчыма прапанаваць шырокаму колу ані ўцямнай дзяржаўнай пераемнасьці, ані гімну. А шырокае кола з кожным годам робіцца ўсё больш шырокім. Асабліва пасьля Ўкраінскай рэвалюцыі і расейскай агрэсіі.
Пакуль адны «робка прачуцца ва ўцёсах» у страху перад зьменамі, другія паўтараюць мантру «ўсё прапала!», іншыя ня толькі прыдумляюць будучыню Беларусі, але і пашыраюць вольную прастору. Спачатку ў мазгах, а пасьля там, дзе хто чым займаецца.
У гімне «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ёсьць тое, чаго няма ў іншых тэкстах – слова «мы». Не абстрактная аб'ектнасьць, а канкрэтная суб'ектнасьць. Мы: я, ты, ён, яна – тут і цяпер.
Мы ня проста заўзеем за каманду-краіну. Мы і ёсьць каманда.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.