Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як патлумачыць дзіцяці гісторыю беларускай дзяржаўнасьці


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Народ у нас такі», «народ у нас гэткі» – нараканьні ідуць з усіх бакоў: ад кансэрватараў-нацыяналістаў да вышэйшага начальства краіны. Адныя кажуць, што беларускі народ – манкурт, які ня хоча ведаць свае карані, а галоўны начальнік кажа, што народ ня хоча разумець маштаб і геніяльнасьць ягоных задумаў у пабудове сьветлага спажывецкага заўтра.

А народ вельмі розны. Камусьці начальства краіны папросту замінае самому будаваць сваю спажывецкую будучыню. А хтосьці ня можа знайсьці элемэнтарныя адказы ў гісторыі Беларусі. Так, каб можна было патлумачыць свайму дзіцяці-першаклясьніку адным абзацам. Напрыклад, сьцісла намаляваць гісторыю дзяржаўнасьці беларускага народу.

Сьцісла, схематычна – такім сабе міні-коміксам.

Кожны год у раёне 3 траўня ў Беларусі адбываюцца незаўважныя для большасьці дыскусіі вакол Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 году. Можна было б пазначаць гэтыя размовы тэгам «для спэцыялістаў», калі б не адна акалічнасьць. Першаклясьнік так і застаецца без свайго міні-коміксу гісторыі беларускай дзяржаўнасьці. Ужо гадоў дваццаць пяць – з часу, калі тэма адкрыта дыскутуецца ў мэдыйнай прасторы.

Вось ужо гадоў сем, як я штораз у сацсетках пішу адзін кароткі тэкст з прыблізным зьместам:

«Канстытуцыя 3 траўня ліквідавала ВКЛ, і рабіла з Рэчы Паспалітай унітарную дзяржаву Польшчу не з двума, а адпаведна з адным народам – польскім.

У маім разуменьні дзяржаўнасьць Беларусі выглядае наступным чынам. Полацкая дзяржава – ВКЛ – БНР – РБ. Усё, што паміж імі, – часовая акупацыя».

Вядома, гэта прапанова. Можна абмеркаваць, напрыклад, ці браць у схему БССР?

Штораз тэкст зьбірае мноства камэнтароў, дзе гаворыцца пра ненавуковасьць падыходу, пра тое, што ў сярэднявеччы паняткі дзяржавы і нацыі розьніліся ад сучасных, пачынаюцца адсылкі да міжнародных канвэнцый і пагадненьняў, згодна зь якімі, напрыклад, БНР наўрад ці можна лічыць дзяржавай… Ідзе шмат іншых заўвагаў, і ніхто са «спэцыялістаў» не прапануе сваю вэрсію аднаго абзаца для школьніка першага кляса.

Калі дваццаць пяць гадоў таму тэму дыскутавалі некалькі соцень чалавек, то цяпер падобныя дыскусіі выглядаюць недарэчнасьцю. Спадарове, хай навукоўцы, узброеныя мікраскопамі і рознымі канцэптамі далей працягваюць вывучаць-дасьледаваць гісторыю – гэта іх работа. Але як можна наракаць на абстрактны народ, калі вы ня можаце між сабою дамовіцца на адзін абзац для дзяцей? ))

Канстытуцыя 1791 году была сымбалічным актам, які не паўплываў на бягучую сытуацыю. Частка Рэчы Паспалітай была ўжо акупаваная, а да поўнага зьнікненьня канфэдэрацыі Абодвух народаў заставалася зусім няшмат.

Гэта прыблізна як з абвяшчэньнем БНР, якое таксама сталася сымбалічным актам ва ўмовах чужой вайсковай прысутнасьці.

Толькі калі надышоў час аднаўляць дзяржаву, палякі ў 1918 годзе не вагаліся, а аднавілі тую саму канстытуцыю, ад якой іх аддзяляла цэлых сто дваццаць сем гадоў!

Яны не размазвалі кашу па талерцы ў пошуках адказу: а ці правільная тая канстытуцыя, а ці многа хто яе прызнаў, а ці не пакрыўдзяцца нашы суседзі за такі «радыкальны» падыход? Аднавілі канстытуцыю, і пачалі дзейнічаць.

Цяпер у Беларусі я назіраю ўладальнікаў ведаў пры адсутнасьці волі. І наадварот – людзей з воляй да стварэньня свайго, але ня ўзброеных элемэнтарнымі гістарычнымі ведамі. Таму яны часта ўпадаюць у ступар, калі суседзі пачынаюць сыпаць сваімі гістарычнымі мітамі. Адчуваць сябе чужымі на сьвяце нацыянальных адраджэньняў.

Магчыма, людзям, якія ў тэме ўжо больш за чвэрць стагодзьдзя, і якія маюць волю да нацыябудаваньня, патрэбна нанова ствараць простыя і зразумелыя ўсім прадукты. На ўзроўні коміксаў, ці кароткіх мультоў.

У адваротным выпадку вечна разгубленыя шукальнікі гістарычнай ісьціны могуць працягнуць свае дыскусіі разам зь іншымі ў сталыпінскім вагоне па дарозе на Калыму-2.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG