Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты-2015. Хто ў ААН, хто па мяса: адметныя сюжэты перадвыбарнай гонкі


Сёлетнія прэзыдэнцкія выбары маюць усе шанцы стаць самымі сумнымі за апошнія дваццаць год. Свабода зрабіла кароткі агляд найбольш яркіх падзеяў у кандыдацкім жыцьці кожнага з прэтэндэнтаў

Аляксандар Лукашэнка: Сфоткаўся з Абамам і падражніў Пуціна

Па колькасьці яскравых эпізодаў за час кампаніі дзейнаму кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку няма роўных. Зоркі шчасьліва склаліся так, што менавіта ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнка паляцеў у Нью-Ёрк, выступіў у ААН і разам з сынам Мікалаем сфатаграфаваўся з амэрыканскім прэзыдэнтам Баракам Абамам і ягонай жонкай Мішэль.

Аляксандар Лукашэнка (другі справа) з сынам Мікалаем фатаргафуецца з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам (крайні справа) і яго жонкай Мішэль
Аляксандар Лукашэнка (другі справа) з сынам Мікалаем фатаргафуецца з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам (крайні справа) і яго жонкай Мішэль

Мікалай Лукашэнка стаў зоркай сусьветных СМІ ў ролі ці не наймалодшага дэлегата ў залі ААН. А сам Лукашэнка мае ўсе шанцы зацьміць славу знакамітай італьянскай дэпутаткі Лучыі Ранзулі, якая гадавала сваю дачку на паседжаньнях Эўрапарлямэнту.

Толькі пра Лукашэнку сёлета напісалі народную песьню, і пра яго ж бясьпеку клапаціліся інтэрнэт-карыстальнікі, разьмясьціўшы фота, дзе ён не прышпіліўся ў аўто.

Сам народны герой чарговым разам заявіў сябе як надзейнага партнэра і абаронцу сувэрэнітэту, зьдзівіўшыся размовам пра тое, адкуль у Беларусі можа быць расейская ваенная база.

Фраза кампаніі: «Не расслабляйцеся».

Сяргей Гайдукевіч: «Жыве Беларусь!» з гармонікам

Сяргей Гайдукевіч падчас перадвыбарчакага пікету на Камароўцы
Сяргей Гайдукевіч падчас перадвыбарчакага пікету на Камароўцы

Вэтэран прэзыдэнцкіх спаборніцтваў і амаль афіцыйны «спарынг-партнэр» Аляксандра Лукашэнкі, 61-гадовы Гайдукевіч заўжды быў схільны да экстравагантных учынкаў. Нездарма ягоны намесьнік па Лібэральна-дэмакратычнай партыі і давераная асоба на сёлетніх выбарах — заснавальнік тэатру сатыры і гумару «Хрыстафор» Яўген Крыжаноўскі. У 2010-м партыя заклікала людзей у дзень выбараў пайсьці ў цырк.

Сёлетняя кампанія Гайдукевіча прайшла бязь лішняга імпэту, але з музыкай. На пікеце каля Камароўкі ў падтрымку лідэра лібэрал-дэмакратаў гралі на гармоніку і гітары. Кагосьці зьдзівілі традыцыйныя інтэр’еры ў доме Гайдукевіча з дыванамі і скуранымі канапамі, а Сяргей Навумчык задаўся пытаньнем, адкуль у кандыдата ўзяліся 22 тысячы даляраў на катэдж.

Апроч іншага, Гайдукевіч выявіўся фанатам культавага сэрыялу «Star Trek», бібліяфілам і рыбаловам.

Выступаючы па тэлебачаньні, Гайдукевіч выгукнуў слоган «Жыве Беларусь!» Але на тэледэбаты кандыдат не зьявіўся, таму слоган давялося паўтарыць ягонаму сыну Алегу Гайдукевічу.

Фраза кампаніі: «Жыве Беларусь!»

Мікалай Улаховіч: Бабры, баптысты, ісламісты

Мікалай Улаховіч на сустрэчы з выбарцамі ў Віцебску
Мікалай Улаховіч на сустрэчы з выбарцамі ў Віцебску

Нават самаму прастадушнаму ўдзельніку прэзыдэнцкай кампаніі, 64-гадоваму казацкаму «палкоўніку» Мікалаю Ўлаховічу не ўдалося ажывіць сёлетнюю прэзыдэнцкую кампанію. Хоць выказваньні намесьніка старшыні Менскага абласнога спажывецкага саюзу разыходзіліся на коўбы і афарызмы, адцягнуць на сябе ўвагу яму аказалася не пад сілу. Можа, таму на адну з апошніх ягоных сустрэчаў у Гародні, дзе жыве больш за 360 тысяч чалавек, не прыйшло і дзясятка.

Мікалай Дзьмітрыевіч ад прэзыдэнцкай кампаніі стаміўся яшчэ да яе пачатку. Да таго ж упэўнены прыхільнік ідэі «Крым — гэта Расея» і беларуска-расейска-ўкраінскага брацтва, казак Улаховіч пасьлядоўна заблытваў сваіх выбарцаў. Так, ён заявіў, што Багдановіч — «польскі паэт», а «ісламістаў» пераблытаў з «баптыстамі».

Улаховіч запомніцца беларусам сьмеласьцю сваіх ідэяў («Чаму б у Беларусі не паспрабаваць ударныя будоўлі? Можа, паход у Арктыку ці Антарктыду?»); як сябар рыбаловаў і паляўнічых («Ужо бабёр перашкаджае нашай рыбагадоўлі, а кабан — сельскагаспадарчым пасевам») і ўпэўнены эканаміст «Нам ня трэба капіталістычная сыстэма, ня трэба рынкавая. Я — за капіталізм. Нармальны, добры капіталізм».

Фразы кампаніі: «Баптысты мяне ня так зразумелі!», «Бабёр перашкаджае рыбагадоўлі».

Тацяна Караткевіч. «Мацька» з грыбом

Тацяна Караткевіч падчас пікету па зборы подпісаў ля ўнівэрсаму "Цэнтральны"
Тацяна Караткевіч падчас пікету па зборы подпісаў ля ўнівэрсаму "Цэнтральны"

У 38-гадовай кандыдаткі не было шанцаў застацца незаўважнай. Адзіны сёлетні кандыдат «без вусоў» і першая жанчына-кандыдат — ужо гэтым Караткевіч запэўніла сабе прыкметнае месца ў гісторыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Кандыдатка паіла студэнтаў кавай, хадзіла ў тэатар і на закупы ў «Цэнтральны» ўнівэрсам.

Выявілася, што з усіх кандыдатаў Тацяна жыве ў самых сьціплых умовах — трохпакаёвай кватэры ў далёкай менскай Чыжоўцы, якую сям’я кандыдаткі дзеліць з маці. Найбольш уразіла жыхароў беларускага сеціва, што на кухні ў Тацяны жыве «чайны грыб». Гэты фэномэн абмяркоўваўся з большым імпэтам, чым нечаканае далучэньне да каманды нікому не вядомай кандыдаткі эканаміста Сяргея Чалага.

«Калі яна выступае — гэта рэальны транс. Усе гэтыя настаўніцкія інтанацыі, сумешчаныя з псыхатэрапіяй: усё будзе добра, прыцісну да грудзей, боль супакою», — апісваў Чалы сваю падапечную.

За час кампаніі Караткевіч адзначылася некалькімі прыкметнымі выразамі. «Лукашэнка стаміўся, яму трэба адпачыць», — заявіла кандыдатка ў сваім выступе па БТ, і «шок ёсьць, а тэрапіі няма», — у тым жа выступе.

Яе абвінавачвалі ў хлусьні і называлі «падсаднай качкай». А сацапытаньні аддаюць Караткевіч, якая заявіла пра свае палітычныя амбіцыі за некалькі месяцаў да кампаніі, рэйтынг, роўны рэйтынгам Аляксандра Мілінкевіча ў 2006-м і Ўладзімера Някляева ў 2010-м.

Фраза кампаніі: «Лукашэнка стаміўся, яму трэба адпачыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG