Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрася Губарэвіча будуць судзіць за «Жыве Беларусь» і «Ганьба»


Мітынг супраць разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы ў Беларусі, плошча Свабоды ў Менску, 4 кастрычніка 2015 году
Мітынг супраць разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы ў Беларусі, плошча Свабоды ў Менску, 4 кастрычніка 2015 году

Намесьніка старшыні руху «За cвабоду» Юрася Губарэвіча будуць судзіць за ўдзел у мітынгу супраць расейскай авіябазы, які адбыўся ў Менску 4 кастрычніка.

Напярэдадні позна ўвечары ў міліцыі Цэнтральнага раёну Менску на яго склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 адміністрацыйнага кодэксу аб парушэньні парадку правядзеньня масавых акцыяў. Як паведаміў Свабодзе Юрась Губарэвіч, у міліцыю яго выклікалі праз тэлефанаваньне, прычым шукалі нават праз тэлефоны дзяцей, а пратакол склалі а 20-ай гадзіне вечара:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Я вырашыў ісьці, бо не лічу сябе правапарушальнікам і мне няма чаго хавацца. У мяне ўзялі тлумачэньні, а пратакол ужо быў складзены паводле стандартнага абвінавачваньня аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Мяне, у прыватнасьці, вінавацяць за выкрыкі лёзунгаў „Жыве Беларусь“ і „Ганьба“. Натуральна, што я не прызнаў ніякай віны, але мяне папярэдзілі, што буду выкліканы ў суд. Калі і як гэта адбудзецца, міліцыянты вытлумачыць ня здолелі. Верагодна, што выклічуць праз смс-паведамленьне, як гэта цяпер часта практыкуецца. Я гатовы ўдзельнічаць у судзе, каб выказаць нязгоду і з пратаколам, і з самім судом, яго рашэньнем».

Адносна ўдзелу ў мітынгу «Шэсьце Нацыянальнага сьцяга», абвешчанага на 10 кастрычніка, Юрась Губарэвіч паведаміў:

«Удзел у наступным мітынгу не зьвязаны з папярэднім мітынгам, пратаколамі ці судамі. Іншая рэч, што разам з паплечнікамі зь іншых палітычных структураў, мы плянавалі, што асноўны акцэнт мітынгу будзе супраць разьмяшчэньня расейскіх ваенных базаў. На жаль, ніхто з калегаў, з кім мы падпісалі супольны зварот да грамадзтва, ня быў папярэджаны пра іншы сцэнар — стварэньне нейкага грамадзкага руху. Таму існуе пэўны скепсіс адносна далейшых імпрэзаў, пакуль ня будзе адноўнены давер і пакуль мы ня будзем дзейнічаць празрыста і адкрыта, прынамсі, адно да аднаго.

Мы абмяркоўваем гэтую сытуацыю ў рамках руху „За свабоду“ і, напэўна, значная частка нашых сяброў возьме ўдзел у наступных іпрэзах. Аднак, як арганізацыя, мы б не хацелі браць на сябе цяпер адказнасьць і падзяляць адказнасьць за акцыі, дакладныя сцэнары якіх мы ня ведаем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG