Значэньне клайпедзкага порту для эканомікі Беларусі нашмат павялічыцца пасьля таго, як запрацуе беспрэцэдэнтны праект «Новы шаўковы шлях».
Калі цяпер порт Клайпеды пераважна выкарыстоўваецца дзеля транзыту беларускіх грузаў, найперш калійных угнаеньняў, у далёкія краіны сьвету, то пасьля запуску «Новага шаўковага шляху» кітайскія грузы для Беларусі будуць морам перавозіцца ў Клайпеду, а адтуль чыгункай у Беларусь.
Пра такія магчымасьці сёньня шмат гаварылі ўдзельнікі Беларуска-літоўскага транспартнага форуму, які пачаўся ў Менску.
Стасіс Гудваліс, намесьнік генэральнага дырэктара літоўскай чыгункі, заявіў, што літоўцы хочуць паглыбіць акваторыю порту да 17 мэтраў. Гэта дасьць магчымасьць прымаць буйныя караблі, а значыць — зьменшыць транспартныя выдаткі.
Марскі шлях дастаўкі грузаў — самы танны, але займае адносна шмат часу. Таму разглядаюць і магчымасьць чыгуначных перавозак зь Літвы ў Кітай. Літоўцы прапануюць два маршруты, і абодва не абмінаюць Беларусь.
На сёньняшняй сустрэчы закраналася і праблема пасажырскіх перавозак. Першы намесьнік начальніка Беларускай чыгункі Ўладзімір Міхайлюк заявіў, што цяпер чыгуначнікі абедзьвюх краін маюць магчымасьць скараціць шлях паездкі зь Менску ў Вільню і наадварот зь дзьвюх з паловай гадзін да дзьвюх гадзін роўна. Дзеля гэтага трэба электрыфікаваць адзін з адрэзкаў шляху.