Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дагаспадарылася прэзыдэнцкая „вэртыкаль“ да таго, што ўсё развальваецца на вачах...»


Тэма, якая ў гэтыя дні часта гучыць у перадвыбарчых выступах кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, — беспакаранасьць і бескантрольнасьць чыноўнікаў, якія ва ўмовах аўтарытарнай улады надзеленыя вялізнымі паўнамоцтвамі і пры гэтым амаль ніяк не залежаць ад сымпатыяў і антыпатыяў выбаршчыкаў.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Аляксандар Вайцяшонак з Астравецкага раёну піша:

«Улады заспакойваюць сябе: карупцыя ёсьць усюды, у тым ліку і на Захадзе. Так, ёсьць, але не ў такіх маштабах. Вось узяць хоць бы вясковых жыхароў. Людзі там маюць ва ўласнасьці зямлю, лес. Ім не даводзіцца даваць хабар, каб атрымаць лепшы надзел ці лепшы ўчастак для высечкі. Многія вясковыя пэнсіянэры здаюць сваю зямлю ў арэнду і маюць добрую дабаўку да пэнсіі. А ў нас? Уся надзея толькі на добрага дзядзьку-чыноўніка зь вялікімі кішэнямі і заграбастымі рукамі.

Увогуле, нашы чыноўнікі вельмі добра ўладкаваліся: увялі для сябе адмысловыя высокія пэнсіі, нібыта ў іх нейкія выключныя заслугі перад дзяржавай. А астатнім — 2–3 мільёны, і жывіце як хочаце.

Пры гэтым пры налічэньні пэнсіі ўлічваюцца толькі апошнія 19–20 год. А папярэднія гады, калі заробкі былі высокія, ня ўлічваюцца: маўляў, тады не адлічваліся грошы ў пэнсійны фонд. Але ж людзі не вінаватыя, што за савецкім часам была іншая сыстэма адлічэньняў. Грошы ж зь іх усё роўна спаганяліся, няхай і не ў адмысловы фонд.

За іхныя падаткі моладзь тады магла бясплатна вучыцца, атрымліваць стыпэндыі, карыстацца падручнікамі. Сыстэма аховы здароўя была бясплатная. А цяпер жа за ўсё даводзіцца плаціць, нават калі фармальна яно нібыта і бясплатнае.

І пэнсіі ў „маладых“ пэнсіянэраў заўважна ніжэйшыя, чым у тых, хто выходзіў на пэнсію 20 год таму. Пры тым, што раней пэнсіянэр мог трымаць сьвіней, а гэта ў вёсцы — вялікая справа. Цяпер жа ўлады трымаць сьвіней амаль паўсюль забараняюць, змагаючыся з чумой, а сала ў краме — 100 тысяч за кілё.

Вось такія рэаліі нашай паўсядзённасьці — праўдзівай, а ня той, якую паказвае БТ», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Аляксандар Вайцяшонак з Астравецкага раёну.

Калі б у Беларусі зямля была вернута былым гаспадарам ці іхным нашчадкам, напэўна, многія сёньняшнія вясковыя пэнсіянэры таксама маглі б мець зь яе прыбытак, здаўшы ў арэнду альбо прадаўшы. Прынамсі, ведаю, што на Беласточчыне тамтэйшыя вясковыя беларусы менавіта так і паступілі, калі ім у выніку рэстытуцыі вярнулі зямлю, што належала іхным бацькам і дзядам да таго, як яе забралі камуністы.

Праўда, вяртаньне маёмасьці, зямлі і лесу былым уласьнікам пры цяперашняй уладзе выглядае чымсьці неверагодным: Лукашэнка даўно з гэтым вызначыўся. У выніку чужой, па сутнасьці, уласнасьцю распараджаюцца чыноўнікі, і гэта сапраўды спараджае маштабную карупцыю.

Аўтар наступнага ліста Аляксандар Лешык з Баранавічаў распавёў, як паспрабаваў удзельнічаць у агітацыйнай выбарчай кампаніі і што з гэтага выйшла. Слухач піша:

«Ішоў я нядаўна па гарадзкой плошчы. Бачу, ля кінатэатру выставілі партрэт Лукашэнкі, а актывісты БРСМ ды нейкія расейскія правакатары заклікаюць моладзь галасаваць за нашага незьмяняльнага. Ну, я падышоў і сказаў, што пра ўсё гэта думаю — і пра ўзурпацыю ўлады, і пра тое, да чаго даведзена краіна за 21 год ягонага цараваньня, і пра насьледнага прынца Мікалая... Словам, давёў аргумэнты да адпаведнай высновы: судзіць трэба за такія вынікі. І што ж тут пачалося! Накінуліся на мяне, як шалёныя сабакі. Пачалі выклікаць міліцыю, схапілі за рукі і выштурхалі з гэтага месца. Вось такая дэмакратыя!

А пра нашы так званыя «выбары» ўсё ўсім нармальным людзям даўно зразумела. Ніякіх выбараў пры гэтай уладзе няма і быць ня можа. Створана такая сыстэма, пры якой ніякай альтэрнатыве дарогі не дадуць. Усё гэта, напэўна, яшчэ доўга б цягнулася, ды толькі ёсьць у гэтай улады такі вораг, зь якім яна ня можа справіцца, колькі б амапаўцаў у яе ні было. І вораг гэты — эканоміка. Дагаспадарылася прэзыдэнцкая «вэртыкаль» да таго, што ўсё развальваецца на вачах,а людзі зь месяца ў месяц бяднеюць. І рана ці позна гэта прывядзе да таго, што народ скажа: «Досыць!», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Аляксандар Лешык з Баранавічаў.

Можа, і ня варта было вам, спадар Аляксандар, выступаць са сваёй палымянай выкрывальніцкай прамовай перад заўзятымі прыхільнікамі рэжыму. На іншую рэакцыю з боку гэтых людзей цяжка было разьлічваць. Яшчэ добра, што ўсё скончылася параўнальна мірна.

Увогуле, гэтая выбарчая кампанія малазаўважная, асабліва ў рэгіёнах. Вельмі вялікі адбітак наклалі на яе, з аднаго боку — драматычныя падзеі ва Ўкраіне, а з другога — востры эканамічны крызіс. Раней падчас такіх кампаніяў улада шчодра раздавала падарункі і абяцаньні: падвышала заробкі і пэнсіі, праводзіла ўсебеларускія сходы з удзелам перадавікоў вытворчасьці, разгортвала перад грамадзтвам маляўнічыя пэрспэктывы: адно толькі абяцаньне заробку ў тысячу даляраў да 2015 году чаго было вартае... А сёлета — цішыня: ні падвышак, ні ўсенародных сьвяткаваньняў, ні выразных пэрспэктываў (няхай і падманных ды невыканальных, але хоць бы ўсьцешных)... Засталося хіба толькі адно дасягненьне: «Затое ў нас няма вайны!». Але для трыюмфальнай перамогі (а да іншых Лукашэнка не прывык) гэтага, здаецца, ужо малавата.

_______________________________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG