Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супернікі Лукашэнкі зарэгістраваныя кандыдатамі, але асуджаныя на ганебную паразу...»


Выбарчая кампанія, якая павінна завяршыцца 11 кастрычніка, выклікае ў беларускім грамадзтве супярэчлівыя ўражаньні і ацэнкі. З аднаго боку, фактычна ні ў кога няма сумневу, хто будзе абвешчаны пераможцам; з другога — пытаньне пра ўдзел у гэтай кампаніі апазыцыйнага кандыдата стала прадметам апантаных спрэчак і нават сварак.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на выбарчую тэму. Наш слухач Анатоль Чачотка зь Менску піша:

«Мільярды рублёў трацяцца на правядзеньне выбарчай кампаніі — вялізныя сумы! І навошта, калі ўсе загадзя ведаюць, што вынікам стане абвяшчэньне чарговай „элегантнай“ перамогі Лукашэнкі з вынікам ня меншым, чым 80 працэнтаў „за“!

А між тым і ў Менску, і ва ўсёй краіне тысячы людзей жывуць у нечалавечых умовах. Ці ня лепш было б патраціць гэтыя грошы на тое, каб хоць крыху палепшыць іхнае жыцьцё? Будзем спадзявацца, што на гэтую праблему зьвернуць увагу ў сваіх выступах сёлетнія супернікі Лукашэнкі — зарэгістраваныя кандыдатамі, але асуджаныя на ганебную паразу. У такім выпадку хоць якая карысьць будзе ад іхных выступаў!

Раіў бы кандыдатам таксама зьвярнуць увагу на становішча нас, шараговых пэнсіянэраў. У той час як былыя вайскоўцы і чыноўнікі атрымліваюць прыстойныя пэнсіі, мы, іхныя аднагодкі, што працавалі на заводах, фабрыках, у шпіталях і школах, вымушаны існаваць у галечы. Адпрацаваў ты 40 год (а то і больш), адлічваючы са сваіх заробкаў грошы ў пэнсійны фонд, а пэнсія — 185 даляраў, а ў многіх і меншая. І як пражыць на гэтыя грошы?

У нас любяць да месца і не да месца згадваць прыклад Грэцыі, якая, маўляў, гібее ў галечы і ня можа выкараскацца з даўгоў. Дык там пэнсіянэр атрымлівае ў сярэднім 500 эўра (ці каля 600 даляраў). Нам бы іхныя беды!» —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Анатоль Чачотка зь Менску.

У верасьні, якраз перад прэзыдэнцкімі выбарамі, пэнсіі ў Беларусі трохі падвысяць — у сярэднім на пяць працэнтаў. Улады хваляцца, што ў выніку сярэдняя пэнсія складзе 2 мільёны 810 тысяч (гэта 157 даляраў паводле бягучага валютнага курсу). Яшчэ год таму ў пераліку на валюту беларускія пэнсіянэры атрымлівалі напалову больш.

Зразумела, што ў беларускай дзяржавы сёньня няма грошай на тое, каб падтрымліваць ранейшы ўзровень пэнсійнага забесьпячэньня. Але ў такіх умовах тым больш слушна гучаць папрокі, выказаныя Анатолем Чачоткам. Чаму былы чыноўнік, які ўсё жыцьцё праседзеў у службовым кабінэце, атрымлівае адмысловую пэнсію памерам 500 даляраў, а былы інжынэр, які 40 гадоў адпрацаваў на вытворчасьці, — 185 даляраў? Дзе тут сацыяльная справядлівасьць?

Аўтар наступнага ліста, Андрэй Дзятлаў з Полацку, зь цікавасьцю сочыць за тым, што адбываецца ў суседняй Расеі, і спрабуе спрагназаваць, якім чынам эканамічнае і палітычнае аслабленьне гэтай краіны можа адбіцца на тых дзяржавах, якія ад яе моцна залежаць. Слухач піша:

«Цэны на рэсурсы зьніжаюцца, асабліва на нафту. Заходнія санкцыі дзейнічаюць, і дзейнічаюць эфэктыўна. А ў Расеі між тым — вялізная армія сілавікоў, спэцслужбаў, супрацоўнікаў МНС. Іх там у пераліку на колькасьць насельніцтва значна больш, чым у любой эўрапейскай краіне. І ўсе яны нічога не прадукуюць, а толькі патрабуюць пастаянных выдаткаў зь бюджэту.

Дадайце сюды пастаяннае выцісканьне ў эміграцыю найбольш адукаваных, прадпрымальных, вольналюбівых людзей, што таксама зусім не спрыяе эканамічнаму і культурнаму ўздыму. І што атрымаем на выхадзе?

А найбольш трывожна: што будзе, калі ў Расеі скончацца рэсурсы? Сілавікі тут жа пойдуць у крымінал — нават не здымаючы мундзіры ды пагоны. Пуцін і ягоныя грошы зьнікнуць у невядомым кірунку. Расея будзе ахоплена хаосам, які скончыцца, хутчэй за ўсё, паўзучай калянізацыяй з боку Кітаю. За кавалачак хлеба і баланду сёньняшнія ахвяры расейскай прапаганды будуць будаваць для кітайцаў дарогі, выпампоўваць рэшткі нафты ды пілаваць рэшткі лясоў.

І што тады будзе зь Беларусьсю?» —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Андрэй Дзятлаў з Полацку.

Прыродныя рэсурсы Расеі настолькі вялізныя, што скончацца яшчэ яўна ня хутка, спадар Андрэй. І зусім ужо апакаліптычныя сцэнары выглядаюць сёньня ня надта пераканаўчымі. Тым ня менш эканамічнае і палітычнае аслабленьне расейскага аўтарытарнага рэжыму — навідавоку. Колішняя вялізная імпэрыя, якая на працягу апошняга стагодзьдзя так да канца і не распалася, апынаецца перад чарговым выпрабаваньнем. Імпэрскіх амбіцыяў і фантомных боляў па-ранейшаму шмат, а рэсурсаў, каб утрымліваць пад сваім кантролем колішнія падуладныя тэрыторыі — усё меней. У падобнай сытуацыі ў мінулым стагодзьдзі паднявольныя нацыянальныя ўскраіны двойчы выкарыстоўвалі зручны момант, каб вырвацца з жалезных абдымкаў Масквы. У выніку на палітычнай мапе сьвету з таго часу зьявіліся больш за паўтара дзясятка новых дзяржаў.

____________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG