Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шампанскае, парлямэнт, сымболіка, расстрэлы... Што б зрабілі вядомыя беларусы, стаўшы прэзыдэнтам?


Вядома, што зробяць кандыдаты ў прэзыдэнты — яны маюць праграмы. А што б зрабілі тыя, хто не зьбіраецца (прынамсі, сёлета) балятавацца ў прэзыдэнты?

Юры Зісер, бізнэсовец, заснавальнік TUT.BY:

Юры Зісер
Юры Зісер

«Даў бы свабоду бізнэсу. Чацьвертую дырэктыву (пра разьвіцьцё прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляваньне дзелавой актыўнасьці ў Беларусі. — РС) падняў бы і ўвёў рэальна ў дзеяньне. Ці выдаў бы новую, ці падняў бы старую. І адстаўка ўраду, гэта аўтаматычна».

Яўген Ліпковіч
Яўген Ліпковіч

Яўген Ліпковіч, блогер:

«Хутчэй за ўсё, для пачатку сымбалі страчаныя вярнуць. Дакладней, набытыя ў момант незалежнасьці. Цяжка сказаць, ці трэба праводзіць рэфэрэндум, ці трэба рабіць гэта загадам прэзыдэнта. Калі прыходзіў да ўлады Лукашэнка, ён казаў „рэвалюцыйнымі мэтадамі“. Дык хай рэвалюцыйнымі мэтадамі. А далей, канечне, эканоміка. І пасьлядоўна расстрэлы з продажам квіткоў».

Мікалай Чаргінец
Мікалай Чаргінец

Мікалай Чаргінец, пісьменьнік, старшыня афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі:

«Запрасіў бы іншага прэзыдэнта са мной разам прэзыдэнцтваваць, каб не рабіць памылак. Цяперашняга прэзыдэнта, бо пры любых выдатках краіна ідзе слушным курсам. Парадак у краіне, не дапушчана брыдотаў. Людзі хацелі б атрымаць тысячу даляраў... Але ведаюць, што атрымаюць зарплату, курс вывераны. Чаго тут яшчэ хацець? Хацець нечага іншага значыць шкодзіць разьвіцьцю дзяржавы».

Саша Раманава
Саша Раманава

Саша Раманава, журналіст, галоўны рэдактар KYKY.ORG:

«Я б пачала з такой рызыкоўнай штукі, як разьвянчаньне культу „саўка“ — Савецкага Саюзу. Мо не ў такой агрэсіўнай форме, але Леніна на цэнтральнай плошчы гораду не павінна быць ужо даўно. І гэтае мысьленьне савецкага тыпу — зь ім трэба нешта рабіць».

Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч, пісьменьнік:

«Урачыста б адмовіўся ад сваёй пасады і перадаў бы гэтыя паўнамоцтвы якой-небудзь разумнай беспартыйнай беларускамоўнай жанчыне з эўрапейскім дыплёмам і шэнгенскай візай».

Аляксандар Мядзьведзь
Аляксандар Мядзьведзь

Аляксандар Мядзьведзь, спартовец, трохразовы алімпійскі чэмпіён у вольнай барацьбе, віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту:

«Яшчэ адну Алімпіяду выйграў бы! Дык усё нармальна ж, усе патрэбы алімпійцаў задаволеныя. Цяпер у парадку падрыхтоўка да Алімпіяды, трэба заваёўваць ліцэнзіі, каб трапіць на Алцімпіяду, перамагаць на чэмпіянатах сьвету, на турнірах. Для краіны самае галоўнае, каб болей алімпійцаў трапіла на Алімпіяду. Нават прэзыдэнт пра гэта казаў у сваім выступе».

Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык

Андрэй Курэйчык, рэжысёр, кінасцэнарыст і драматург:

«Я б проста скасаваў гэтую пасаду першым жа загадам. Гэта непатрэбная нашай краіне пасада. Зрабіў бы парлямэнцкую рэспубліку. Каб не было спакусы ў такіх людзей займаць пасаду, руліць краінай, як яму хочацца, а каб было нармальнае, дэмакратычнае парлямэнцкае кіраваньне».

Аляксандар Кулінковіч
Аляксандар Кулінковіч

Аляксандар Кулінковіч, музыка, лідэр Neuro Dubel:

«Выпіў бы шампанскага — думаю, гэта зрабіў бы кожны. А нейкія загады... Першым чынам я пачаў бы думаць, каго запрасіць у дарадцы, ня стаў бы рабіць ніякіх загадаў. Калі я выстаўляўся, мяркуецца, што ў мяне ёсьць каманда з граматных людзей. Сабраў бы нараду гэтай каманды, паглядзелі б, што рабіць і каго запрашаць, якіх людзей, якія будуць рухаць краіну. Асноўная задача прэзыдэнта — каардынаваць высілкі прафэсіяналаў, а ня быць прафэсіяналам ва ўсіх галінах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG