Дзіўна, як тасуецца калода, але ўплыў гэтай традыцыі адчуваецца і сёньня: менавіта адтуль вырастае канцэптуальная мэтафара Плошчы.
Артыкулы ў эпоху дэкадансу ледзь не на палову складаліся з словаў зь вялікай літары і шматкроп'яў... Клясыкі беларускага мысьленьня пасьлядоўна ўводзілі ў свае тэксты Песьняра, Красу, Адраджэньне, за імі ж паўтаралі паплечнікі, дадаючы Край, Народ і іншыя сур’ёзныя рэчы, ператвараючы іх у сакральныя аб’екты амаль рэлігійнага значэньня. Важнасьць гэтых адозваў і маніфэстаў для разьвіцьця літаратурнай мовы нельга пераацаніць. Спалучаліся яны й з канкрэтнымі палітычнымі праграмамі, якія карэлявалі з дыскусіямі ў царскай Дзяржаўнай Думе.
Выцягнутая са спэцсховаў напрыканцы 1980-х гадоў клясыка беларускага нашаніўства і бээнэраўства, факсымільным і рэпрынтным спосабам памножаная ў дзясятках тысяч капеечных паасобнікаў, зрабіла велізарны стылістычны ўплыў на палітычную рыторыку эпохі паўставаньня незалежнасьці. Фактычна сама хада беларускамоўнай палітычнай публіцыстыкі, перш за ўсё фронтаўскай, была запазычаная зь мінулага – разам зь вялікімі літарамі і сымбалямі эпохі дэкадансу. Пункты праграмы губляліся на фоне экспрэсіўнага сынтаксу, зразумелага й звычнага чытачам сотню гадоў таму і нейкім чынам сугучнага жыхарам эпохі зьнікненьня савецкай імпэрыі.
Цэнтральнай тут стала канцэптуальная мэтафара Адраджэньня: абсалютна сымбалісцкая канстатацыя народнай сьмерці. Атмасфэру цемры й жуды мусіць асьвяціць сваім удзелам эпічны герой, асілак, чараўнік, надзелены звышнатуральнымі здольнасьцямі. «Мы зьяўляемся дзейнымі асобамі, героямі чараўнічай песьні, чудатворчай містэрыі, якую тварыць на Беларусі паклікала нас само жыцьцё», – пісаў у 1920 годзе Янка Купала. Адсюль жа і «Паўстань, з народу нашага, Прарок...» (Пясьняр, Ваяк і, зразумела ж, Уладар). Выбаўленьне з путаў мусіць прынесьці Геній, і ён, як правіла, мужчынскага роду й племені.
Трэба ўрэшце сказаць, што ў мэркантыльным ХХІ стагодзьдзі гэтыя мэтады не працуюць. Адраджэньне бачыцца нейкім электрашокам, якім трэба з усяе моцы ціснуць і ціснуць, каб пацыент ажыў. Аднак мёртвым ніхто з электарату сябе ня лічыць, і, у прынцыпе, мае на гэта біялягічнае права.
Тое самае з мэтафарай Плошчы, якая, хоць і паўстала на хвалі абодвух украінскіх Майданаў, па-ранейшаму зьвязаная пупавінай з сымбалісцкімі часамі беларускай палітычнай думкі. Украінскі Эўрамайдан на самым пачатку, у лістападзе 2013 году, ставіў уладзе вельмі канкрэтныя патрабаваньні: падпісаньне падрыхтаванай асацыяцыі з Эўразьвязам, адстаўка ўраду Азарава за нацыянальную здраду і, у выпадку адмовы, імпічмэнт прэзыдэнту.
Калі адгарнуць гісторыю расейскага пратэставага руху найноўшага часу (2010-х гадоў), то можна пабачыць зусім канкрэтныя задачы й лёзунгі, зь якімі лідэры ідуць на мітынгі. Скажам, вядомая акцыя на Балотнай плошчы ў Маскве 10 сьнежня 2011 году мела назву «За сумленныя выбары». 6 траўня 2012-га прайшоў «Марш мільёнаў» з асноўнымі лёзунгамі «За сумленную ўладу! За Расею бяз Пуціна!». Праз колькі дзён, 20 верасьня, расейская апазыцыя ладзіць новае шэсьце пад назваю «За зьмяняльнасьць улады». Усё проста й лягічна: хіба можа легітымная, усенародна абраная ўлада забараняць мітынг з такім лёзунгам? Зрабіўшы гэта, яна аўтаматычна пазбаўляе сябе легітымнасьці і фактычна пратэстуе супраць абвешчанай у назве «зьмяняльнасьці». Ёсьць у арганізатараў і канкрэтныя патрабаваньні, якія будуць дыскутавацца падчас мітынгу: безумоўны доступ на выбары для апазыцыі, спыненьне вайны, адмена цэнзуры, вызваленьне палітвязьняў, барацьба з карупцыяй.
Магчымая Плошча 11 кастрычніка і будучыя Дзень Волі, Чарнобыльскі Шлях, як выглядае з найноўшых прамоваў беларускіх палітыкаў, не прадугледжваюць ніякіх патрабаваньняў – прынамсі яны ў апошнія часы ня ставяцца больш-менш выпукла. «За адкрыцьцё трох беларускіх школак і садкоў у кожным райцэнтры»; «За адкрыты доступ да падліку галасоў на кожных выбарах»; «За Беларусь без расейскіх вайсковых базаў» – нават самыя сьціплыя, памяркоўныя лёзунгі адсутнічаюць. Галоўнае тут – вялікая літара, сакральнае значэньне, момант асабістага катарсісу ад разуменьня ўдзелу ў тварэньні містэрыі.
Як казаў Партос, «я б’юся таму, што я б’юся».