Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра малдаўскі Майдан: калі пазьбегнуць правакацыяў, то ніякіх сілавых сцэнараў быць ня можа


Пратэсты ў Кішынёве
Пратэсты ў Кішынёве

Палітоляг Оазу Нантой канстатуе, што ў малдаўскім грамадзтве назапасіўся вялікі пратэстны патэнцыял, але сілавы варыянт разьвіцьця падзей не прагназуецца.

Дырэктар праграмаў кішынёўскага Інстытуту грамадзкай палітыкі, экс-дэпутат малдаўскага парлямэнту Оазу Нантой у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што пратэсты ў Кішынёве ня сталі нечаканасьцю — яны нарасталі ўжо даўно.

Грамадзянская плятформа «Годнасьць і праўда», якая арганізавала цяперашнія пратэсты, была створана ў лютым 2015 году і паставіла перад сабой задачу аб’яднаць пратэстныя настроі ў грамадзтве і чыніць ціск на ўладу, каб дабіцца саступак. «Годнасьць і праўда» ўжо правяла шэраг пратэстных акцыяў у красавіку, траўні, чэрвені і вось цяпер у верасьні, і кожны раз яны зьбіралі ўсё больш удзельнікаў.

Оазу Нантой
Оазу Нантой

«Грамадзтва прыйшло да высновы, што Рэспубліка Малдова — захопленая дзяржава. Гэта значыць, дзяржаўныя інстытуты не функцыянуюць тут паводле заканадаўства і Канстытуцыі краіны, а падпарадкоўваюцца нетранспарэнтным палітычным указаньням, якія прыпісваюцца ў асноўным Уладу Плахатнюку (Улад Плахатнюк — алігарх, якога лічаць „шэрым кардыналам“ малдаўскай палітыкі. — РС), які фармальна займае пасаду віцэ-старшыні Дэмакратычнай партыі Малдовы. Гэтыя пратэстныя настроі абвастрыліся ў сувязі з тым, што ў малдаўскай банкаўскай сыстэме адбыўся рэзанансны крадзеж, называецца лічба каля 1 млрд даляраў, і гэты крадзеж адбіўся на сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне: рэзка абясцэнілася нацыянальная валюта, рэзка ўзрасьлі цэны, рэзка ўзрасьлі тарыфы на электраэнэргію, газ і цяпло. Усё гэта падагравала пратэстныя настроі», — кажа палітоляг.

Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на пратэсты, — падпісанае Малдовай у мінулым годзе Пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам:

«У грамадзтве таксама распаўсюджана меркаваньне, што малдаўскія алігархі ня хочуць укараненьня эўрастандартаў у Малдове, таму што баяцца, што малдаўская судовая сыстэма, пабудаваная паводле эўрапейскіх стандартаў, непазьбежна дабярэцца і да іх».

Дзясяткі тысяч мітынгоўцаў у Кішынёве, 6 верасьня 2015 году
Дзясяткі тысяч мітынгоўцаў у Кішынёве, 6 верасьня 2015 году

Паводле ацэнкі Оазу Нантоя, учора на плошчы Вялікага Нацыянальнага сходу ў Кішынёве сабралася 40–70 тысяч пратэстоўцаў — плошча была цалкам запоўненая.

«Хачу таксама падкрэсьліць, што сёньня ніводная палітычная партыя Малдовы ня здольная арганізоўваць такія пратэстныя акцыі, што кажа пра крызіс самой палітычнай сыстэмы Малдовы. Можна, вядома, крытыкаваць Грамадзянскую плятформу за магчымую нерэалістычнасьць іхніх патрабаваньняў, але цалкам відавочна, што цяперашняя ўлада ўжо ня можа прыкінуцца, што нічога не адбываецца, ня можа ігнараваць дыялёг з Грамадзянскай плятформай. Застаецца толькі спадзявацца, што гэтая захопленая дзяржава, якой зьяўляецца Рэспубліка Малдова, будзе вернута грамадзтву і малдаўская дзяржава пераадолее гэты ўнутраны крызіс, да якога мы прыйшлі пад праэўрапейскімі лёзунгамі», — кажа палітоляг.

Нантой падкрэсьлівае, што пытаньне будучыні пратэстаў застаецца адкрытым:

«Калі ўлада ўсьведамляе, што ігнараваньне гэтых пратэстных настрояў можа прывесьці да значна больш сур’ёзных наступстваў, і ўлада пачне ў партнэрстве з грамадзянскай супольнасьцю рэалізоўваць шэраг рэформаў, тады гэты пратэст, відавочна, будзе трансфармаваны і грамадзтва будзе рыхтавацца да наступных парлямэнцкіх выбараў, што можа прывесьці да зьнікненьня шэрагу палітычных партыяў і зьяўленьня новых праектаў. Але пакуль што, паводле ўжо няпісанай малдаўскай традыцыі, на цэнтральнай плошчы былі пастаўленыя палаткі, і пытаньне, якім будзе далейшае разьвіцьцё сытуацыі, застаецца адкрытым».

Пры гэтым Оазу Нантой упэўнены, што малдаўская ўлада ня пойдзе на сілавы разгон пратэстоўцаў.

«Гэта непазьбежна павернецца супраць самой улады, — падкрэсьлівае ён, — Яна і так мае праблемы зь легітымнасьцю з таго моманту, калі мы гаворым пра тое, што Малдова — захопленая дзяржава. І тут, вядома, важна пазьбегнуць правакацыяў. Учора, напрыклад, на мітынгу зьявілася група, якая паводзіла сябе досыць агрэсіўна — гэта прыхільнікі так званага „Чырвонага фронту“, які ўзначальвае Рыгор Пятрэнка, што доўгі час быў сябрам партыі камуністаў і ідэнтыфікуецца таксама з рухам „Антыфа“, актывісты якога ганебным чынам вешалі георгіеўскія стужкі на плот украінскай амбасады ў той момант, калі Ўкраіна зазнавала расейскую агрэсію. Але калі пазьбегнуць правакацыяў, то, на мой погляд, ніякіх сілавых сцэнараў быць ня можа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG